Мужчына ажно падскочыў:
— Што гэта?
«А ў цябе слабыя гайкі», — падумаў я.
— Пайшлі на надворак, пакуль не заўважылі, што каля плота сядзім, — пацягнуў мяне за сабою Дзіма.
Мы адчынілі весніцы, зайшлі на падворак, прывіталіся.
Мужчына зыркнуў на нас спадылба, а бабка Верка ўсміхнулася:
— Што скажаце?
— Вады захацелася папіць, — схлусіў Дзіма.
— Калодзеж на вуліцы, — няласкава сказаў мужчына. — Дасталі б і папілі б з вядра.
— Я не прывык з вядра піць, — з гонарам адказаў Дзіма.
— Школьнікі? — спытаўся мужчына.
— Школьнікі, — прагаварыў я.
— Можа, пазнаёмімся?
Мы моўчкі стаялі, пераступаючы з нагі на нагу.
— Гэты Міхась, а той Дзіма, — тыцнула пальцам бабка Верка. — Саромеюцца хлопцы.
— Міхась? Дзіма?
Мужчына выцягнуў шыю, зірнуў на нас, як кот на мышэй. Мне здавалася: яшчэ хвіліна — і кінецца, ушчарэпіцца, каб не выпусціць. Але, на шчасце, не кінуўся, праз секунду скрывіў губы ва ўсмешцы:
— Мяне Фама Спірыдонавіч зваць. Са сталіцы я прыехаў. Навуковым работнікам там працую. Вялікія навуковыя працы пішу. Захацелася ў вёсцы крыху пажыць, вясковым кіслародам падыхаць. Вераніка Юльянаўна дазволіла, каб у яе пажыў.
— Жывіце, Фама Спірыдонавіч. Колькі захочаце, жывіце. Я вучоных людзей паважаю. Я з вас нават грошай не вазьму.
— Мы пойдзем, — сказаў Дзіма, адступаючы.
— Вы ж хацелі вады папіць, — здзівілася бабка Верка.
— Ужо расхацелася, — крыкнуў я, зачыняючы весніцы.
— Не падабаецца мне гэты Кот Спірыдонавіч, — сказаў Дзіма. — Нутром адчуваю, што кепскі ён чалавек.
— Ён такі навуковы работнік, як я старшыня калгаса, — падтрымаў я Дзіму. — Ваду муціць. Нас, школьнікаў, з’есці гатоў. Валіць з хворай галавы на здаровую.
Вось так мы пазнаёміліся з кватарантам бабкі Веркі Фамой Спірыдонавічам, ці, як назваў яго Дзіма, Катом Спірыдонавічам.
НАЗАЎТРА ПАСЛЯ ЎРОКАЎ
Назаўтра пасля ўрокаў мы з Дзімам сядзелі на лаўцы і Фаме Спірыдонавічу костачкі перамывалі. Асабліва Дзіма стараўся:
— Гэты Кот Спірыдонавіч адно не праглынуў нас.
— Але, — падтрымліваў я Дзіму, — глянуў на мяне як тры грошы даў.
— Відаць, шпіён.