– А як жа, мадмуазэль, але гэта яго сястра… Страшэнна падобная…
– Бедны хлопчык! Каб я была смялейшай, я б вас папрасіла прывесці яго ў фае хоць адзін раз, каб ён мне сам перадаў свае фіялачкі.
– Яшчэ чаго! Не раю вам, мадмуазэль. Гэтыя тэатральныя кавалеры, калі з імі не цацкацца, – мілыя людзі, ніякай шкоды ад іх. Яны любяць актрыс здалёку, на сцэне, і гэтым задавальняюцца… А калі іх хоць капельку прылашчыць, яны адразу пачынаюць чапляцца, і тады проста жах… Дай ім кончык пальца, схопяць далонь, працягні далонь, руку адарвуць… Вам смешна, мадмуазэль, а я маю горкі вопыт. Я ўжо гадоў дваццаць служу тут. Нагледзеўся!.. Бачыў каля дзвярэй і закаханых дзяўчатак… І ашалелых дзецюкоў… І лысых, і сівых… Заўсёды прымаў ад іх і кветкі, і лісты, але каб пускаць іх наверх – нізашто.
– Ваша праўда, Бернар… Будзем раўнадушнымі, асцярожнымі і жорсткімі.
– Гэта не жорсткасць, мадмуазэль, а жыццёвая мудрасць.
Мінула некалькі тыдняў. Кожную сераду Жэнні акуратна атрымлівала букецік фіялак. У тэатры ўжо ўсе ведалі гэту гісторыю. Адна з сябровак сказала Жэнні:
– Бачыла твайго студэнта… Нішто сабе з твару, рамантычны… Гатовы тыпаж на ролю ў камедыі Мюсэ «З каханнем не жартуюць».
– А як ты пазнала, што ён мой?
– Якраз сышла ўніз у той момант, калі ён, саромеючыся, прасіў дзяжурнага перадаць табе кветкі: «Паважанай панне Жэнні Сарб'е, калі ласка…» Мне ён спадабаўся. Далікатны хлапчына, разумны, баіцца быць смешным і не ўмее схаваць свайго захаплення… Я нават пашкадавала, што ён не да мяне прыходзіць… Я б яго так не выпусціла, аддзякавала б… Заўваж, ён нічога не просіць, нічым цябе не турбуе… Каб я была табою…
– Ты б яго прыняла?
– Так, але ненадоўга… Не першы тыдзень ён сюды ходзіць. Хутка вакацыі. Ты паедзеш… Ніякай рызыкі, што ён прывяжацца…
– Твая праўда, – згадзілася Жэнні. – Гэта проста глупства не заўважаць паклоннікаў, калі іх многа і яны маладыя, каб потым, гадоў праз трыццаць, бегаць за імі, калі яны ўжо засвецяць лысінамі і ў большасці адвернуцца.
У той жа вечар, выходзячы, яна сказала вартаўніку:
– Бернар, у наступную сераду, калі студэнт з Політэхнічнага прыйдзе з фіялкамі, скажы, каб ён мне іх сам прынёс пасля трэцяга акта… Я іграю ў «Мізантропе». Пераапранацца мне не трэба… Я буду ў прыбіральні і прыму яго… Не! Я буду чакаць яго ў калідоры каля лесвіцы… Альбо, можа, у фае.
– Добра… А мадмуазэль не баіцца?..
– Чаго баяцца? Дзён праз дзесяць я еду на гастролі, а гэтага хлопца з вучэльні не пусцяць.
– Добра, мадмуазэль… Але ўсё ж, на мой погляд…
У прызначаную сераду Жэнні міжвольна іграла Селімену з асаблівым запалам, каб спадабацца незнаёмаму. У антракце, зацікаўленая і ўзрушаная, села ў кутку фае і чакала. Навокал шпацыравалі прывычныя наведвальнікі. Рэжысёр нешта тлумачыў Бланш П'ерсон, тагачаснай саперніцы Жэнні. Але чорны з пазалотай мундзір нідзе не паказваўся. Узнерваваная, нецярплівая, яна пабегла да білецёраў:
– Мяне ніхто не пытаў?
– Ніхто, мадмуазэль.
– Сёння серада, і павінны быць фіялкі. Можа, Бернар забыў іх перадаць?.. Непаразуменне нейкае…
– Непаразуменне!.. Якое непаразуменне, мадмуазэль?.. Калі жадаеце, я схаджу да дзяжурнага.
– Схадзіце… Альбо лепш, не трэба. Выходзячы, я пабачу Бернара сама.
Яна пачала здзекавацца з сябе: «Ну і жывёліны ж мы! Месяцаў шэсць я амаль не звяртала ўвагі на яго бескарысную адданасць і раптам, не знайшоўшы паднашэння ад занядбанага мною паклонніка, растрывожылася, як нявеста, страціўшы жаніха. Ах, Селімена, пашкадуеш ты Альцэста, калі ён з вялікім болем адыдзе ад цябе!»
Пасля спектакля яна спусцілася ў дзяжурку:
– Ну што, Бернар? Як мой кавалер? Вы не пасылалі яго да мяне?
– Усё роўна як назнарок, мадмуазэль… Сёння ён не прыходзіў. Першы раз, калі вы мелі ласку згадзіцца прыняць яго, у першую сераду цераз паўгода – на табе, не з'явіўся.
– Дзіўная рэч! Можа, яго хто папярэдзіў і ён спалохаўся?
– Напэўна, не, мадмуазэль. Апроч вас і мяне, пра гэта ніхто не ведаў… Вы ж нікому не гаварылі? Ну, а я тым болей… Я нават сваёй жонцы ні слова.
– Тады як вы гэта тлумачыце?