А мо ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкротна варты смерці!
Новыя роспачныя малітвы вырываліся з маёй душы, але ён не чуў, а мяне ўжо дапінала гарачае дыханне вогнішча. І тады я пачаў блюзнерыць і ў думках сваіх даходзіў да грахоў, адпусціць якія не можа нават самая дарагая прошча*. Але ён застаўся глухі, і тады я ў адчаі звярнуўся да яго астатні раз. Божа, папрасіў я, калі ты ёсць, спапялі мяне.
* Індульгенцыя.
І ён зноў не пачуў.
А дым ужо ахінуў Хрысцініну постаць, і па-над пляцам разлёгся вусцішны крык звар'яцелага старога Лявона, і ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скінулі па перку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымі вачыма. І быў гэты чалавек мой бацька Антось...
Ачуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмі настаўніцу і чую штосьці пра цёмных продкаў і рэлігійную ачмару.
Як вы мяркуеце, шаноўныя, ці ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўні ўжо дзень, калі на цвінтары загарэлася вогнішча з абразоў і старадрукаў нашае друкарні, і на самым яго версе, быццам ерэтыкі, ляжалі мы з Паўлам і братамі Янам, Мацвеем, Маркам і Лукашом? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешліва гартае кнігі, ператвараючы словы ў тло, а калі агонь падышоў усутыч, я стаў развітвацца з сінім, нібы бацькавы вочы, небам, і апошняе, што ўбачыў, перш чым нізрынуцца ў нябыт, была кніга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
Мяне выцягнуў з агню стары настаўнік, і па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-які ўчынак. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве ў левіяфана. Праўда, вылячэнню чыхаўкі новы прытулак не спрыяў, ды затое майму ратаўніку ўдалося пераканаць усіх, што яму проста трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымі вусамі зрабіў бы на месцы настаўніка тое самае. Ён яшчэ не наблізіўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым і цёплым струмком яго думак. А думкі ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалі гэтыя дзівосныя абразы, пра зямлю, якая іх нарадзіла. (Ты маніў у сваім пасланні, мой аднайменнік святы Пётра, калі пісаў, што ўсякая плоць, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, і квет яе апаў. Ты маніў.)
О не, шаноўныя, я не абмовіўся, што ведаю, аб чым думае гэты юнак.
За столькі гадоў кожны на маім месцы навучыўся б чуць думкі людзей не горш за іхнія словы. А ці трэба здзіўляцца таму, што я магу зазірнуць у кнігу чалавечага лёсу? Бачу ў ёй, што хлопец гэты — мастак і свечка яго душы будзе гарэць моцна і роўна і не пагасне, пакуль ён не збярэцца ў сваю астатнюю дарогу.
Чаму пячатка маўчання ляжыць на маіх вуснах?! Я распавёў бы яму пра мастакоў, што размалёўвалі мой старадаўні прыстанак фрэскамі.
Іх было двох — бацька і сын, і яны гаварылі між сабою той моваю, што і Антось.
Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынку — сам пан Бог не здолеў бы дапамагчы рэстаўратарам пасля таго, як на фрэскі гадамі любаваліся вецер і дажджы. А тады...
Гэтыя двое, што пачыналі свой дзень з пацераў святому Лукашу*, былі праўдзівыя цудатворцы. Здавалася, іхнім пэндзлям аддалі барвы самыя зыркія і зіхатлівыя з вясёлак, што ад стварэння свету запальвала над гэтай зямлёю сонца. Здавалася, з вуснаў намаляваных імі сівабародых прарокаў вось-вось зляціць вешчае слова, а кветка ў руках у царыцы Саўскай была гэткай жывою, што на яе аднойчы ўсцешана апусцілася заляцелая ў храм пчала-медавіца...
* У сярэднявеччы апостал Лука лічыўся апекуном мастакоў.
Князь па-каралеўску адарыў мастакоў золатам з бяздонных сваіх скарбніц ды, мала гэтага, абвясціў наваколлю, што дае ў гонар слынных майстроў баль. Кажуць, болей чым сотню суседзяў і васалаў сабрала ў замку тая бяседа, і на пачэсным месцы сядзелі мастакі ў дараваных князем адамашкавых, з залатым тканнём каптанах, і слугаваў ім на знак асаблівае міласці адмысловы стольчы — накладаў на ўзорыстыя срэбныя споды дзічыну, падліваў у звонкія венецыянскія келіхі французскае віно. А ў глухім замкавым сутарэнні, куды знадворку не даляціць нават гарматнага стрэлу, ужо чакаў кат з гострым, бы асінае джала, кордам.
