Вось так я думаў. А непадалёку курчыліся ў сетцы Міхась і Наташа. Вядома, і ў іх думкі невясёлыя. Развесяліць іх, ці што?
— Міхась, Наташа, вы жывыя?
— Жывыя, — азваўся Міхась. — Панастаўлялі розных сетак у лесе. Хіба гэта возера? Ну й парадачкі тут! Усё шыварат-навыварат перакручана.
— Вы не бойцеся. Паляўнічыя сетку паставілі. Яны нас вызваляць.
«Вызваляць…» Невядома, калі вызваляць. Ды хіба скажаш так Наташы? Навошта мы яе з сабою ўзялі? Там, у «Яшчарцы», трэба было прыдумаць штосьці такое, каб не паляцела з намі, каб дома засталася.
— Андрэй, думаеш, прыйдуць паляўнічыя? — спыталася Наташа.
— Абавязкова прыйдуць.
— Але ж паляўнічыя індзейцы. Яны не любяць белых. Што, калі…
Наташа не даказала да канца, ды я выдатна зразумеў яе.
Як жа падтрымаць яе? Што прыдумаць?
— Наташа, такія сеткі індзейцы не ўмеюць плесці. Іх плятуць пігмеі. Пігмеі жывуць у Афрыцы.
— Ты што хочаш мне сказаць? Яны з Афрыкі ў Амерыку на паляванне прыехалі?
— Не. Я думаю, што сетку Кляйн сплёў. Ен усё ўмее. У яго кацялок варыць.
— Кляйн прыйдзе сюды? Хутка прыйдзе? Як ты лічыш?
— Абавязкова прыйдзе. Чаго нам баяцца? Крыху павісім, адпачнем. Я ўжо нахадзіўся. Ажно падэшвы пякуць. Ведаеш, гэта добра, што мы ў сетку трапілі. Хоць не прыйдзецца па лесе блукаць. Кляйн сам у лабараторыю завядзе.
Наташа ўсміхнулася:
— Андрэй, я ўжо не баюся.
Усё-ткі супакоіў я Наташу. Нездарма стараўся. І ў самога неяк павесялела на душы. Чаму Міхась маўчыць? Надзьмуўся, як індык. Злуецца, відаць. А на каго злавацца? Сам у сетку заляцеў.
— Міхась, ты не заснуў?
— Думаю…
Думае… А чаго тут асабліва думаць? Вісі ды на сонейка пазірай.
— Будзеш многа думаць — хутка палысееш, — кажу.
— Я думаю, як нам з сеткі выкарабкацца.
— Хлопчыкі,— усклікнула Наташа, — на дрэве хтосьці сядзіць.
— Дзе? Дзе? — вырвалася і ў мяне, і ў Міхася адразу.
— Там, там…
Пачуўся сухі трэск. Быццам з рэвальвера стрэлілі.
А потым… Потым мы ўбачылі, што да нас ідзе вялізная малпа. Яна ішла па-старэчы, сагнуўшыся, абапіраючыся на тоўсты сук. Не дайшоўшы да нас колькі крокаў, малпа спынілася. Уважліва-уважліва паглядзела на нас, лыпаючы вялізнымі вачыма, паківала галавою.
«А што, калі зараз трэсне суком па галаве?» — падумаў я.
— Гэта шымпанзэ, — шаптаў Міхась. — Не бойцеся. Шымпанзэ вегетарыянцы. Яны мяса не ядуць. Ен не кране нас.