Камендант. Не заплаціш — адседзіш в вензеню.
Дзед Струкач (паказваючы крэмень). То, можа, паночку, і на гэтым камені трэба пячатку ставіць? Баюся, каб вы і мяне не аштрафавалі часам.
Камендант. Ты, стары пёс, тэж кеды-кольвек трафіш мне в лапы!
Дзед Струкач. А я вас, пане камендант, баяўся назваць сабакам: думаў, што ў вас рукі.
Надзя (сцішка да дзеда Струкача). Сціхніце вы, дзядуля.
Дзед Струкач (услых). Аж што ён мне зробіць, старому?
Камендант усё яшчэ піша. Дзед Струкач заходзіць у яго ззаду, выцягвае з багажніка веласіпеда тытунь і запіхвае туды некалькі лістоў лопуху.
Янук (калі дзед Струкач скончыў сваю работу). Што гэта за траву пан возіць з сабою?
Камендант. То трава, ктура веньзенем пахне.
Люба. Дык вы і вуліцу загадалі б апалоць ад яе.
Надзя. Праўдо што! І хіба можна за яе судзіць.
Камендант (азірнуўшыся назад). О, пся крэв! Юж подменілі мне. Марш додому вшысці! Цо тут за мітынг такі!
Дзед Струкач (пускаючы кольцамі дым). Нядзелька, пане камендант, маем права і пагуляць.
Камендант. Адо касцёла ты сходзіл, стары д’ябал?
Дзед Струкач. Дык касцёл жа не для д’яблаў прызначаны. (Смяецца).
Камендант. Цо се смееш, холера?! Плакаць тшэба. (Хавае ў сумку паперу і аловак.)
Дзед Струкач. Колькі не плакаў — быў бог адзінакаў. Стаў скакаць — стаў і бог даваць.
Смех.
Камендант. Вы ешчэ выць бэндзеце, не тылько плакаць, пся маць ваша! (Выходзіць.)
Дзед Струкач. Кацісь кілбасой! Не вельмі што баімся цябе.
Прыбягае Марыля.
Марыля. А божачкі! А божачкі! Янук! Мужчынкі! Што рабіць? Прыехаў секвестратар за падаткі апісваць, а ў нас жа не ўсё выплачана.
Янук. Дык чаго стаіш, хадзем скаціну хаваць хутчэй! Якраз жа з поля прыгналі.
Максім. Я пайду памагу вам.
Базыль. А я туды пагляджу схаджу.
Дзед Струкач. І я з табою.
Янук, Марыля, Максім, Базыль і дзед Струкач адыходзяць.
Люба. Во нанесла іх нялёгкая сёння, каб іх пярун пабіў!
Надзя. Лявон ідзе.
Люба. Няўжо Яню сілай за Ганецкага аддадуць?