— Ёсць іншы спосаб…
Я дастаў з кішэні кавалак тоўстай жылкі. На вуду яе хаваў, на шчупакоў.
— Бяры, — працягнуў Дзіму.
Дзіма ўзяў жылку, усміхнуўся:
— Адным канцом да зуба прывяжам, а другім — да дрэва? Так?
— Так, — згодна кіўнуў я галавою. — А потым па спіне кіем. Рванецца, сам сабе зуб вырве. Іншага ратунку няма.
На гэтым закончыўся наш кароткі кансіліум. Мы падышлі да Цмока.
— Вы мне дапаможаце? — з надзеяю глянуў на нас Цмок.
- І скрыпку аддасі, і музыку-чарадзея адпусціш? — спытаўся Дзіма.
— Усё зраблю, што загадаеце. Я тры ночы не спаў.
— Разяў рот, — загадаў Дзіма.
— Навошта?
Дзіма тупнуў нагою:
— Разяў.
Цмок шырока-шырока разявіў рот, выцягнуўся, як лазіна. Галава яго калацілася, рукі дрыжэлі. Дзіма стаў на дыбачкі, зірнуў у рот.
— Ніколі зубы не чысціў, — паківаў галавою.
— Што? — не зразумеў Цмок.
— Не штокай. Разяў рот! — крыкнуў Дзіма.
Цмок хуценька разявіў рот.
Гледзячы на іх, я ажно заходзіўся ад смеху. А Дзіма адным канцом прывязаў жылку да хваінкі, на другім канцы зрабіў вузельчык і стаў чапляць яго за балючы зуб.
— Хутка ты? — не выцерпеў Цмок.
«Вутка ты», — выйшла ў яго. Вядома, з разяўленым ротам не проста слова вымавіць. А Дзіма чамусьці раззлаваўся.
— Сам ты вутка, — закрычаў.
Кінуў жылку і адышоўся ўбок.
Цмок, як і першы раз, бухнуўся на калені:
— Ратуй.
— Сёння ты як рахманая авечка, а нядаўна зверам быў, — няласкава прамовіў дзядзька Тодар.
— Паспрабуй яшчэ раз, — сказаў я Дзіму.
— Замучыў ён мяне, — прагаварыў Дзіма, беручы ў рукі жылку.
На гэты раз ён усё-ткі накінуў на зуб вузельчык, заціснуў яго. Адышоўся ўбок, загадаў Цмоку: