Божашуткава. І міліцыяй, і турмой пагражалі? ?
Хаценьчык. Што ж выходзіць, грамадзянін Секержыцкі? Міліцыя — гэта пудзіла, а савецкая турма — канцлагер? Так, па-вашаму, выходзіць?
Секержыцкі. Дазвольце, дазвольце! Вы, шаноўны, блытаеце. Што значыць — пагражаў? Я папярэджваў. Папярэджваў, што, калі ён будзе буяніць, я выклічу міліцыю і яго, з вашага дазволу, пасадзяць у турму.
Хаценьчык. Не, вы бачылі яго?!
Клакеры абураюцца.
Секержыцкі. Можаце разглядаць маю пагрозу як від пасіўнай самаабароны. У яго была зброя — тапор. А ў мяне толькі слова. З вашага дазволу, гэта рэчы нераўназначныя!
Божашуткава. Чаму вы пагражалі чалавеку, якога не бачылі?
Секержыцкі. Злітуйцеся!.. У гэтага чалавека быў тапор!
Божашуткава. Адкуль вы маглі ведаць, што ў яго тапор?
Хаценьчык. У вас што, дзверы шкляныя?
Секержыцкі. Гэта было чуваць! З вашага дазволу, ён ім стукаў.
Хаценьчык. Пачакайце, пачакайце, грамадзянін Секержыцкі. Не спяшайцеся. Ён прасіў вас адчыніць дзверы?
Секержыцкі. Што значыць — прасіў? Ён патрабаваў…
Божашуткава. Чаму ж вы не адчынілі?
Секержыцкі. Дазвольце!.. Калі незнаёмы чалавек патрабуе адчыніць дзверы…
Божашуткава. Адчынілі б, і не было б ніякага непаразумення!
Секержыцкі. Але ж ён быў… з вашага дазволу, нецвярозы!
Хаценьчык. Як вы маглі праз дзверы пазнаць: цвярозы ён ці нецвярозы?
Голас. Ён у Кіо працаваў — праз сценку бачыць!
Секержыцкі. Я здагадаўся… па голасу.
Божашуткава. Вы зневажалі яго, калі ён увайшоў да вас у кватэру?
Секержыцкі. Даруйце, не памятаю! Я быў тады досыць такі ўзбуджаны і не мог, натуральна, выбіраць далікатныя выразы. Магчыма, я сказаў нешта лішняе…
Хаценьчык. Грыша, ты помніш, якімі словамі ён цябе абзываў?
Салавейчык. Ну, вядома, помню! «Грубіян, хуліган, хам!» Распусціліся зусім, разумееш! Яшчэ інтэлігенцыя! Акуляры начапіў!
Божашуткава. Было такое, грамадзянін Секержыцкі?
Секержыцкі. Магчыма… Але гэта было толькі маёй рэакцыяй на знявагу з яго боку!
Кічкайла. А як ён вас зневажаў?
Секержыцкі. Злітуйцеся… Мне гэта непрыемна…
Кічкайла. Тут суд, які павінен устанавіць ісціну.
Божашуткава. Грамадзянін Секержыцкі, вы даяце суду падставу сумнявацца ў шчырасці вашых паказанняў.