- Добра мовіў. - Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.
- А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? - са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус. - Пад тымі, што біскуп даў?
- Пад полацкімі! - апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары падлетка з'явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.
Літоўскі воін Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.
- Затчэна* каргача ды маўклівы чалавек - невядома, што ў іх ёсць, - павярнуўся князь да аўкштайта. - Якія весці прынёс?
* Заторкнутая.
- Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. - Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску. - Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.
І Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводаю добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Ўсеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.
- Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. - Голас аўкштайта зазвінеў. - Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны, - Рудзіс выцягнуў перад сабою даўгія рабаціністыя рукі, - летась забралі жывот у сямі рытараў.
- Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?
- Нашы воіны прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта - вайна. Мы дамо столькі сотняў воінаў, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.
- Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? - таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша.
- Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.
Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў.
- Стольніка з чашнікам сюды! - загрымеў князь. - Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!
Лекар вярнуўся ў Запалоцце, калі вадзянік ужо расклаў сваё халоднае вогнішча і над ракою папоўз туман. Дзітрых насвістваў крывіцкую песеньку.
Пастаялец чакаў на старым бервяне пад тынам, там, дзе падворак апускаўся да Палаты. Чалавека, што сядзеў тут, нельга было згледзець з вуліцы. Убачыўшы лекара, Тэадорых, не тоячы нецярплівасці, ускочыў на ногі.
- Gоtt mіt uns! - прывітаўся кастапраў. Ад яго пахла брагай.
Яны зайшлі ў хату, і Тэадорых зачыніў дзверы.
- Бачу, ты вясёлы. Напэўна, не толькі ад віна?
Лекар, муркаючы пад нос сваю песню, адсунуў засаўку і прыцягнуў з клеці збан хмельнага мёду.
- Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых, - сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак. - Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га... Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам.
- Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі?
Гаспадар кіўнуў.
- Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму купцы. Камень з таго пярсцёнка забівае атруту*.
* Гаворка ідзе пра так званы безаарны камень, які ўтвараецца ў страўніку некаторых жывёл. Прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства сярэднявечнай Эўропы, баючыся, што іх атруцяць, пад час застоліцы нярэдка кідалі ў келіх пярсцёнак з безаарным каменем або высыпалі туды загадзя натоўчаны парашок. Лічылася, што ад гэтага любая атрута, асабліва найбольш пашыраны тады мыш'як, траціць сваю сілу. Доследы сучасных біяхімікаў пацвердзілі, што безаарны камень у выніку хімічнай рэакцыі сапраўды робіць няшкоднымі мыш'як і арсеніды.
- Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не паможа ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул.
- З намі Бог. - Кастапраў зноў напоўніў шкляніцы. - Выпі, брат Тэадорых, і даставай сваё золата. Не, яно ўжо маё. Га-га-га... Дзе маё золата, брат Тэадорых?
На стол з глухім стукам упаў цяжкі палатняны мяшэчак. Перакуліўшы шкляніцу ў разяўлены рот, лекар выцягнуў з мяшэчка залаты і праверыў яго на зуб. Ужо не надта ўпэўнена трымаючыся на нагах, ён схаваў золата недзе за печчу.
- Адну манету Дзітрых дасць удаве Агафіі з Млынавага завулка. Не, ён дасць ёй дзве манеты. За тое, што яна любіць старога кастаправа Данілу. І за тое, што цела ў яе белае, як пшанічная мука. А трэці залаты ён дасць ёй за тое, што... Га-га-га... Брат Тэадорых, ты любіш... га-га-га... - Ён зрабіў непрыстойны жэст.