Міхась. Ага, падыдзем.
Адась і Міхась адыходзяць. З’яўляецца дзед Струкач.
Дзед Струкач. Добры дзень, каго не бачыў.
Базыль. А, добры дзень, стары жартаўнік… Як жыў-здароў, як справы, хваліся!
Дзед Струкач. На здароўе, дзякаваць богу, я яшчэ не скарджуся.
Базыль. А на жыццё?
Дзед Струкач. І на жыццё наракаць няма чаго. Гэта за царом-самазванцам быў Струкач галадранцам, а за панам Пілсудскім і ён стаў чалавекам людскім. Падумай, брат, сам, чым жа яму кепска цяпер? Зарабляе ён у дзень цэлага паўзлотага, а ўсё такое таннае: пачка тытуню каштуе шэсцьдзесят грошаў, пачка запалак — дзесяць грошаў, — гэта ж цэлы дзень куры ды паплёўвай!
Усе рагочуць.
Максім (да дзеда Струкача, ляпнуўшы яго па плячы). Праўда, што і казаць. Давай лепш закурым, дзядуля.
Дзед Струкач. Давай задымім, сынок, калі маеш што? У каво табачок, у таво і празнічак.
Смех.
Максім. Дык я ж думаў, што ў вас ёсць.
Дзед Струкач. У мяне няма толькі зранку да ўстанку, а так у любы момант знойдзеш.
Агульны смех.
Янук. У мяне крыху збярэцца.
Дзед Струкач. Ну, то закурым усе.
Янук (дастаўшы капшук і скручваючы цыгарку). Гэта, ці ведаеце, які са мной выпадак учора быў. Іду я дадому па чыгунцы, а насустрач мне п’яны войт з жонкай. Падыходжу, вітаюся, а ён і кажа мне: «Цалуй маён жонэ в рэнке».
Базыль (беручы ад Янука капшук). Куды, куды?
Янук. У руку. «Цалуй, муве, хаме, маён жонэ в рэнке, а то зараз тон ляскон», — і замахваецца на мяне палкай. А я за тую палку ды і кажу: «Дык дзякуй, паночку, за падарунак» — і пайшоў. Па дарозе зайшоў у шынок, прадаў за два злоты, дык і выпіў яшчэ дабравата. А ён жа мяне хваробу ведае… А ў каго ж запалкі будуць?
Смех.
Максім. Нашто глуміць тую запалку: у мяне машынка ёсць. (Дастае з кішэні запальнічку.)
Дзед Струкач. Не псуй каменьчыка! Я крэсіва маю. (Дастае крэсіва, але ніяк не можа выкрасіць агню.)
Максім. Пакінь, дзядуля! У мяне вось ужо гарыць.
Янук прыкурвае ад Максімавай запальнічкі. Падыходзіць камендант паліцыі, ведучы ў руках веласіпед. Да багажніка веласіпеда прывязана некалькі каліў канфіскаванага тытуню.
Камендант (да Максіма, убачыўшы ў яго запальнічку). Штэмпель на запальнічцэ ест?
Максім. Няма, пане камендант.
Камендант. Пенць злотых штрафу… (дастае з сумкі паперу і аловак) і запальнічке абовёнзково адштэмплёваць. (Піша пратакол.)
Максім. Дык што вы, пане камендант, хочаце з мяне ўжо дзве скуры злупіць: каб я і штраф заплаціў і яшчэ за штэмпель грошы аддаў?
Камендант. Тшэба было то вчэсне зробіць.
Максім. Пішыце, усё роўна ні аднаго гроша не заплачу.