— Шукалі, але не знайшлі. Дык людзі мяне пасланцом да нашых малодшых сяброў паслалі.
Дзядзька Тодар кіўнуў галавою ў наш бок. Мы з Дзімам зачырванеліся. «Нашых малодшых сяброў…» Незвычайна гучыць і прыемна.
— Кажуць людзі: «Яны Цмоку рогі скруцяць. Ідзі, Тодар, ідзі. Ты іх добра ведаеш». Вось і прывёў да нас у казку. Сустрэліся мы з Цмокам. Сам да нас прывалокся. Зуб нячысціку забалеў. Так забалеў, што ледзь на хвойкі паганы Цмок не чапляўся. Укленчыў перад намі: «Дапамажыце. І скрыпку аддам, і музыку-чарадзея адпушчу…» Вылечылі…
- І тады ўцёк? — здагадаўся музыка-чарадзей.
— Уцёк. Вось ты нядаўна казаў, што ў цябе нібы крылы з’явіліся. Але крылы і ў малога птушаняці ёсць, ды лятаць не ўмее, бо яшчэ неапераныя. Так і ты без скрыпкі, як з крыламі неаперанымі.
Музыка-чарадзей узняў галаву:
— Я знайду сваю скрыпку. Цяпер знайду.
Дзядзька Тодар уздыхнуў:
— Куды табе цяпер? Спачатку сіл набярыся.
І тут не вытрымаў Дзіма:
— Дзядзька Тодар, мы з Міхасём знойдзем Цмока. Мы забярэм у яго скрыпку.
— Забярэм, — падтрымаў я Дзіму.
— Пачакаем, калі наш музыка-чарадзей паправіцца, — сказаў дзядзька Тодар. — Тады разам пойдзем Цмока шукаць.
— Вы заставайцеся тут, з музыкам-чарадзеем. Нельга яго аднаго пакідаць. А мы ўсё-ткі пойдзем, — прагаварыў Дзіма.
— Невядома, што Цмок цяпер задумвае, — дадаў я.
Дзядзька Тодар хвіліну памаўчаў, а потым сказаў:
— Відаць, ваша праўда, хлопчыкі. Ідзіце.
Дзядзька Тодар моцна-моцна абняў нас, пажадаў на развітанне:
— Шчасліва вярнуцца.
— Не хвалюйцеся. Хутка вернемся, — упэўнена прагаварыў Дзіма.
І мы рушылі ўверх па сцяжынцы. Туды, дзе Цмок.
КАЛІ НЕ МУЗЫКА, НЕ БЯРЫ СКРЫПКІ Ў РУКІ
Ужо пасля мы зразумелі, што знайсці Цмока будзе няпроста. Лес, як гаворыцца, вялікі і шмат сцежак у ім натаптана. Паспрабуй адшукай тую, якая да Цмокавага будана вядзе.
— Вось каб указальнікі былі, — кажу Дзіму. — Падобныя на тыя, што ў нас каля дарог стаяць. Падыходзіш і чытаеш: Цмок — пяцьсот метраў, Баба Яга — адзін кіламетр, Цар-чараўнік — трыста метраў. Не блудзілі б па лесе.
— Гэтыя нячысцікі павырывалі б твае ўказальнікі, — адказаў Дзіма. — Не спадабалася б ім, што кожны дарогу да іх ведае.
— Павыкідалі б, — згадзіўся я. — А вось каб спецыяльны компас быў! Націснуў на кнопку — і стрэлка паказвае, дзе, напрыклад, Цмок хаваецца. Чаму такі компас ніхто не прыдумае?
Дзіма незадаволена чмыхнуў носам:
— Ты яшчэ пафантазіруй.
- І пафантазірую, — загарэўся я. — Вось каб чарадзейны ветрачок мець! Крутнуў, а ён спыняецца і паказвае, куды ісці.
Дзіму, відаць, надакучыла мая балбатня: