У запанавалай цішыні з'явіўся нейкі новы гук. Гэта было таканне ходзікаў. Дождж высільваўся, неба ўжо не грымела.
Тапор* разгарнуў на стале мапу.
* З тае прычыны, што інсургенты, якія сталі героямі гэтай гісторыі - рэальныя асобы і названыя тут сапраўднымі імёнамі, неабходна заўважыць, што пад мянушкаю Тапор хаваў сваё імя адзін з прадстаўнікоў «чырвонага» крыла паўстання, на той час вайсковы начальнік Магілеўскай губерні Людвік Звяждоўскі (1825-1864).
- Будзем прабірацца ў Магілеў, - сказаў ён пасля роздуму. - У бліжэйшым маёнтку зменім адзенне. З Магілева - на захад, туды, дзе паўстанне працягваецца.
За вокнамі пасвятлела, на небе з'явіліся акраўкі блакіту.
- Апроч таго, - прамовіў камандзір, - у нас ёсць прычына зрабіць у Магілеве візіт нейкаму пісару Савінічу. Вы чуеце, грамадзянін Антановіч? Калі вы будзеце настойваць, мы, бадай што, даручым гэты візіт вам.
Студэнт кіўнуў стрымана, але ў ягоных вачах была ўдзячнасць.
- Трэба ісці, - сказаў камандзір.
Чацвёра мужчын падняліся і разабралі з піраміды зброю.
Рандэву на манеўрах
Апавяданне
- Божа мой, пані Людвіка, ну як вы маглі падумаць... Ну няўжо ў вас сапраўды такое жорсткае сэрца? Што мне зрабіць, каб зноў убачыць, як вы ўсміхаецеся? Кажу, як на споведзі: я бязгрэшны, але дзеля вашае ўсмешкі я гатовы стаць на калені. Што?! О богі! Як да вас магла прыйсці такая думка? Пасля ўсяго, што было ўчора... Хіба мне гэта прыснілася? А калі нават і прыснілася, вы бачылі той самы сон. Вы таксама былі ў эдэме...
Пані Людвіка, дарагая мая... Буду размаўляць з вамі вось так, на каленях... Ну проста сабраліся ў палкавога камандзіра... Яго вялікасць зацвердзіў загад на двух афіцэраў... Некалькі келіхаў шампанскага за сяброўскім сталом... Ну так, я спазніўся, я крыху падшафэ... Mеа сulра, mеа mахіmа сulра*. Але, пані Людвіка, няўжо вы не разумееце, што прычына ў іншым...
* Мой грэх, мой страшэнны грэх (лац.).
Божа мой, ну, вядома, праўда! Ды я кожную хвіліну дзякую небу за тое, што паслала мне вас. Страшна нават уявіць, што мог бы не трапіць на гэтыя манеўры, застацца ў сталіцы... Нарэшце вы ўсміхнуліся. У вас такая мілая ўсмешка, яна нагадвае мне ўсмешку маёй маці.
Падымаюся, падымаюся... Вядома, не... Хіба можна адмовіцца ад вашага запрашэння? Дый, сказаць па шчырасці, цэлы дзень у роце, апрача шампанскага, ні расінкі.
Які стол! Пані Людвіка, зараз я зноў укленчу. У гэтай іпастасі вы таксама геній. Пры чым тут кухар? Ніякі кухар не здатны скласці такое меню. А гэта і ёсць славутыя вушкі з грыбамі, якія вы абяцалі?.. Не, сядайце насупраць, каб можна было кожнае імгненне абдымаць вас вачыма. Даруйце мне гэтую экзальтаванасць. Вы ведаеце, што ў шампанскага тут алібі...
Мальвазіі? У такім разе прашу ваш лафітнік. З вашага дазволу - я што-небудзь больш грубае... Калі не памыляюся, гэта той самы паштэт з рыжыкамі. Геніяльна!
Першы тост - за вас! За вас і за цудоўны месяц, які ў нас наперадзе! О, пані Людвіка, не мучце мяне! Я кажу пра наш першы месяц. Ну хіба мы ўчора пра ўсё не дамовіліся? На Каляды прыедзеце да мяне ў першапрастольную... Вядома, найперш да сына. Як цудоўна, што вы адправілі яго ў пансіён менавіта ў Маскву! Пазнаёмлю вас з mаmаn, зімою яна заўсёды ў сталіцы. Паездзім па тэатрах... У Малым з'явілася летась дзяўчынка, якой прарочаць вялікую будучыню. Марыя... Марыя Ярмолава... Не, актрысы існуюць для мяне цяпер толькі на сцэне... Заручыны можна абвясціць на Вялікдзень. Улетку - абавязкова ў Крым, там, каля Ялты, у mаmаn маленькі ўтульны дамок. Прынамсі, месяц ён будзе належаць нам. Такі, ведаеце, асколак мусульманскага раю. Татары, сонечнае крымскае віно... Будзем засынаць раніцай пад шум прыбою... За вас!
