— Марозік, — прапанаваў Міхась, — давай так зробім: знойдзем сховішча, дзе сядзяць людзі-жабы, і адзін з нас з кустоў выскачыць. Яны, канечне, кінуцца даганяць. А другі ў гэты момант выведзе з парка Наташу.
Адзін, другі… Неяк мудрагеліста разважае Міхась. Відаць, хітруе.
— Хто з кустоў выскачыць? — пытаюся. Міхась падумаў і сказаў:
— Выскачыш ты…
Не спадабаўся мне яго план.
— Саломінку выцягнем. У каго карацейшая, той і выскачыць.
Міхась мне:
— А хто з нас хутчэй бегае? Хіба я? Не, ты мяне у Дворным Садзе абагнаў. Ты ляцеў, як ракета.
Сапраўды, абагнаў. Выходзіць, я хутчэй бегаю. Каб ведаў, што такі план у Міхася з’явіцца, то нараўне бег бы. Хоць у мяне на душы кошкі скраблі, ды мусіў згадзіцца:
— Выскачу, калі так. Хай даганяюць.
— Не хвалюйся. На сваіх жабіных нагах яны цябе не дагоняць.
«На жабіных нагах…» Мяне ажно скаланула, як пачуў пра жабіныя ногі. Лепей не напамінаў бы.
Сагнуўшыся, стараючыся ступаць ціха-ціха, мы, як нам здавалася, непрыкметна падышлі да Дворнага Саду. Я ўявіў, як мы падкрадземся да сховішча тых пачвараў, як выскачу перад імі, як усе яны кінуцца за мною — і ногі сталі ватнымі.
Зняможаны, я спыніўся.
— Пайшлі,— тузануў Міхась за плячо. А на мяне яшчэ і дрыжыкі напалі.
— Чаго ты? — запытаўся Міхась. — Баішся?
— Не. Холадна. Грэюся, — кажу.
— Заўтра будзеш жартаваць.
«Заўтра…» Як мне хацелася, каб хутчэй наступіла гэтае «заўтра»!
— Я не жартую. 3-законы механікі п-павінен ты в-ведаць. Д-дрыжыкі — гэта адна з ф-форм абароны арганізма ад х-холаду. К-калі мы д-дрыжым, с-скарачаюцца мышцы. Р-работа мышцаў п-ператвараецца ў арганізме ў ц-цяпло. Р-разумееш?
Пра гэтае цяпло я, вядома, знарок Міхасю нагаварыў. Не хацелася прызнавацца, што боязна.
Мы прайшлі яшчэ колькі крокаў, спыніліся за кустом. Нечакана пачуўся свіст. Ціхі, быццам хтосьці клікаў каго. Я адразу перастаў дрыжаць. Самі сабою прайшлі дрыжыкі.
— Акрамя чалавека-жабы, тут яшчэ салавей-разбойнік блукае, — кажу, азіраючыся.
Міхась пацягнуў мяне за рукаў.
— Прысядзь.
Мы прыселі, схаваўшыся за куст. Зноў пачуўся свіст.
— Што будзем рабіць?
— Пачакаем, — сказаў Міхась. — Не думаю, што яны нас заўважылі. Між сабою перасвістваюцца. Няхай збяруцца ўсе, і ты тады выскачыш. Не здрэйфіш?
Я не паспеў адказаць, бо ў кустах штосьці трэснула і на невялічкую палянку выйшаў… чалавек-жаба. Ен азірнуўся па баках, спыніўся.
Мы затаілі дыханне.