Я азірнуўся.
— Дзякую. Мы яшчэ вернемся, — крыкнуў.
Чароўная мелодыя гучала, спяваючы аб шчасці, і радасна было на душы.
Частка трэцяя
ПЯЦЬ ДОБРЫХ СПРАЎ
ЯК ПАЧЫНАЛАСЯ ЗАВЯЗКА
Тры дні мы з Дзімам пражылі без усякіх прыгод. А вось на чацверты дзень, у сераду…
Не, не стану забягаць наперад. Паслухайце, як пачыналася новая завязка.
Раніцою мы з Дзімам ішлі ў школу. Ідзем, значыць, пазяхаем (перад гэтым цікавы фільм паказвалі ў перадачы «Для тых, хто не спіць», і мы з Дзімам, вядома, таксама не спалі, глядзелі яго), а насустрач загадчык фермы дзядзька Рыгор, ці, як у вёсцы завуць яго, Іванавіч. Дваццаць сем гадоў хлопцу, а ўжо Іванавіч. Заслужыў.
Параўняўся ён з намі і пытаецца:
— Не выспаліся, хлопцы?
— Не, — пазяхнуў я.
— Каб які дабрадзей дзве ночы стачыў, то, канечне, выспаліся б, — вырашыў пажартаваць Дзіма.
Іванавіч крыва ўсміхнуўся:
— А калі я вас цяпер за вушы ды ў міліцыю?
— За што? — спачатку не дайшло да мяне.
— За вушы, — цвёрда сказаў Іванавіч. — А пасля: — Па-добраму прызнавайцеся. Я ўсё ведаю.
Рыжыя вусы ў Іванавіча таргануліся. У яго, ведаў я, заўсёды так, калі злуецца. Мы стаялі як апараныя кіпнем.
— Мы нічога кепскага не рабілі, — першым апамятаўся Дзіма.
— А чаму не выспаліся?
Злосць мяне ўзяла. Хай сабе ён загадчык фермы, хай сабе Іванавіч, але чаму сярод вуліцы запыняе? Чаму ні за што чапляецца да нас?
— Вы ў сябе на ферме камандуйце. Даяркамі і каровамі, — кажу. — А нам у школу трэба ісці.
Зноў у Іванавіча вусы таргануліся.
— Смелыя, — працадзіў ён праз зубы. — Паглядзім, як у міліцыі заспяваеце.
— Мы і ў школе наспяваемся. Во хопіць, — правёў я рабром далоні па горле. — Сёння ў нас спевы якраз.
Іванавіч падняў руку. Відаць, хацеў схапіць нас за вушы, але мы, як два зайцы, адскочылі ўбок.
Іванавіч пагладзіў свае рыжыя вусы, а потым спытаўся:
— Навошта кароў павыганялі?
Калі б гэты эпізод у якім-небудзь фільме паказвалі, то я аж бакі рваў бы. Але тут было не да смеху. Я разумеў, што трэба ратавацца.
— Нашу карову тата на пашу выганяе. Я сплю як забіты, калі ён яе выганяе, — кажу, адступаючыся назад.