— Крыху пачакаем.
Старэйшы брат прыхінуўся да хвойкі, прагаварыў, як тры дні не еўшы:
— Цяпер налева зварочваць?
Сабака свіснуў дубцом у паветры.
— Налева Цмок жыве. Прама ідзіце. Аць-два, аць-два…
Зноў заіграла дудка, зноў затупацелі браты.
— Хай ідуць, — звярнуўся да мяне Дзіма. — Цяпер і без сабакі ведаем, дзе Цмок жыве.
Крыху пачакаўшы, мы выйшлі на сцяжынку.
— Чаму сабака іх муштруе? — спытаўся я ў Дзімы.
Дзіма махнуў рукою:
— Так яму, відаць, захацелася. У сабак сабачыя звычкі. Што ўзбрыдзе, тое і робяць. Хіба не бачыў, як іншы раз на месяц гаўкаюць?
— Розныя сабакі бываюць, — не згадзіўся я з Дзімам.
— Хопіць пра сабак і сабачыя звычкі разважаць, — сказаў Дзіма. — Трэба Цмока шукаць.
І мы пайшлі па сцяжынцы, якая вяла налева.
Казачны лес, як ні дзіўна, зусім на наш падобны. Ну кропелька ў кропельку. Тут і трапяткую асінку можна ўбачыць, і купку стройных бяроз, і волат-дуб, і цэлыя зараснікі арэшніку. Высока ўгары вісяць нагрэтыя сонцам ажно да карычневага арэхі. Калі б спыніўся, то за дзесяць хвілін дзве кішэні арэхаў нарваў бы.
Але мы ішлі не спыняючыся. Наперадзе пасвятлела, і нарэшце ўбачылі паляну, а пасярод яе — будан. Каля будана на тоўстай калодзе сядзеў Цмок. У руках ён трымаў скрыпку.
Мы спыніліся. Цмок узняў скрыпку, павёў смыком. Скрыпка журботна піскнула і замоўкла. Цмок кінуў яе на зямлю, галёкнуў, як на жывую:
— Я хачу, каб дрэвы танцавалі, а ты ўсё плачаш!
— Не разумее, што яму мядзведзь на вуха наступіў, — прагаварыў я. — Як людзі кажуць? Калі не музыка, не бяры скрыпкі ў рукі.
— У музыку трэба душу ўкладваць, — дадаў Дзіма. — А душы ў Цмока якраз і няма.
У гэты момант Цмок ускочыў, затупацеў нагамі:
— Я цябе паламлю, раструшчу. Калі не мне, то і нікому.
З крыкам «Спыніся, паганы Цмок!» Дзіма выскачыў на паляну. Я пабег за ім.
НЕЧАКАНАЯ РАЗВЯЗКА
Нам здавалася, што Цмок, убачыўшы нас, пакіне скрыпку і ўцячэ. Два разы ўцякаў жа як падмецены. Ды цяпер чамусьці не стаў уцякаць. Стаіць, пазірае на нас, рот да вушэй.
— Чаму ты ад нас не ўцякаеш? — кажу, зусім разгубіўшыся.
Цмок пачасаў за вухам, пазяхнуў:
— А куды мне ўцякаць? Тут мой дом. Вы ўцякайце. Паспрабуйце.
У апошнім — «паспрабуйце» — чулася пагроза. Так, у гэтую хвіліну мы не пазнавалі Цмока. Нядаўна на каленях стаяў, слёзы ліў, а цяпер нахабна пазірае.
Чаму адразу змяніўся? Штосьці тут не так. Не так…