— А ці не маглі б вы патлумачыць, — папрасіў я, — што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?
— З вялікім задавальненнем, — адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.
— З вялікім задавальненнем, — паўтарыў ён. — У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна восемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, — хіба толькі ад няшчаснага выпадку, і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Восемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго — ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.
— Прашу мне прабачыць, — сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, — прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?
— Канечне, сэр, — адказаў граф і замаўчаў.
— Мне толькі хацелася задаць вам адно пытанне, — сказаў доктар. — Вы казалі пра тое, што гісторык сам выпраўляе памылкі ў паданнях пра яго эпоху. Тады скажыце, прашу вас, колькі праўды звычайна заставалася ва ўсёй гэтай кабалістыцы?
— Уся гэтая, як вы правільна заўважылі, кабалістыка звычайна выяўляецца настолькі ж праўдзівай, як і факты ў кнігах, якія самі гісторыкі потым не перапісвалі: невядома ніводнае дэталі, якая так ці іначай не была б цалкам і дарэшты памылковай.
— Калі мы з вамі высветлілі, — працягнуў доктар, — што з часу вашага пахавання прайшло не менш за пяць тысяч гадоў, я ўпэўнены, што вашыя тагачасныя гістарычныя працы, а можа, нават паданні ўтрымлівалі шмат падрабязнай інфармацыі на тэму, цікавую для усіх, — тэму стварэння свету, якое адбылося, як вы, мабыць, ведаеце, усяго за тысячу гадоў да вашага нараджэння.
— Прашу прабачэння, сэр?.. — не зразумеў граф Хібанахібіё.
Доктар паўтарыў сваю думку, але яму давялося шмат дадаткова тлумачыць, перш чым чужаземец змог яго зразумець. Урэшце апошні няўпэўнена сказаў:
— Згаданыя вамі ідэі, шчыра прызнаюся, для мяне зусім новыя. У мае часы я не ведаў нікога, хто б трымаўся незвычайнай фантазіі, нібыта сусвет (ці гэты свет, калі вам будзе заўгодна) увогуле калісьці меў пачатак. Помніцца, як аднойчы і толькі аднойчы я чуў ад аднаго мысляра штосьці аддалена да гэтага падобнае, звязанае з паходжаннем чалавечае расы. Дарэчы, гэты чалавек ужываў імя Адам, ці Гліна, пра якое вы гаварылі. Аднак ужываў ён яго ў шырокім сэнсе, кажучы пра адвольнае зараджэнне з урадлівай глебы (як зарадзіліся тысячы ніжэйшых відаў), адвольнае зараджэнне, паўтаруся, пяці вялізных чалавечых плямёнаў, што адначасова з'явіліся ў пяці асобных, але амаль роўных частках свету.
Тут мы ўсе паціснулі плячыма, а нехта з нас нават са шматзначным выглядам пастукаў сябе па ілбе. Містэр Сілк Бэкінгем, слізгануўшы поглядам спачатку па патыліцы, а потым па макаўцы Хібанахібіё, зазначыў:
— Такая працягласць чалавечага жыцця ў вашыя часы, а таксама адзінкавыя выпадкі пражывання яго, як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.
— Мушу прызнацца, — пачціва сказаў граф, — што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?
Тут уся нашая кампанія хорам пачала падрабязна расказваць пра палажэнні фрэналогіі* і пра цуды жывёльнага магнетызму.
Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя* і Шпурцгайма* была ў зеніце і пасля закацілася ў Егіпце так даўно, што пра іх паспелі ўжо забыць, а цуды Месмера* былі напраўду вартымі жалю фокусамі ў параўнанні з дзівосамі фіванскіх мудрацоў, якія стварылі вошаў і мноства такога іншага.
Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.
Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы De facie lunae [100].
Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага*. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:
— А паглядзіце на нашую архітэктуру! — усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. — Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын* у Нью-Ёрку! — захоплена працягваў ён. — Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне*!
I добры маленькі доктар пачаў вельмі падрабязна апісваць усе элементы будынка, які толькі што згадаў. Ён патлумачыў, што адзін партал упрыгожаны не менш як дваццаццю чатырма калонамі пяці футаў у дыяметры на адлегласці дзесяці футаў адна ад адной.
