За ноч ахова некалькі разоў змянялася. Твараў не памятаю, яны ў форме ўсе аднолькавыя. А аднаго… Я яго і цяпер пазнала б на вуліцы, я пазнала б яго па вачах. Не стары і не малады, мужчына як мужчына, нічога асаблівага. Што ён рабіў? Ён расчыняў дзверы аўтазака насцеж і доўга трымаў іх так, яму падабалася, калі мы пачыналі дрыжэць ад холаду. Усе ў куртачках, боты танныя, мех штучны. Глядзеў на нас і ўсміхаўся. У яго не было такога загаду, ён сам дзейнічаў. Па сваёй ініцыятыве. А іншы міліцыянт сунуў мне «снікерс»: «На, вазьмі. І чаго ты паперлася на гэтую плошчу?» Кажуць, каб гэта зразумець, трэба чытаць Салжаніцына. Калі я вучылася ў школе, я брала ў бібліятэцы «Архіпелаг ГУЛАГ», але ён мне тады не зайшоў. Тоўстая і нудная кніга. Старонак пяцьдзясят прачытала і кінула… Нешта далёкае-далёкае, як Траянская вайна. Сталін — збітая тэма. Я, мае сябры — мы мала ім цікавіліся…
Першае, што з табой адбываецца ў турме… З тваёй сумачкі вывальваюць на стол усе рэчы. Адчуванне? Нібы цябе распранаюць… І ў літаральным сэнсе распранаюць таксама: «Зняць ніжнюю бялізну. Рассунуць ногі на шырыню плячэй. Прысесці». Што яны шукалі ў мяне ў анусе? Абыходзіліся з намі, як з вязнямі. «Тварам да сценкі! Глядзець у падлогу!» Увесь час загадвалі глядзець у падлогу. Ім страшна не падабалася, калі глядзіш у вочы: «Тварам да сценкі! Я ска-а-за-а-ў — тварам да сцяны!» Усюды строем… І ў прыбіральню вадзілі строем: «Пастроіцца ў калону адзін за адным». Каб усё гэта вытрымаць, я паставіла бар’ер: тут — мы, а тут — яны. Допыт, следчы, паказанні… На допыце: «Ты павінна напісаць: «Цалкам прызнаю сваю віну». — «А ў чым я вінаватая?» — «Ты што! Не разумееш? Ты ўдзельнічала ў масавых беспарадках…» — «Гэта была мірная акцыя пратэсту». Пачынаецца ціск: выключаць з інстытута, маму звольняць з працы. Як яна можа працаваць настаўніцай, калі ў яе такая дачка? Мама! Я ўвесь час думала пра маму… Яны гэта зразумелі, і кожны допыт пачынаўся са слоў: «мама плача», «мама ў бальніцы». І зноў: назаві прозвішчы… Хто ішоў з табой побач? Хто раздаваў улёткі? Падпішы… назаві… Абяцаюць, што ніхто не будзе пра гэта ведаць і адразу адпусцяць дадому. Трэба выбіраць… «Я нічога вам не падпішу». А ўначы я плакала. Мама ў бальніцы… (Маўчыць.) Здраднікам стаць лёгка, бо маму любіш… Не ведаю, ці вытрымала б я яшчэ месяц. Яны смяяліся: «Ну што, Зоя Касмадзям’янская?» Маладыя хлопцы, вясёлыя. (Маўчыць.) Мне страшна… Мы з імі ходзім у тыя ж крамы, сядзім у тых жа кавярнях, ездзім у адным метро. Усюды разам. У звычайным жыцці няма выразнай мяжы паміж «намі» і «імі». Як іх вызначыць? (Маўчыць.) Раней я жыла ў добрым свеце, яго ўжо няма, і яго не будзе.