Ноч навылёт вірыла застоліца, а на світанні, у няпэўным святле аплытых свечак трохі цверазейшыя з бяседнікаў змецілі, як бацька і сын заснулі ў высокіх, аздобленых разьбою крэслах, звесіўшы русявыя галовы на грудзі, і княскія людзі асцярожліва паднялі крэслы і панеслі некуды па заблытаных пераходах.
Напоеныя падступным зеллем мастакі ціха ўсміхаліся ў сне і не ведалі, што больш нідзе і ніколі не паўтораць яны свайго дзіва, бо з гэтае раніцы іх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру...
Зірніце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова і бурштынава ўспыхнулі вітражы ў заходніх вакенцах! Гэта значыць, Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыі на гістарычным факультэце і хутка я застануся сам-насам з марудлівай паўнаватаю прыбіральшчыцай цёткай Ядвісяй.
Узнятыя ёю пылінкі будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промні, і, выбачайце, не будзе ўжо ніякае змогі ўтаймоўваць чыхаўку... Паглядзелі б вы, як пасля майго чыху цётка Ядвіся няўцямна-палахліва азіраецца на бакі і хапатліва жагнаецца на мяне і чамусьці на жалезнага рыцара, які вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву.
Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмінова трэба майстар, каб змураваць на летніку камін... Цікава, якая нітачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, ці каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкі, на якіх амаль нічога не відаць і якія ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнціць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкі?
Гэты лысаваты дагледжаны чалавек прыпыняецца каля мяне, я на імгненне сустракаюся позіркам з мітуслівымі вачыма за круглымі шкельцамі акуляраў, і гэтага дастаткова, каб кінуць вока ў яго будучыню.
Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусім мала дзён. Але журботна мне з іншае прычыны.
Ну што, скажыце, зменіцца, калі ён даведаецца пра пухліну, якая ўжо расце ў ягоным страўніку? Пачне бегаць, шукаць нейкія лекі...
Я хацеў бы, шаноўныя, каб ён пачуў пра друкароў з нашае друкарні, што стаяла водбліз гарадскога млына да таго страшнага пажару пад час даўняй вайны са шведамі.
Пра худога і цыбатага, нібы птушка жораў, мніха, які ўзімку і ўлетку хадзіў у адной лапленай сутане і які насмельваўся казаць непачцівыя словы самому князю, вінавацячы яго ў адступе ад бацькоўскіх звычаяў і слова. Казалі, мніх той быў заможным шляхціцам, ды змяняў поўны трыбух на друкарскі варштат, каб даць люду паспалітаму духоўную лусту, як запавечыў Францыск Скарына са слаўнага места Полацкага.
Згадаў бы я і другога ў друкарскіх справах майстра, чалавека простай сялянскай крыві, што, ратуючыся ад гневу маскоўскага патрыярха, вярнуўся на Бацькаўшчыну, знайшоўшы прыстанак у княскай друкарні. Не ведаю ягонага аблічча, бо быў ён не рымскае веры і касцёл абмінаў, не перажагнаўшыся, але ведаю, што ў астатні свой дзень друкаваў ён лемантар на роднай мове, калі ворагі былі ўжо на вуліцах места, і астатні раз убачыў сонца, баронячы на парозе друкарні кнігі. Лысаваты ўжо далёка адсюль — спяшаецца кудысьці ў вулічным збоі, а я па-ранейшаму думаю аб ім. Ці патрэбна яму тое, што я памятаю?
Раней я меркаваў, што яна, гэтая памяць, наогул не трэба нікому, апрача некалькіх дзівакоў, бо жыць без яе людзям зручней і ўтульней. Ды апошнім часам да мяне ўсё часцей прыходзяць іншыя думкі. Бо ёсць жа Алена, і той мастак з рудымі вусамі, і фацэтны паэт, што складае пра мяне паэму... А пакуль ёсць сейбіты, будуць і ўсходы. Хіба могуць вякі велічы, перамог і пакутаў пакінуць па сабе толькі тло?
Зрэшты, дбаннем рэстаўратараў, стагоддзяў пяць жыцця мне яшчэ забяспечана.