— Няма за што. Не нагрэлася яшчэ?
— Норма.
— Вязу да падлешчыкаў. Мінулы раз з цесцем вяліць падвесілі. Якраз паспець павінны...— Лісоўскі прыжмурыўся і выцягнуў губы ўперад.— З півам пасля лазні пойдуць — святыя такога не елі.
Машына абагнала пустыя калёсы; на іх, звесіўшы праз драбіны ногі, ехаў дзед у зімовай шапцы. Лісоўскі спыніўся:
— Гэй, баця! Давай транспартам мяняцца!
Дзед не адгукнуўся, толькі махнуў на каня лейцамі.
— Ну, як хочаш.— Лісоўскі, незадаволены, што не падтрымалі жарту, ляпнуў дзверцамі і крануў з месца. Але неўзабаве прыкрасць мінулася, і ён гучна засмяяўся.
— Анекдот учора расказалі. Слухай. Расказваць анекдоты Лісоўскі ўмеў. Скончыўшы, ён раскаціста зарагатаў і ажно дастаў ілбом абаранку, паказаўшы пры гэтым сваю лысаватую макаўку.
— Ну як?
— Нармальна.— Пасажыр усміхнуўся ў акуратную цвёрдую шчотачку вусоў.
Лісоўскі спадзяваўся, што спадарожнік разлічыцца за ягоны анекдот сваім, ды той маўчаў. А Лісоўскаму карцела паразмаўляць. Ён любіў гаваркіх пасажыраў.
— Да сваякоў гоніш? Сальца-гурочка на зуб па-класці захацелася?
Пасажыр адмоўна пакруціў галавой.
— А да каго?
— Ды так...
«Узяў як чалавека, а яму пагаварыць па-людску цяжка»,— пакрыўдзіўся ў думках Лісоўскі, але роспыты не пакінуў.
— Працуеш дзе ці вучышся?
— Працую.
— I кім?
— Мастак.— Пасажыр чамусьці збянтэжыўся.— Ну які мастак... Стэнды афармляю, лозунгі пішу...
— У мяне малец знаёмы таксама мастак. Жыве — і не скардзіцца,— сказаў Лісоўскі, задаволены, што размова, здаецца, пачынае наладжвацца.— А я ў дзяцінстве, ты ведаеш, і сам гэтую справу любіў.— На ягоны твар выплыла спакойная паблажлівая ўсмешка.— На Новы год сёлета меншы мой прычапіўся: намалюй яму на акне ваўка з зайцам, і ўсё тут. Давялося стары спрыт паказаць. «Ну, пачакай!» зрабіў, Кракадзіла з Чабурашкам, Віні-Пуха... Радасці малому было!.. Так, будзем курыць...— «Жыгулі» прыстроіліся да гужа машын перад закрытым пераездам, і Лісоўскі выключыў матор.— А з адукацыяй як? — павярнуўся ён да пасажыра.
— Ніяк пакуль.
— Вучышся?
— Кінуў.
— Во як...— зацікавіўся Лісоўскі.— А што кінуў?
— Горны.
— Інстытут?
— Ага.
У вачах Лісоўскага бліснуў недавер.
— Няўжо не падабалася? Там жа конкурсы, я чуў, о-го-го! У суседа сын летась паступаць ездзіў...