О, дзякую! Неадменна і паболей. Такі зваблівы пах! Як гэта называецца? Ма-чан-ка? Дзікунская назва! І з гэтае прычыны яшчэ смачней. Калі дазволіце, яшчэ мальвазіі...
Ведаеце, пані Людвіка, здараецца, што ўвосень позна ўвечары ці ўначы едзеш кудысьці - мокры, пануры, агорнуты безнадзейнасцю - і здаецца, што вось так, у цемры, будзеш ехаць бесконца, і ноч гэтая ніколі не скончыцца, і наперадзе ў цябе толькі імжа, гразкая дарога, голыя палі і безнадзейнасць...
І раптам, ужо тады, калі ўпакорыўся лёсу і гэтай дарозе з яе вечнай, усеабдымнай самотай, тады наперадзе, недзе за мокрымі прысадамі, - агні, цёплыя светлыя вокны, жаночы смех... Вы разумееце?..
У псіхолагаў ёсць такі выраз - deja vu*... О, ну што вы! Я не магу вас пакрыўдзіць - ні словам, ні нават думкай. Я хачу сказаць: тое, што цяпер адбываецца, ужо жыло ўва мне як светлая надзея. Не толькі вы, вашы цудоўныя валасы, вашы вочы, рукі, радзімка на мочцы маленькага вушка... Мне здаецца, і гэты вось камін, і клавесін, і гравюра - так, Міцкевіч, я пазнаў - і гадзіннік... Яны таксама жылі ў маёй памяці яшчэ за шмат гадоў да нашае сустрэчы.
* Тое, што ўжо бачыў (франц.).
Я раблюся сентыментальны... Даруйце, дарагая, я не пытаюся, што здарылася з вашым мужам, чаму вы так рана засталіся адны... Паверце, хто б ён ні быў, я паважаю яго, бо калісьці вы даверылі яму свой лёс. Але я не хачу нічога ведаць. Я не хачу, каб паміж намі нехта быў. Нават у мінулым.
Дзякую, з вялікім задавальненнем. Усё, да чаго дакранулася ваша рука... Я паўтараюся, але я сапраўды не веру свайму шчасцю. Тут, у гэтым мядзведжым кутку, дзе да бліжэйшай рэстарацыі, да цырульні, да... Даруйце, дарагая, гэта я цытую нашага штабс-капітана Пішчыкава, у яго свой набор прыкметаў цывілізацыі.
Напэўна, я замучыў вас прызнаннямі. Я і сам адчуваю, што, калі гэтыя словы паўтараеш, яны губляюць свой залаты запас. Буду паўтараць іх моўчкі. Усё роўна, пра што б ні гаварыў з жанчынаю, якую... Вы разумееце... Будзем проста размаўляць і глядзець адно на аднаго.
Кропельку лікёру? А я, з вашага дазволу, пакаштую амброзію з таго залацістага графінчыка. Між іншым, згаданы штабс-капітан Пішчыкаў мае ўнікальны талент. Пераняць любы почырк яму гэтаксама лёгка, як мне выпіць гэты кілішак. Неяк на вучэннях пад Вязьмай Пішчыкаў, уявіце, напісаў почыркам палкавога камандзіра загад... Дзякую, проста цуд... Выбачайце, на чым я спыніўся? А, загад... Загад быў такі: што б там ні было даставіць з павятовага горада і здаць пад распіску штабс-капітану Пішчыкаву тузін шампанскага. А напярэдадні мы ў тым гарадку добра-такі павесяліліся, так што, па нашых разліках, ні ў адной з дзвюх тамтэйшых рэстарацый не магло ацалець ні пляшкі боскага напою. І што вы думаеце? Прапаршчык, якому ўручылі загад, - вядома, навічок, толькі з кадэцкага корпуса, - ледзь не загнаў каня, але шампанскае здабыў. Потым, калі ўсё раскрылася, запатрабаваў ад Пішчыкава сатысфакцыі, і справа была на валасок ад дуэлі...
Цудоўны паштэт! А яшчэ быў забаўны выпадак... Адзін наш таварыш... Увогуле, афіцэр такога дапускаць не павінен, але ён быў зусім юны, даруем яму... Дык вось, у яго спатканне з дамай сэрца, прычым не проста спатканне, а такое, калі ўсё можа вырашыцца, а ён па сваёй маладосці і ад хвалявання так выпіў, што не толькі не ў стане з'явіцца сам - нават чыркануць колькі слоў. Тады мы ўсе разам ствараем ну проста геніяльны ліст, а Пішчыкаў перапісвае... вядома, почыркам нашага закаханага...