Альбертаў пасланец глядзеў на лекара рысінымі вачыма. Ён падышоў да дзвярэй і зноў зачыніў іх на засаўку.
- Ты шмат п'еш, Дзітрых, а калі чалавек вып'е, ён робіцца балбатлівы, як жанчына.
Рухі ў лекара запаволіліся. Ён важка апусціўся на лаву і паківаў перад носам у Тэадорыха кароткім мясістым пальцам.
- Скажы біскупу, што Дзітрых ведае, што робіць. У яго не развяжацца язык нават пад агнём. Дзітрых не будзе карміць рыбу ў Дзвіне, як недарэка Зігфрыд, хоць ён і прыхапіў з сабой на той свет аднаго з гэтых схізматаў. Га-га-га...
У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася.
- Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі.
- Вось гэта праўда, - цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі.
Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Дзітрых паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог, дагары забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп.
Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам.
- Кароль Вальдэмар памрэ, - напаўголаса загаварыў пасланец біскупа. - Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд. - У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск. - Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове.
Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха. Недзе паблізу вылі сабакі.
У першую нядзелю, па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз'ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад'юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага кастаправа Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.
Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з выразаным на ёй аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы няўцямнага страху, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.
Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой душыцаю і мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.
Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца.
Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго.
- Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! - выгукнуў ён.
- Не спяшайся памерці, нямчын, - спакойна азваўся Валодша. - Не забіваць жадаю, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта.
- Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Юда, - вуснамі, а не сэрцам. - Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў. - Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі.
- Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца, - прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум.
- Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі, - падаў голас Віславус.
- Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, - гучна адказаў немец.
Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.
- Палюбіў воўк кабылу... - скрозь смех вымавіў пасаднік.
Твар Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам.
- Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? - адсмяяўшыся, запытаў князь. - Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю?
- Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як яго душу неслі анёлы.
- Ці не чорныя былі тыя анёлы? - спытаў Віславус.
Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды.
- У Полацак уцякло шмат людзей з земіголы. - Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду. - Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.