Цэлы месяц у камеры… За ўвесь гэты час ні разу не бачыла люстэрка. У мяне было маленькае, але яно пасля дагляду рэчаў знікла з сумачкі. І партманэтка з грашыма знікла. Піць увесь час хацелася. Невыносная смага! Піць давалі толькі разам з ежай, а ў астатні час: «Піце з прыбіральні». Іржуць. Самі п’юць фанту. Мне здавалася, што я ніколі не спатолю смагу, на волі застаўлю халадзільнік мінералкай. Мы ўсе смярдзючыя… памыцца няма дзе… У кагосьці знайшоўся маленькі флакончык духоў, перадавалі адна адной і нюхалі. А дзесьці нашыя сябры пішуць канспекты, сядзяць у бібліятэцы. Здаюць залікі. Успаміналася чамусьці рознае глупства… Новая сукенка, якую я ні разу не апранула… (Засмяялася.) Даведалася, што радасць прыносіць такая дробязь, як цукар ці кавалачак мыла. У камеры на пяць чалавек — трыццаць два квадратныя метры, нас сядзела сямнаццаць. Трэба было навучыцца жыць на двух метрах. Асабліва цяжка было ўначы, дыхаць няма чым. Доўга не спалі. Размаўлялі. Першыя дні пра палітыку, а потым толькі пра каханне.
«…не хочацца думаць, што яны робяць гэта добраахвотна»
(размовы ў камеры)
«…Усё адбываецца па тым жа сцэнары… Па коле ўсё круціцца. Народ — гэта статак. Статак антылоп. А ўлада — ільвіца. Ільвіца выбірае са статку ахвяру і забівае яе. Астатнія скубуць сваю траву, азіраючыся на ільвіцу, якая выбірае чарговую ахвяру, ва ўсіх палёгка, калі ільвіца ахвяру заваліць: «Не мяне! Не мяне! Можна жыць далей».
«…Я любіла рэвалюцыю ў музеі… Рамантычны быў настрой. Гуляла ў казку. Мяне ніхто не клікаў, я сама пайшла на плошчу. Цікава было ўбачыць, як рэвалюцыя робіцца. Атрымала за гэта дубінкай па мазгах і па нырках. На вуліцу выйшла моладзь, гэта была «рэвалюцыя дзяцей» — так яе назвалі. Так цяпер кажуць. А бацькі нашыя засталіся дома. Сядзелі на кухнях і гаварылі пра тое, што мы пайшлі. Перажывалі. Ім страшна, а ў нас няма савецкіх успамінаў. Мы пра камуністаў толькі ў кніжках чыталі, у нас страху не было. У Мінску жыве два мільёны чалавек, колькі нас выйшла? Тысяч трыццаць… А тых, хто глядзеў, як мы ішлі, было больш: стаялі на балконах, сігналілі з машын, падбадзёрвалі: давайце, маўляў, хлопцы! Давайце! Заўсёды больш тых, хто сядзіць з бутэлькай піва каля тэлевізара. Так вось і ўсе… Пакуль на вуліцах толькі мы, інтэлігентныя рамантыкі, гэта не рэвалюцыя…»
«…Думаеце, што на страху ўсё трымаецца? На міліцыі і дубінках? Памыляецеся. Кат з ахвярай можа дамовіцца. Гэта засталося ў нас з камуністычных часоў. Існуе маўклівая згода. Кантракт. Вялікая дамова. Людзі ўсё разумеюць, але маўчаць. За гэта яны хочуць атрымліваць прыстойны заробак, купіць хоць бы патрыманую «Аўдзі» і адпачываць у Турцыі. Паспрабуй загавары з імі пра дэмакратыю, правы чалавека… Кітайская грамата! Тыя, хто жыў у савецкі час, адразу пачынаюць успамінаць: «Нашыя дзеці думалі, што бананы растуць у Маскве. А паглядзі, што цяпер… Сто гатункаў каўбасы! Якая яшчэ свабода патрэбная?» Шмат хто і сёння хоча ў Савецкі Саюз, але каб каўбасы было поўна».
