– Ах, Жэнні, пабудзьце яшчэ!
Жэнні Сарб'е на званым снеданні трымалася бліскуча. Анекдоты і гісторыі, расказаныя з артыстычным запалам і скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргаваліся безупынна. Госці Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылі па-за межамі часу ў палоне шчаслівых хвілін.
– Не, ужо амаль чатыры гадзіны, і сёння якраз серада… Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фіялкі свайму кавалеру.
– Які жаль! – прамовіў ён гучным абрывістым голасам, што так падабаўся на сцэне. – Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.
Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалі ёй руку. Развітаўшыся, Жэнні выйшла, і ўсе хорам пачалі яе хваліць.
– Гэта проста дзіва! Колькі ёй гадоў, Леон?
– Пад восемдзесят. Калі я быў дзіцем і мая маці вадзіла мяне на класічныя ранішнікі ў Камедзі-Франсэз, Жэнні была ўжо славутай мальераўскай Селіменай. А я, самі бачыце, не юнак.
– Талент не мае ўзросту, – прамовіла Клер Менетрые. – А што гэта за гісторыя з фіялкамі?
– О, ды тут цэлы раман, які яна мне аднойчы расказала і нідзе ёю не запісаны… Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не на маю карысць.
– Вядома! Параўнанні – рэч шкодная. Але мы вашы госці, вы абавязаны нас займаць і павінны замяніць Жэнні Сарб'е, якая нас кінула.
– Добра! Я паспрабую… Раскажу вам гісторыю з фіялкамі ў сераду. Баюся толькі, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу…
– Давайце, давайце! – падбадзёрыў Бертран Шміт. – Наш час прагне шчырых эмоцый. Ён толькі зверху прыкрыты грубасцю, нутро ў яго далікатнае.
– Вы так думаеце? Ну, што ж!.. Я наталю вашу смагу… Вы ўсе тут мала пажылі яшчэ, каб помніць веліч і красу даўнейшай Жэнні Сарб'е. Яе пышныя рыжаватыя валасы, што хвалямі спадалі на мармуровыя плечы, яе пільны, прытоены позірк, рэзкі, нават жорсткі голас, які раптам ламаўся, увесь наліты пачуццямі, выдзялялі і падкрэслівалі сілу яе духу, яе гордае хараство.
– Цудоўны маналог, Леон!
– Магчыма. Толькі з моды выйшаў… Дзякую за падтрымку… У кансерваторыі ў 1895 годзе яна атрымала прэмію і адразу ж была запрошана ў Камедзі-Франсэз. На жаль, я ведаю па сабе, як цяжка трымацца ў гэтым славутым тэатры. Рэпертуарныя амплуа строга замацаваны за пэўнымі асобамі, якія іх раўніва ахоўваюць. Самая здольная служанка можа дзесяць гадоў чакаць, пакуль ёй дадуць нешта вартае з Мальера альбо Марыво. Жэнні Сарб'е, абаяльная, прыгожая, наткнулася на каменную сцяну жанчын, праслаўленых, учэпістых. Усякая другая пакарылася б і тапталася на месцы альбо праз два гады перакачавала б у тэатр на Вялікіх Бульварах. Але не такой натуры была наша Жэнні. Яна дала бой. На гэта яна мабілізавала ўсё: свой талент актрысы, культуру, прывабнасць, свае цудоўныя валасы.
Вельмі хутка яна паднялася ў тэатры на самы высокі ўзровень. Дырэктар быў ад яе ў захапленні. Драматургі патрабавалі, каб асабліва адказныя ролі даручаліся ёй і нікому больш. Крытыкі, як згаварыўшыся, курылі ёй фіміям. Нават грозны Сарсэ пісаў: «Яе міміка і жэсты могуць зачараваць і кракадзіла».
