Бабка Паўліна зніякавела, зацерабіла каструбаватымі пальцамі прыпол спадніцы.
— Шкода ж, дзетухна,— вінавата загаварыла яна.— Самы галасісты на дзярэўні быў. Як запяець-запяець, бывала... Аж памаладзееш.— Бабчын твар прасвятлеў, і на ім увачавідкі паменшала зморшчын і зморшчынак, нібыта яна сапраўды на імгненне памаладзела.— I цяперацькі весялей мне тутака.
— Чулі,— строга сказаў мужчына.— Суседзям таксама весела. Шуміце, адпачываць перашкаджаеце. Нядобра, бабка...
— А ўверсе ж самі гэта... сабаку дзяржаць,— нясмела прамовіла бабка.— Таксама, дзетухна, шуміць.
— Сабаку дазволена,— націснуў на апошняе слова госць.— Сабаку, ката — калі ласка, хоць марскую свінку. А пеўня — не паложана. Людзі на адказных пасадах працуюць, трэба, каб за ноч мозг паўнацэнна асвяжыўся, а ваша птушка а трэцяй гадзіне пачынас крычаць. Я вас пераканаўча прашу: пры-мі-це ме-ры.— Ён на хвіліну задумаўся.— Магу памагчы, каб вам не валаводзіцца. Колькі вы просіце за птушку?
— А што ж гэта ты з ім рабіць будзеш, з пеўнікам, га? — падазрона спытала бабка Паўліна.
— Як што? — мужчына трохі сумеўся.— Ну... э-э-э... ведама што.— Ён пакруціў у паветры пальцамі.
— Грэх, чалавеча, такога пеўніка са свету прыбіраць, грэх, — дакорліва захітала галавой бабка.— Ты ўжо счакай дзянёк, прыстрою яго куды да добрых людзей.
— Я толькі папрашу, хутчэй,— сказаў госць на развітанне.
— Вы чыя-небудзь бабуля? — ветліва пацікавілася дробненькая бялявая дзяўчына ў джынсіках, што карміла з юннатамі рыбак.
— Не, дачушка,— збянтэжылася бабка Паўліна. — Я гэта... жывотную вам прынесла. Парадзілі во добрыя людзі.
Яна насцярожана скасавурылася на чучала сарокі і паставіла ля ног абвязаную хусткай кашолку. Дзеці пырснулі ад акварыумаў да бабкі.
— Толькі не чарапаху,— папярэдзіла дзяўчына.— Чарапах ужо столькі нанасілі...
— Не-не, дачушка,— зарадавалася бабка.— Пеўнік у мяне.
Вочы дзяўчыны акругліліся:
— Як пеўнік?..
Бабка ўкленчыла перад кашолкай і выпусціла пеўня. Ён, радуючыся волі, выцягнуў шыю з залацістым каўнерыкам і на ўсцеху дзятве гучна залопаў чырвонымі пералівістымі крыламі.
— О-ой, прыгажун...— прамовіла дзяўчына, якая яшчэ не прыйшла ў сябе ад нечаканасці.— Але нам, бабуля, напэўна, не дазволяць...
— Вазьмі, дачушка. Ён жа не просты ў мяне пеўнік. Самы галасісты на дзярэўні быў. А цяперацькі ў вас, у горадзе, жыву, знеслі нашыя Лужкі. Квацеру харошую далі, а з пеўнікам во няма рады. Не паложана, кажуць, на квацеры дзяржаць, шуміць. Вазьмі, дачушка. Рушны ён, фуліганіць не будзе. Я вам і ячменю торбачку прынесла, дужа ён ячмень бажаець. I яшчэ прынясу. Я, дачушка, прыходзіць буду. Бу-у-ду.
— Давайце возьмем, давайце возьмем,— пачалі прасіць юннаты. Нехта паспеў насыпаць пеўню крошак, і той шчыраваў над імі, удзячна зіркаючы на дзяцей цікаўным чорным вокам.
Дзяўчына замыліла губку і відавочна вагалася. I ў гэты самы напружаны і адказны момант певень... правініўся.
Дзяўчына пачырванела, юннаты захіхікалі.
— Ах ты, шкарадзь! — Бабка Паўліна замахала на пеўня рукамі, выхапіла з кашолкі анучку і хуценька выцерла падлогу.
— Не можам, бабуля, узяць,— цвёрда сказала дзяўчына.— У нас, па-першае, няма ўмоў. I ўвогуле... Як бы вам растлумачыць? Справа ў тым, што певень не ўяўляе для юных натуралістаў асаблівай цікавасці.
Бабчыны вочы сцьмелі.
— Не возьмеце? — маркотна перапытала яна.
— Не можам, бабуля, зразумейце,— адвёўшы вочы, адказала дзяўчына і неяк няўпэўнена прапанавала: — Вось, калі хочаце, чарапаху вам можам падараваць...
— Не трэба, дачушка, дай табе бог здаровейка. Увечары ля пад'езда стаяла купка жыхароў.
— Вы толькі падумайце! — абуралася хімічная бландзінка.— Чацвёртую ноч спаць не дае! Гэта ж чыстай вады хуліганства! Я ў міліцыю так і напісала. Не прыструняць — сама меры прыму.
— Якія? — запытаўся нехта, хаваючы ў рукаў усмешку.