«…А я выпадкова сюды трапіла… Апынулася на плошчы з сябрамі за кампанію, захацелася патусавацца сярод плакатаў і шарыкаў. А калі шчыра… мне адзін хлопец там спадабаўся. На самой справе, я абыякавы глядач. Выкінула з галавы ўсякую палітыку. Блін, надакучыла гэтае змаганне дабра і зла…»
«…Загналі нас у нейкі барак. Ноч стаялі на нагах тварам да сцяны. Раніцай: «На калені станавіся!» Стаялі на каленях. Каманда: «Устаць! Рукі ўгору!» То рукі за галаву, то сто прысяданняў. То стаяць на адной назе… Навошта яны гэта рабілі? Для чаго? Спытайся ў іх — не адкажуць. Ім дазволілі… яны адчулі ўладу… Дзяўчынак ванітавала, прытомнасць гублялі. Першы раз выклікалі на допыт, я смяялася следчаму ў твар, пакуль ён не сказаў: «Я цябе зараз, дзетачка, адтрахаю ва ўсе дзіркі і кіну ў камеру да крымінальнікаў». Я не чытала Салжаніцына, і следчы, думаю, яго не чытаў. Але мы ўсё ведалі…»
«…Мой следчы — адукаваны чалавек, скончыў той жа ўніверсітэт, што і я. Высветлілася, што мы адны і тыя ж кніжкі любім: Акунін, Умберта Эка… «Адкуль, — кажа ён, — ты ўзялася на маю галаву? Я займаўся карупцыянерамі. Мілая справа! З імі ўсё зразумела. А з вамі…» Неахвотна ён робіць сваю справу, саромеецца, але робіць. Такіх тысячы, як ён: чыноўнікі, следчыя, суддзі. Адны б’юць, іншыя хлусяць у газетах, трэція арыштоўваюць, выносяць прысуды. Так мала трэба для запуску сталінскай машыны».
«…У нашай сям’і захоўваецца стары агульны сшытак. Дзед напісаў для дзяцей і ўнукаў гісторыю свайго жыцця. Распавёў, як перажыў сталінскі час. Яго пасадзілі ў турму і катавалі: апраналі процівагаз на галаву і перакрывалі кісларод. Распраналі і жалезным прэнтам або дзвярной ручкай у анус… Я вучылася ў дзясятым класе, калі мама дала мне гэты сшытак: «Ты ўжо дарослая. Мусіш гэта ведаць». А я не разумела — навошта?»
«…Калі вернуцца лагеры, вертухаі знойдуцца. Ды іх будзе валам! Аднаго добра памятаю… Гляджу яму ў вочы — нармальны хлопец, а ў яго пена з рота. Як у сне яны рухаліся, у трансе. Малацілі налеванаправа. Адзін мужчына ўпаў, яны накрылі яго шчытом і танчылі на ім. Амбалы… пад два метры… Восемдзесят ці сто кілаграм у кожным, іх гадуюць да баявой вагі. АМАП і спецназ — гэта адмысловыя хлопцы… як апрычнікі Івана Жахлівага… Не хочацца думаць, што яны робяць гэта добраахвотна, намагаюся так не думаць. Да апошняга намагаюся. Ім есці трэба. Хлопец… У яго за плячыма толькі школа і войска, а ён атрымлівае больш, чым універсітэцкі выкладчык. Потым… гэта будзе, як заўсёды… гэта абавязкова… Потым яны будуць казаць, што выконвалі загад, нічога не ведалі, яны ні пры чым. Яны і сёння знаходзяць тысячу апраўданняў: «А хто маю сям’ю будзе карміць?», «Я даваў прысягу», «Я ж не мог выйсці з шыхту, нават калі б хацеў». З кожным чалавекам можна гэта зрабіць. Ва ўсякім выпадку, з многімі…»
«…Мне толькі дваццаць гадоў. Як жыць далей? Мне здаецца, што я выйду ў горад і буду баяцца падняць вочы…»
«…гэта ў вас там рэвалюцыя, а ў нас савецкая ўлада»
