Якаў Фаміч. Карысць?! Каму? Камісіі адрываюць людзей ад работы, траўміруюць людзей, выкідаюць у трубу процьму дзяржаўных грошай. Калі падлічыць усе гэтыя матэрыяльныя страты — тры такія фабрыкі, як наша, можна пабудаваць! Вось што такое Салавейчык! А маральныя страты? Як іх падлічыць, на якіх вагах узважыць?.. Вы думаеце, як пойдзеце, я змагу працаваць? Не… Я ўжо да канца дня выбіты з каляіны. Хаця, як бачыце, стараюся трымацца спакойна. Нават усміхаюся вам…
Ягадка. Выходзіць, ніякі кантроль вам не патрэбен? Самі з вусамі?
Якаў Фаміч. Э не, Варвара Феафілаўна! Я за самы строгі кантроль! Найстражэйшы! Кантроль — гэта ў нейкім сэнсе дысцыпліна. Але разумны!..
Ягадка. Значыць…
Якаў Фаміч. Калі мяне правяраюць восем, дзесяць разоў па адной і той жа справе, то, прабачце, як гэта можна назваць?
Ягадка. Крытыка…
Якаў Фаміч. Крытыка? Крытыка можа быць лякарствам, а можа быць і… атрутай. Усё залежыць ад таго, у чыіх яна руках, хто лечыць — сапраўдны доктар ці знахар-шарлатан!.. Вось вы, калі ласка, пацікаўцеся, якія, уласна, матывы рухаюць Салавейчыкам. Думаеце, ён пра дзяржаўныя інтарэсы клапоціцца? Гэта ж у яго такі метад самаабароны — напад. Вось не пусцілі мы яго ў загранічную паездку — ён жа за граніцу хацеў ехаць! — ён і пачаў дзейнічаць. І, уявіце, мы бездапаможныя ў гэтай барацьбе з ім.
Ягадка. Не можа быць. Вас многа, а ён адзін!
Якаў Фаміч. А што мы яму можам зрабіць? Зволіць яго нельга.
Ягадка. Чаму?
Якаў Фаміч. Таму што гэта адразу будзе кваліфікавана як помста, расправа за крытыку. Мне ўжо аб гэтым неаднойчы намякалі. Вось мы і далікатнічаем, а прасцей кажучы — баімся яго. А ён гэта разумее. Дзіўна выходзіць, Варвара Феафілаўна: сумленны чалавек аказваецца абсалютна бездапаможным перад нягоднікам.
Ягадка (зацікаўлена). Няўжо яго сапраўды нельга звольніць на законнай падставе?
Якаў Фаміч. Усе камісіі прасілі мяне: зрабі ласку, не чапай ты яго. А то ён яшчэ ў Маскву напіша. Цяпер у аднаго цябе непрыемнасці, а тады ва ўсіх нас будуць.
Ягадка. Так…
Якаў Фаміч. Скажу вам па сакрэту. Мы нават так хацелі пазбавіцца ад яго… Хацелі выбраць фабкомаўскім касірам. Ён, вядома, грошы прап’е, а тут мы яго адразу ў суд!
Ягадка. Ну і што?
Якаў Фаміч (смяецца). Кічкайла не згадзіўся. Кажа грошы прап’е Салавейчык, а ў турму сяду я!
Ягадка (нечакана). Якаў Фаміч, вы гісторыю добра помніце?
Якаў Фаміч. Якую гісторыю?
Ягадка. Старажытную… Сорам прызнацца, але вось ніяк не магу ўспомніць, што такое траянскі конь? Калісьці помніла, а вось зараз…
Якаў Фаміч. Траянскі конь?.. Калі не памыляюся, была некалі такая дзяржава — Троя. Грэкі ваявалі з ёю ці то дзесяць, ці то пятнаццаць гадоў і ніяк не маглі яе перамагчы. І вось калі ў іх нічога не выйшла, яны пайшлі на хітрасць.
Ягадка. Ну-ну?
Якаў Фаміч. Яны зрабілі вялізнага драўлянага каня, паставілі яго перад крэпасцю і знялі асаду. Траянцы былі настолькі цікаўнымі і даверлівымі, што не ўтрымаліся і ўцягнулі гэтага каня ў крэпасць. Разумееце, настолькі вялікай была іх цікаўнасць, што яны нават сцяну крапасную разабралі. Праз вароты конь не пралазіў. А ўночы з гэтага каня выйшлі грэкі, адчынілі вароты крэпасці і ўпусцілі сваіх. І Троя загінула. Стала ахвярай сваёй празмернай даверлівасці і… цікаўнасці.
Ягадка літаральна ўзрываецца рогатам.
Што з вамі? Я што-небудзь не тое сказаў?
Ягадка. Ды не! Усё правільна! Гэта я ўспомніла!.. Не дзеўка, а д’ябал! Малайчына. (Выцірае слёзы.) Даруйце, гэта я так… Прыгадала адну цікавую гутарку… Скажыце, Якаў Фаміч, а што такое траянскі… жарабец?
Якаў Фаміч. А што, хіба і такі ёсць?..
Ягадка (рагоча). Ёсць і такі… Ой, не магу! Даўно так не смяялася… Паслухайце, Якаў Фаміч, што ў вас у тым сейфе?
Якаў Фаміч. Дакументы…
Ягадка. А каньяку там няма?