— Дзе конь? — запыталася Наташа.
— За дрэвам стаіць, — сказаў Міхась. — За гэтымі дрэвамі не толькі каня, але і воз можна схаваць. Я думаю, што гэты конь ад гаспадара ўцёк. Нам трэба абавязкова яго знайсці і злавіць. Сядзем вярхом і выедзем з лесу. Наташа, ты пойдзеш прама, я — справа, а Марозік — злева. Ніводнага дрэва не мінайце.
Мы разышліся ў розныя бакі, зазірнулі за кожнае дрэва, але нідзе нават конскага следу не заўважылі.
— Дзе ж ён падзеўся? — усклікнула Наташа, калі мы зноў сабраліся. — Няўжо тут коні на дрэвах жывуць?
Іржанне пачулася зноў. Мяне ажно скаланула. «А ці не пачынаюцца ў нас галюцынацыі?» — падумалася.
Я закрыў твар рукамі і пайшоў па густой траве, абы-куды, каб толькі хутчэй пакінуць гэтае зачараванае месца, дзе коні з-пад зямлі ржуць.
Раптам трава каля мяне закалыхалася, штосьці кінулася на мяне. «Удаў!» — з жахам падумаў я і заплюшчыў вочы.
— Трымай! — данёсся Міхасёў голас.
Я не зразумеў, каму ён крычыць. Потым здагадаўся, што Наташы.
— Андрэй, ідзі сюды, — паклікала Наташа. — Мы поні злавілі.
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў, што Міхась і Наташа стаяць на каленях і трымаюць… маленькага-маленькага коніка. У гэтага коніка ўсё было, як у звычайнага каня: і грыва, і доўгі хвост, і вушы. Але… ён быў меншы за нашу авечку. І ўжо пасля заўважылі, што ў яго на нагах не капыты, а пальцы, падобныя на авечыя.
Наташа ласкава гладзіла коніка па спіне, а ён дзьмухаў ноздрамі, незадаволены.
— Ен у траве хаваўся, — здагадаўся я. — А мы за дрэвамі шукалі.
— А ў цябе зубы не лекацяць? — запытаўся Міхась. — Шчыра прызнайся: спалохаўся?
— Ды не, — вырашыў схлусіць. — Я яго яшчэ здалёк убачыў. Знарок на яго ішоў.
— З заплюшчанымі вачамі?
— Так цікавей. Вы хоць ведаеце, каго злавілі?
— Поні,— упэўнена прагаварыла Наташа. «Гэта не поні. У поні рост большы, — разважаў я. — Можа, жарабя? Не. Грыва доўгая, як у дарослага каня, і зубы старыя, з’едзеныя. А яшчэ пальцы на нагах. Не капыты, а пальцы. Пальцы, пальцы… Чаму ў яго пальцы? Дык гэта ж, гэта ж…»
— Наташа! Міхась! Гэта старажытны конь! Першы конь быў ростам з лісіцу. Як гэты. І пальцы ў яго на нагах былі. Старажытныя коні ўпершыню ў Амерыцы з’явіліся. Амерыка — іхняя радзіма. Калісьці Амерыка з Еўропай і Азіяй сушаю злучаліся. На тыя мацерыкі коні перасяліліся. А ў Амерыцы яны чамусьці вымерлі. Так вучоныя лічаць.
— Лічылі,— паправіў мяне Міхась. — Застаўся ў Амерыцы старажытны конь. Мы яго ў Маскву завязем, вучоным пакажам.
Міхась, радуючыся, размахваў рукамі. — Ой, — войкнула Наташа, — старажытны конік вырваўся.
Наташа стаяла на каленях, бездапаможна расставіўшы рукі, а наш конік, высока падскокваючы, імчаўся па траве. Мы кінуліся за ім. Нашы ногі блыталіся ў густой траве, і мы таксама падскоквалі, як гэты конік.
Няўжо не дагонім, няўжо ўцячэ? Няўжо?.. Пот засцілае вочы… Неспадзявана штосьці пругкае спыніла мой бег. У гэтым пругкім заблыталіся рукі, ногі. Я рвануўся, каб вызваліцца, і адчуў, што заблытаўся яшчэ болей. Краёчкам вока ўбачыў, што побач вырываюцца Міхась і Наташа.
«Трапілі ў павуціну, — працяло мяне, як токам. — У павуціну павука-людаеда…»
ШЫМПАНЗЭ З ЭКВАТАРЫЯЛЬНАЙ АФРЫКІ
Я памыліўся. Гэта была не павуціна, а сетка, сплеценая з тонкіх, як ніткі, ліян. Я змог бы парваць іх, калі б вызваліў рукі. Ды яны былі аплецены ліянамі, нібы павуцінай.
Я ўспомніў, як на ўроку геаграфіі нам расказвалі, што такія сеткі звычайна плятуць афрыканскія пігмеі — самыя маленькія людзі на зямлі, рост якіх не большы чым сто сорак сантыметраў. Пігмеі прывязваюць сеткі да дрэваў ці кустоў, а потым крыкамі заганяюць жывёл. Спалоханыя жывёлы бягуць, ратуючыся ад загоншчыкаў, і трапляюць у сетку.
А вось нас дык ніхто не заганяў, мы самі ў сетку трапілі. Вядома, калі б так не гналіся за старажытным конікам, калі б не ляцелі на злом галавы, то заўважылі б гэтую пастку. А цяпер…
Што нас чакае? Што падпільноўвае ў гэтым загадкавым лесе?
Я пачаў лічыць нашых ворагаў. Мураўі і тэрміты, якія знішчаюць усё жывое на сваім шляху, — раз, хмары маскітаў і камароў — два, змеі… Не, хопіць лічыць, хопіць… Як недарэчна заблыталіся ў сетцы! Думалі коніка ў Маскву завезці! Праславіцца захацелася! І навошта нам той конік спатрэбіўся? Хай качаўся б у траве, хай ржаў бы.