Выпусцілі нас уначы. Журналісты, сябры — усе чакалі каля турмы, а нас вывезлі ў аўтазаку і раскідалі па ўскраінах горада. Мяне пакінулі дзесьці ў Шабанах. Каля нейкіх камянёў, каля новабудоўляў. Рэальна было страшна. Пастаяла ў разгубленасці і пайшла на агні. Грошай няма, мабільнік даўно сеў. У кашальку ляжала толькі квітанцыя, нам усім выдалі такія квітанцыі, каб мы аплацілі сваё ўтрыманне ў турме. Гэта мая месячная стыпендыя… Нават не ведаю… Мы з мамай ледзь перабіваемся з грашыма. Тата памёр, калі я вучылася ў шостай класе, мне было дванаццаць гадоў. Айчым сваю зарплату прапівае-прагульвае. Алкаш. Я яго ненавіджу, ён сапсаваў нам з мамай жыццё. Я ўвесь час стараюся падпрацаваць: разношу па паштовых скрынках усялякія рэкламкі, летам садавіной з латка гандлюю або марозівам. Ішла з гэтымі думкамі… Нейкія сабакі бегалі… людзей нідзе не відаць… Страшэнна ўзрадавалася, калі побач спынілася таксі. Назвала адрас свайго інтэрната, але кажу: «У мяне грошай няма». Таксіст чамусьці адразу здагадаўся: «А-а-а, «дзекабрыстка» (арыштавалі нас у снежні). Сядай. Ужо адну такую падабраў і адвёз дадому. І чаму гэта вас ноччу выпускаюць?» Вёз і вучыў жыць: «Дурнота ўсё гэта! Лухта! Я ў дзевяноста першым вучыўся ў Маскве і таксама бегаў на дэманстрацыі. Нас было болей, чым вас. Мы перамаглі. Марылі, што кожны адкрые фірму і стане багатым. І — што? Пры камуністах я працаваў інжынерам, а цяпер кручу стырно. Адных свалачэй прагналі, іншыя прыйшлі. Чорныя, шэрыя, аранжавыя — усе яны аднолькавыя. У нас улада кожнага сапсуе. Я — рэаліст. Веру толькі ў сябе і ў сваю сям’ю. Пакуль чарговыя ідыёты ладзяць чарговую рэвалюцыю, я батрачу. У гэтым месяцы трэба дочкам на курткі зарабіць, а ў наступным — жонцы на боты. Ты — дзяўчынка прыгожая. Знайдзі добрага хлопца і выходзь лепей замуж». Заехалі ў горад. Музыка. Смех. Парачкі цалуюцца. Горад жыў, нібы нас не было.
Мне карцела пагаварыць са сваім сябрам. Не магла дачакацца. Мы ўжо тры гады былі разам. Мелі планы. (Маўчыць.) Ён абяцаў мне, што будзе на мітынгу, але не прыйшоў. Я чакала тлумачэнняў. Ды вось з’явіўся — не запыліўся. Прыбег. Дзяўчынкі пакінулі нас удваіх у пакоі. Якія тлумачэнні!? Смешна! Я, аказваецца, «проста дурніца», «яркі экзэмпляр», «наіўная рэвалюцыянерка». Ён мяне папярэджваў — забылася? Ён мяне вучыў, што не рацыянальна парыцца пра рэчы, на якія не можаш паўплываць. Ёсць такая пазіцыя — жыць дзеля іншых, але яму яна не блізкая, ён не хоча паміраць на барыкадах. Не ягонае гэта пакліканне. У яго галоўная мэта — кар’ера. Ён хоча шмат грошай. Дом з басейнам. Трэба жыць і ўсміхацца. Сёння столькі магчымасцяў… вочы разбягаюцца… Можаш падарожнічаць па свеце, афігенныя круізы, але яны каштуюць дорага, купляй хоць палац, але ён каштуе дорага, можаш замовіць у рэстаране чарапашы суп… Толькі плаці за ўсё. Грошыкі! Грошыкі! Як вучыў нас выкладчык фізікі: «Дарагія студэнты! Памятайце, што грошы робяць усё, нават дыферэнцыяльныя ўраўненні». Суровая праўда жыцця. (Маўчыць.) Ну а ідэалы? Нічога такога, выходзіць, няма? Можа, вы мне што-небудзь падкажаце? Вы ж кнігі пішаце… (Маўчыць.) На агульным сходзе мяне адлічылі з інстытута. Усе паднялі руку «за», акрамя майго любімага старога прафесара. З інстытута яго павезлі ў гэты дзень на «хуткай». Сяброўкі суцяшалі ў інтэрнаце, калі ніхто не бачыў: «Ты, маўляў, не крыўдуй, дэкан застрашыў, што выганіць з інтэрната, калі што… А-а-а-а!» Гераіні!
