— Пацерпіць, — засмяяўся Кальмар. Па спіне ў Наташы мурашкі забегалі.
— Рукі развязалі б, — сказаў Кока-Кола. — Не ўцячэ.
Кальмар зыркнуў на яго пукатымі вачыма.
— Яна мяне за палец укусіла!
Кока-Кола падышоў да Наташы, выняў з кішэні нож, разрэзаў вяроўку.
Кальмар хацеў штосьці сказаць, але Кока-Кола апярэдзіў яго:
— Не зыркай на мяне, не зыркай. Ведаю, што раблю.
Кальмар даеў апельсін.
— Мазалі баляць, — буркнуў.
— Будзе дождж, — сказаў Кока-Кола.
— Дождж? — падалося Наташы, з трывогаю перапытаў Кальмар.
— Будзе, — упэўнена сказаў Кока-Кола. — Перад дажджом заўсёды мазалі баляць. Атмасферны ціск паніжаецца. І расшыраюцца тканкі нагі. А цвёрды мазоль не здольны аднолькава расшырацца з мяккімі часткамі цела. Вось і раздражняюцца нервы.
— Бач ты! — здзіўлена прагаварыў Кальмар. — Залатая галава ў цябе, Кока-Кола. Нездарма сам Кляйн цябе паважае.
Наташа ўспомніла пра запіску. Кляйн, Кляйн… І там было такое прозвішча. Значыць, яны з Эльдарада. Значыць, праляцелі. Кляйн, Кляйн…
«Кляйн» у перакладзе з нямецкай абазначае «маленькі». Нямецкае гэта прозвішча. Але ж Эльдарада ў Лацінскай Амерыцы знаходзіцца. Там жывуць індзейцы, у іх павінна быць свая мова, не нямецкая. Чаму так? А запіска дык на рускай мове напісана. Хіба яны ведаюць рускую мову? Выходзіць, ведаюць. І ў нас дапамогі просяць. Але чаму мяне схапілі? Чаму такія нялюдскія? Чаму?
— Кока-Кола, — соладка пазяхнуў, пацягнуўшыся Кальмар, — значыць, будзе дождж?
— Будзе. Праз сем — дзесяць гадзін.
— Адкуль ты ведаеш? — азваўся Банан.
— Неба вечарам было ружовае. Заўсёды так: калі неба ружовае, чакай з захаду дажджу.
— І далёка хмары ад нас?
— За дзвесце — чатырыста кіламетраў. Перад заходам сонца на небе былі пёрыстыя воблакі. Гэта паказвае, што дождж ідзе за дзвесце — чатырыста кіламетраў ад нас.
— Цікава. А як ты даведаўся, што праз сем — дзесяць гадзін тут дождж пачнецца?
— Воблакі звычайна плывуць з хуткасцю трыццаць — сорак кіламетраў у гадзіну. Адлегласць, дзе ідуць дажджы, нам вядома. Падзелім яе на хуткасць воблакаў. Выходзіць: праз сем — дзесяць гадзін.
— Трэба ляцець. Трэба хутчэй ляцець адгэтуль! — усклікнуў Кальмар. — Мы тут няпрошаныя госці.
«Ляцець… Ен кажа: трэба ляцець, — разважала Наташа. — Значыць, я не памылілася, у іх ёсць нейкі лятальны апарат. І куды яны яго схавалі? Гэта не самалёт. Самалёт у кустах не схаваеш. Тады што? Відаць, лятаючая талерка. Няйначай. Здалёку яны прыляцелі. З Эльдарада. Усё-ткі з Эльдарада. Адтуль. Матэматыку ведаюць, астраномію, геаграфію. Асабліва гэты, Кока-Кола. Ен як сапраўдны прафесар. Няўжо ў далёкім Эльдарада таксама свае прафесары ёсць? Нейкі дзіўны гэты Кока-Кола. Зусім не такі, як Банан і Кальмар. І хусцінку з рота выняў, і вяроўку на руках разрэзаў. Банан, Кальмар… Ну й прозвішчы! Шкура шэрхне, як пачуеш. Яны ляцець збіраюцца… А мяне куды? Няўжо з сабою забяруць?»
На вочы ў Наташы набеглі слёзы. Яна непрыкметна, каб не бачылі гэтыя жабы, выцерла іх рукою.
— Выйду я, — прагаварыў Кока-Кола. — Яшчэ раз на неба зірну.
— Не баўся, — папярэдзіў Кальмар. Кока-Кола выйшаў са скляпення. І толькі цяпер Наташа адчула, што з ім чамусьці не было так страшна.
ХТО ТЫ, КОКА-КОЛА?
Вы, напэўна, памятаеце, што мы з Міхасём вырашылі вярнуцца ў Дворны Сад і вызваліць Наташу.