— Яна гэта ўмее!
Кічкайла. Ціха! Без рэплік!.. Вось вы, калі ласка, і раскажыце, як было ўсё на самой справе. Як выйшла, што вы зламалі чужыя дзверы?
Божашуткава (прыходзячы на дапамогу). Відаць, вы проста памыліліся?
Салавейчык. Ну, вядома, абмыліўся! Панабудоўвалі, ведаеце, дамоў — стаяць, як блізняты. Трохі вып’еш і ўжо не разбярэш, дзе свой дом, а дзе чужы!
Божашуткава. Значыць, чужы дом вы памылкова прынялі за свой?
Салавейчык. Ну!.. Паднімаюся на трэці паверх — кватэра адзінаццаць… Значыць, мая. Піхаю ключ — не лезе. І раптам чую: за дзвярамі хтосьці на дыбачках ходзіць. Вось, думаю, здорава! Пакуль штаны мачыў, да мяне зладзюга забраўся! Пачаў стукаць…
Хаценьчык. А ты, Грыша, не прасіў, каб табе адчынілі дзверы?
Салавейчык. Як не прасіў? Прасіў! Ды хіба ж ён адчыніць?
Божашуткава. Значыць, вы прасілі адчыніць дзверы, каб удакладніць, ці ваша гэта кватэра?
Салавейчык. Не. Хацеў даведацца, што гэтаму тыпу патрэбна ў маёй кватэры!
Кічкайла. Але потым, калі высветлілася…
Салавейчык. Дык гэта ж калі высветлілася?.. А ён пачаў лаяцца, пагражаць…
Божашуткава. Хто пачаў лаяцца?
Салавейчык. Ну, гэты тып… Секержыцкі. І міліцыяй, і турмой мне пагражаў. Ну, я і пакрыўдзіўся…
Божашуткава. Пагражаў вам, яшчэ не ведаючы, хто вы і навошта стукаеце?
Салавейчык. Ну!.. Вось мяне і разабрала злосць, калі я ўвайшоў…
Кічкайла. А як вы ўвайшлі ў кватэру?
Салавейчык. На першым паверсе тапор ляжаў. Я ўзяў яго і… увайшоў.
Вясёлае ажыўленне сярод клакераў. Салавейчыку спачуваюць даволі адкрыта.
Кічкайла. Сядайце, Салавейчык. Пацярпеўшы Секержыцкі!
Секержыцкі (выходзячы да трыбуны). З вашага дазволу, гэта я.
Кічкайла. Прозвішча, імя, імя па бацьку?
Секержыцкі. Секержыцкі Іпаліт Іпалітавіч.
Кічкайла. Род заняткаў?
Секержыцкі. Пенсіянер абласнога значэння. Дазвольце растлумачыць?
Божашуткава. Хвілінку, грамадзянін Секержыцкі. Вы прызнаяце, што пагражалі Салавейчыку?
Секержыцкі. Дазвольце!..
Хаценьчык. Не віляйце, грамадзянін Секержыцкі! Адказвайце на пытанне: пагражалі ці не пагражалі Салавейчыку?
Секержыцкі. Пачакайце, шаноўны! Ён жа ламаўся ў маю кватэру!
Хаценьчык. Вось так проста і скажыце — пагражаў!