Узяла квіток дадому. У горадзе я сумую па сваёй вёсцы. Праўда, я не ведаю, па якой вёсцы сумую, напэўна, я сумую па сваёй «дзіцячай» вёсцы. Па той вёсцы, дзе тата браў мяне з сабой, калі даставаў з вуллёў цяжэзныя рамкі з мёдам. Спачатку ён абкурваў іх дымам, каб пчолы адляцелі і нас не джалілі. Маленькая, я была смешная… Я думала, што пчолы — гэта таксама птушачкі… (Маўчыць.) Ці люблю я вёску цяпер? Жывуць тут як раней, з года ў год. Капаюць рыдлёўкай бульбу на сваіх гародах, поўзаюць на каленях. Гоняць самагон. Увечары цвярозага мужыка не сустрэнеш, яны п’юць кожны дзень. Галасуюць за Лукашэнку і шкадуюць аб Савецкім Саюзе. Аб непераможнай Савецкай арміі. У аўтобусе побач са мною сеў наш сусед. П’яны. Гаварыў пра палітыку: «Кожнаму вылюдку-дэмакрату я сам бы галаву разбіў. Мала вам далі. Ну слова гонару! Страляць такіх трэба. У мяне б рука не здрыганулася. Амерыка за ўсё плаціць… Хілары Клінтан… Але мы народ моцны. Перажылі перабудову, перажывём і рэвалюцыю. Я ад аднаго разумнага чалавека чуў, што рэвалюцыю
прыдумалі жыды». Увесь аўтобус яго падтрымліваў: «Не было б горай, чым цяпер. Уключыш тэлевізар — усюды бамбяць, страляюць». Вось і дом. Адчыніла дзверы. Мама сядзела на кухні і чысціла клубні вяргіні, яны падмерзлі і загніліся ў склепе, бо капрызлівыя. Баяцца марозу. Я стала дапамагаць. Як у дзяцінстве. «Што там у вас у сталіцы? — першае пытанне мамы. — Па тэлевізары паказалі мора людзей, усе крычалі супраць улады. Божачка мілы! Страх! Мы тут баяліся, што вайна пачнецца: у адных сыны ў АМАПе служаць, у іншых — студэнты, выйшлі на плошчу і крычалі. У газетах пішуць, што гэта «тэрарысты» і «бандыты». Нашыя людзі газетам вераць.
Гэта ў вас там рэвалюцыя, а ў нас савецкая ўлада». У доме пахла валяр’янкай.
Я даведалася пра вясковыя навіны… Па Юрку Шведа, фермера, ноччу прыехала машына і двое ў цывільным, як у трыццаць сёмым па нашага дзеда. Увесь дом перавярнулі. Камп’ютар забралі. Звольнілі медсястру, Аню Н. — яна ездзіла ў Мінск на мітынг, запісалася ў апазіцыйную партыю. У яе дзіцятка маленькае. Муж напіўся і пабіў: апазіцыянерка! А маці хлопцаў, якія служаць у мінскай міліцыі, выхваляюцца, што іх сыны вялікія прэміі атрымалі. Прывезлі падарункі. (Маўчыць.) Падзялілі народ на дзве паловы… Я пайшла ў клуб на танцы, за ўвесь вечар мяне ніхто не запрасіў танцаваць. Бо… тэрарыстка… Мяне баяліся…
«…ён можа ператварыцца ў чырвоны колер»
Сустрэліся выпадкова праз год у цягніку «Масква–Мінск». Усе ўжо даўно спалі, а мы размаўлялі.
— Вучуся ў Маскве. Хаджу на маскоўскія мітынгі з сябрамі. Клёва так! Мне падабаюцца твары людзей, якія бачу я там. Памятаю падобныя твары ў нас, калі мы выйшлі на плошчу ў Мінску. Я не пазнавала свой горад, людзей не пазнавала. Гэта былі іншыя людзі. Сумую па дому, моцна сумую па дому.
Сяду ў беларускі цягнік і ніяк не магу заснуць. Паўсон… паўява… То я ў турме, то ў інтэрнаце, то… Усё ўспамінаецца… Мужчынскія і жаночыя галасы… «…Ставілі на расцяжку, ногі задзіралі за галаву…»
«…Паклалі аркуш паперы на ныркі, каб не засталося слядоў, і білі пластыкавай бутэлькай з вадой…»
«…Ён насоўваў мне на галаву цэлафанавы пакет або процівагаз. Ну, а далей… самі разумееце, праз пару хвілін я губляў прытомнасць… А ў яго дома жонка і дзеці. Добры муж. Добры бацька…».
«…Б’юць, б’юць, б’юць, б’юць… ботамі, чаравікамі, красоўкамі…»
«…Ты думаеш, што іх вучаць толькі скакаць з парашутам, дэсантавацца па канаце з верталёта? Іх вучаць па тых жа падручніках, што і пры Сталіне…»
«…У школе нам казалі: «Чытайце Буніна, Талстога, гэтыя кнігі ратуюць людзей». У каго спытаць: чаму гэта не перадаецца, а дзвярная ручка ў анус і цэлафанавы пакет на галаву — перадаецца?»