Стогн чуўся ўсё выразней і гучней. Тое, што стагнала, відаць, набліжалася да нас. У мяне чамусьці засвярбелі падэшвы. Ці не таму, што хацелася ірвануцца, каб толькі ад гэтай палянкі далей. Ледзь-ледзь стрымліваў сябе.
Да майго пляча дакрануўся Дзіма:
— Міхась, ты не баішся?
Я і вокам не змаргнуў:
— А чаго мне баяцца?
— А мне крыху не па сабе, — прызнаўся Дзіма.
За павароткай, заўважылі мы, штосьці мільганула.
— Яно на палянку ідзе, — дрыготкім голасам прагаварыў Дзіма.
І тут на палянку выйшаў… Хто б, вы думалі? Наш стары знаёмы — пудзіла паганае — Цмок. Яго шчака была перавязана белаю хусцінкаю. Абедзвюма рукамі ён трымаўся за гэтую шчаку і, не сціхаючы, войкаў-стагнаў.
Убачыўшы нас, Цмок спыніўся. Адступіў крок назад, а пасля, падскочыўшы ўгору, зноў залямантаваў: у-у-у, а-а-а…
Мяне як лёдам абдало. «Зараз праглыне», — са страхам думаў я.
Цмок неспадзявана бухнуўся на калені.
— Даруйце! Я больш не буду! — на ўвесь лес закрычаў.
Мы адразу пасмялелі.
— Цішэй, пан Цмок, — паморшчыўся Дзіма. — Чаму абвязаўся? З вайны вярнуўся? Га?
— Крычыш, як быццам цябе рэжуць, — са здзекам прамовіў я.
— Зуб баліць, — вытрашчыў вочы Цмок.
— Баліць? — нібыта здзівіўся я.
— Так баліць, што хоць у прорву кідайся.
— А чаго ты жалезны боб грыз? — накінуўся на Цмока Дзіма.
— Бо хацелася. Дапамажыце. Выратуйце.
Да Цмока падышоў дзядзька Тодар, сціснуў пальцы ў кулак, сваім вялізным, як бохан хлеба, кулаком памахаў перад самым носам:
— Скрыпку аддасі?
- І скрыпку аддам, і смык. А-а-а…
— Скажаш, куды музыку-чарадзея пасадзіў?
— Скажу. Усё скажу. У-у-у… Ратуйце мяне.
Мы з Дзімам адышліся ўбок.
— Што будзем рабіць? — спытаўся Дзіма.
— Думаю, што трэба вырваць гэтаму злыдню зуб. Пасля ён як шоўкавы стане.
— Чым вырвеш? Рукамі? Вось каб якія-небудзь пласкагубцы былі. Учапіліся б удвух і вырвалі б.