Якаў Фаміч. Вось чаго няма, таго няма. Не трымаю.
Ягадка. Ну, які ж з вас пасля гэтага дырэктар? Нават каньяку ў вас няма.
Якаў Фаміч. У наступны раз я абавязкова пляшку падрыхтую. Армянскага.
Ягадка. Вы спадзеяцеся, што «наступны раз» хутка будзе?
Якаў Фаміч. Вопыт, Варвара Феафілаўна, падказвае, што мы з вамі яшчэ не адну бутэльку вып’ем.
Ягадка (смяецца). Аптыміст вы, як я пагляджу! (Уздыхае.) Што ж зробіш… Давядзецца без каньяку высвятляць адну далікатную дэталь. Але мы з вамі, дзякуй богу, не дзеці. А я павінна высветліць усё да канца.
Якаў Фаміч (усміхаецца). Ну што ж, высвятляйце да канца.
Ягадка. Якія ў вас адносіны… з жанчынамі?
Якаў Фаміч (усміхаючыся). Здаецца, самыя што ні ёсць рыцарскія. (Паўза. Якаў Фаміч ужо не ўсміхаецца.) Я разумею вас, Варвара Феафілаўна… Вы хацелі спытаць, ці ёсць у мяне палюбоўніца?
Ягадка (збянтэжана). Я хацела больш дыпламатычна…
Паўза.
Якаў Фаміч. Гэта… таксама ёсць у пісьме Салавейчыка?
Ягадка. Ёсць і гэта…
Якаў Фаміч. Дык вось, мушу вам прызнацца, як ні сумна такое прызнанне для мужчыны, што жанчыны ў такой якасці, якую вы маеце на ўвазе, мяне ўжо больш не цікавяць.
Ягадка (спрабуе перавесці размову на жарт). Так я вам і паверыла! Вунь які вы Дабрыня Мікітавіч!
Якаў Фаміч. Адзін выгляд, Варвара Феафілаўна. Такі паклёп самі на сябе не ўзводзяць. Хутчэй наадварот! Так што я перад вамі, як на споведзі!
Ягадка. Добра…
Якаў Фаміч. Гледзячы для каго — добра. (Усміхаецца.) Калі б мне было гадоў на трыццаць — трыццаць пяць менш, відаць, я закахаўся б у адну асобу…
Ягадка. Во гэта ўжо цікава. Можаце сказаць, хто яна?
Якаў Фаміч. Магу. Бо раней я сказаў — «калі б». Галоўны мастак нашай фабрыкі Ізабела Сямёнаўна Дрозд.
Ягадка раптам заходзіцца рогатам.
Ягадка. Ой, не магу! Траянскі жарабец! (Рагоча.)
Якаў Фаміч. Гэта вы пра мяне так?
Ягадка (рагоча і махае рукамі). Ды не! Што вы! Што вы! Гэта я ўспомніла вашу Дрозд… Сапраўды ў яе можна закахацца. Не толькі прыгожая, але і разумная. Кажуць, што гэтыя дзве якасці не так часта супадаюць у жанчыне… Як бачыце, я самакрытычная.
Якаў Фаміч. Ёсць у ёй нешта значна большае, чым проста розум… Нейкае асаблівае, абвостранае непрыняцце зла і несправядлівасці. Нейкая, ведаеце, дзівосная бескампраміснасць.
Ягадка. Але ж вось кватэрку вы ёй не далі! Тры гады дзеўка ў інтэрнаце пакутуе. І расла без бацькоў, сірата.
Якаў Фаміч. Што зробіш — незамужняя! Да такіх чарга не хутка прыйдзе.
Ягадка. Вы можаце і без чаргі. Далі ж вы без усякай чаргі са свайго дырэктарскага фонду дзве кватэры. І абедзве — адзінокім жанчынам, бязмужнім. Лазаравай і Антаненка. Асобныя, з усімі выгодамі, у ціхім завулку. Можа, іменна тая акалічнасць, што яны бязмужнія, і ўзяла верх над іншымі меркаваннямі?
Якаў Фаміч. Ах, Салавейчык, Салавейчык!.. Уявіце, вы адгадалі. Іменна тая акалічнасць, што яны, як вы мелі ласку сказаць, бязмужнія, і ўзяла верх над усімі меркаваннямі.
Ягадка (смяецца). І абедзве зграбныя, я сказала б, нават прыгожыя.