Граф адказаў, што ён, на жаль, не можа цяпер прыгадаць дакладныя памеры любога значнага будынка ў горадзе пад назвай Азнак*, закладзеным калісьці ў цемры часу і руіны якога пры жыцці графа ўсё яшчэ можна было пабачыць у шырокай пустэльні на ўсходзе ад Фіваў. Аднак калі гаварыць пра парталы, то яму прыгадваецца, што адзін такі, прыбудаваны да пасрэднага палаца ў Карнаку* (гэта штосьці накшталт прыгарада), складаўся са ста сарака чатырох калонаў трыццаці сямі футаў па акружнасці на адлегласці дваццаці пяці футаў адна ад адной. З боку Ніла да палаца можна было пад'ехаць па алеі даўжынёй дзве мілі, утворанай сфінксамі, статуямі і абеліскамі вышынёй дваццаць, шэсцьдзесят і сто футаў. Сам палац, наколькі ён памятае, быў дзве мілі ў даўжыню і штосьці каля сямі па акружнасці. Муры яго былі ўсярэдзіне і звонку багата распісаныя іерогліфамі. Ён не можа дакладна сказаць, ці змясцілі б сцены гэтага палаца пяцьдзясят ці шэсцьдзесят Капітоліяў доктара, але ён упэўнены, што з некаторымі цяжкасцямі туды можна было б увапхнуць іх штук дзвесце-трыста. I ўсё ж палац у Карнаку быў досыць нязначным будынкам. Тым не менш ён, граф, з усёй шчырасцю не можа адмовіць фантану на Боўлінг-Грын у арыгінальнасці, раскошнасці і выбітнасці, як казаў пра яго доктар. Нічога такога, ён вымушаны адзначыць, ніколі не бачылі ні ў Егіпце, ні дзе-небудзь яшчэ.
Я спытаў у графа, што ён можа сказаць пра нашыя чыгункі.
— Нічога асаблівага, — адказаў ён. Яны досыць ненадзейныя, нядбайна зробленыя і нязграбна пакладзеныя. Іх нельга нават параўноўваць, скажам, з шырокімі, роўнымі, наўпростымі дарогамі з жалезнымі латакамі, па якіх егіпцяне транспартавалі вялікія храмы і цэльныя абеліскі вышынёй сто пяцьдзясят футаў.
Я згадаў пра нашыя вялізныя механічныя сілы.
Ён пагадзіўся, што нешта пра гэта чуў, але пацікавіўся, якім чынам я справіўся б з задачай падняць пяты арак хаця б аднаго з невялікіх палацаў Карнака.
Я вырашыў не пачуць гэтае пытанне і пацікавіўся, ці ўяўляе ён, што такое артэзіянскі калодзеж, але ён проста падняў бровы, тым часам як містэр Глідан пачаў мне люта падміргваць і зашаптаў, што, маўляў, адзін такі быў зусім нядаўна знойдзены інжынерамі, якія рабілі свідравіну, шукаючы ваду ў Вялікім Аазісе*.
Я ўспомніў пра нашую сталь, але чужаземец толькі задраў нос і пацікавіўся, ці можна з дапамогай нашай сталі выконваць каменярэзныя працы — такія, як на абелісках, што, дарэчы, былі зробленыя выключна меднымі разакамі.
Гэта настолькі нас збянтэжыла, што мы вырашылі разнастаіць свае нападкі і звярнуцца да метафізікі. Быў прынесены асобнік «Даела»*, адкуль мы зачыталі частку-другую пра нешта досыць няўцямнае, але акрэсленае бостанцамі як «вялікі рух прагрэсу».
Але граф толькі і сказаў, што «вялікія рухі» ў яго час здараліся ледзь не кожны дзень. Што ж да прагрэсу, то некаторы час ён прыносіў-такі пэўныя нязручнасці, але надта далёка не пайшоў.
[100] «Пра твар, бачны ў дыску месяца» (лац.) — дыялог Плутарха (46-120 н. э.).