Мой бацька, які ведаў яе ў той час, казаў мне, што яна страшэнна любіла сваю прафесію, была ўзброена тэарэтычна і шукала новых, асабліва выразных спосабаў паказу. У той час тэатр спаўзаў на пазіцыі наіўнага рэалізму. Калі ў якой-небудзь п'есе Жэнні павінна была атруціцца, яна наведвала бальніцы і вывучала спецыфіку смерці ад яду. Для выяўлення належных пачуццяў яна рабіла эксперыменты з сабой. У справах мастацтва яна не саромелася, як Бальзак, які для сваіх раманаў выкарыстоўваў сябе альбо пачуцці любімай жанчыны.
Можаце сабе ўявіць, колькі было паклоннікаў у дзяўчыны дваццаці двух год у росквіце яе прыгажосці і славы. Прабавалі падступіцца і артысты, і пісьменнікі, і банкіры… Адзін з банкіраў, Анры Сталь, стаў яе абраннікам. І не таму, што ён быў багаты. Яна жыла ў сваёй сям'і і была забяспечана. А таму, што ў яго таксама была немалая прывабнасць, а галоўнае, ён абяцаў з ёю ажаніцца… Вы ведаеце, што шлюб гэты адкладваўся, бо не давалі згоды бацькі жаніха, і толькі праз тры гады Жэнні выйшла замуж за Сталя. Пражылі яны разам нядоўга. Яе незалежны характар не мог мірыцца з сямейнымі абавязкамі… Але гэта ўжо іншая гісторыя. Вернемся да Камедзі-Франсэз, да дэбютаў нашай паважанай сяброўкі… і фіялак.
Уявіце сабе артыстычнае фае ў вечар аднаўлення з удзелам Жэнні «Багдадскай прынцэсы» Дзюма-сына. П'еса гэта мае значныя недахопы – і ў мяне, прыхільніка яго моцна скампанаваных п'ес, такіх, як «Паўсвет», «Друг жанчын», «Франсіён», развязны Дзюма «Чужаземкі» і «Багдадскай прынцэсы» выклікае ўсмешку. Але ўсе, хто бачыў Жэнні ў ролі прынцэсы, сцвярджаюць, што яна стварыла праўдзівы вобраз. Пра гэта я з ёю гаварыў не раз. Цікава тое, што яна паверыла ў вобраз. «У тыя гады, – казала яна мне, – я даволі арганічна думала так, як гераіня Дзюма-сына, і мне здавалася вельмі дзіўным выстаўляць напаказ пры поўным святле самае запаветнае, свае душэўныя перажыванні». Дадайце яшчэ, што ў гэтай ролі яна магла распусціць валасы і паказаць свае цудоўныя плечы. Адным словам, гэта было ўвасабленне хараства.
Дык вось, пасля авацый, у антракце яна адпачывала ў фае. Вакол яе натоўп. Шчаслівая Жэнні сядзела на ўслоне каля Анры Сталя і з натхненнем шчабятала пра сваю перамогу.
– Вось так, даражэнькі Анры!.. Цяпер мая лодка на вадзе. Ёсць чым дыхаць… Тры дні назад вы мяне бачылі. Дрэнна іграла, праўда?.. Плюхалася, як у лужыне… Танула… Рот быў залеплены… І вось гэты вечар… Збіраю ўсе сілы, скачок – і я на паверхні!.. Скажыце, Анры, а што, калі я правалюся ў апошнім акце, не выцягну да канца? Божа мой, божа мой!
Увайшоў білецёр і падаў ёй кветкі.
– Ад каго?.. А! Ад Сэн-Лу… Ваш сапернік, Анры… Занясіце ў маю прыбіральню.
– Тут вам ліст, мадмуазэль, – сказаў білецёр.
Яна разгарнула лісток і гучна засмяялася:
– Гэта ад ліцэіста… Ён мне піша, што ў сваёй школе яны заснавалі Жэнні-клуб.
– Тады ўвесь Жакей-клуб перабяжыць у Жэнні-клуб, – пажартаваў Анры.
– Ліцэісты мне падабаюцца больш, чым аматары верхавой язды. О! І гэты канчае паэзіяй… Слухайце, мой друг:
Міла… да немагчымасці!..
– Вы будзеце яму адпісваць?