Яна досыць прыгожая, па-жаноцку прыемная, вабная, але, апрача таго, разумная і надзвычай чулая. Тое, да чаго мне даводзіцца прыходзіць праз цэлы гушчар лагічных разважанняў, яна бярэ сваім вострым інстынктам і рэдка калі памыляецца. Яна глыбока ведае вёску ці, правільней, адчувае яе, асабліва яе жаночую палавіну. З яе будзе – ды і ўжо ёсць – добрая грамадская працаўніца.
Я не ведаю, у якой меры гэта можна, як кажуць, запісаць у актыў майго мужчынскага гонару, але трэба сказаць, што ад'езд мой зрабіў на яе чамусьці асабліва цяжкае ўражанне. Яна — ці толькі прачула пра гэтую навіну, адразу прыбегла да мяне — здзіўленая, ашаломленая — і запытала з крыўдай у голасе: «Ты нас пакідаеш?» Я паспрабаваў неяк пажартаваць, пасмяшыць яе, але гэта не зрабіла на яе ніякага ўплыву. Яна з хмурай упэўненасцю, скрозь якую прабіваўся балючы дакор, заявіла: «Цяпер у нас нічога не выйдзе». Я зноў смяяўся, кпіў з яе змрочнага вешчавання, з яе бязверыцы і нарэшце раззлаваў яе. Яна з едкай горкасцю ўпікнула мяне: «Табе пэўна што смешкі... Ты паехаў — і ўсё тут, а што ў нас тут будзе цяпер...» I, каб паказаць, што гэта ў яе не пустыя бабскія прадчуванні, яна аўтарытэтна дадала: «Я ўжо добра знаю сваіх людзей... Нічога не будзе... Усё скуламесіцца...» Яна супакоілася толькі тады, як мы ўмовіліся, што будзем з ёй перапісвацца і што я, як і дасюль, буду з пільнай увагай сачыць за тутэйшымі справамі.
На развітанне — злуйся ці не злуйся, Стаська,— а мы з ёй шчыра, па-сяброўску пацалаваліся.
Гэта была апошняя мая акцыя ў гэтым мястэчку. Цяпер ужо глухая позняя ноч. У мяне ўсё гатова, і праз якіх колькі гадзін пад'едзе падвода. Я наўмысля сказаў, каб прыехаў досвіта, каб не ехаць к відну — гэта мая паблажлівая ўступка сваёй слабасці.
Я не ведаю, ці патраплю хоць з гадзіну заснуць, бо ўнутры ні на момант не спадае нервовае ўзрушэнне, у якім цяжка сказаць, што пераважае: ці жаль па мінулым, ці радасць сустрэчы з новым, невдомым і цудоўна-прывабным?
Але мне і не хочацца спаць. Гэтыя апошнія ціхія, засланёныя глухой ноччу гадзіны я перабуду з табой, бо я так жыва, так горача адчуваю цябе, нібы ты і сапраўды прыйшла да мяне, мая дарагая, родная, да немагчымасці любая Стаська...»
Далей у лісце ішло ўжо рознае нестасоўнае: глупства, якое толькі можа верзці хлопец у дваццаць ці троху болей год, горача, прагавіта закаханы ў сваю дзяўчыну. Бо Зелянюк, хоць і паказваецца ў гэтым апавяданні як цалкам станоўчы, мала не ідэальны герой сучаснасці, але і ён, як кожны жывы чалавек, меў свае слабасці.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Цімафей Міронавіч Гвардыян сядзіць на сваім адумысловым троне і маленькаю чарачкаю п'е нарзан. Яшчэ з найяснейшае пары свайго перабывання на пасадзе кур'ера высачайшай камісіі па такіх-та і такіх-та справах абсмакаваў Цімафей Міронавіч гэты цудоўны шляхетны трунак і ўжывае яго ў хвіліны найвялікшых уструшэнняў свае чулае далікатнае душы. Мабыць, з асаблівае пашаны свае да гэтага трунку ён заве яго не «нарзан», а больш гучнаю і рамантычнаю назваю — «тарзан» і, глыбока ўпэўнены ў яго жыватворнай моцы, п'е яго, як гарэлку,— размашыста, зухавата — і адчувае пасля яго лёгкае прыемнае ап'яненне.
Але сёння чамусьці «тарзан» не бярэ сілы. Цімафей Міронавіч выпівае ўжо пятую ці шостую чарку і адно чуе, як цудадзейны трунак асядае ў жываце халодным нязрушным цяжарам, не даючы нутру жаданага разгарачэння. Такі зварот справы Цімафея Міронавіча нават пужае, і ён з падазронай уважлівасцю разглядае пляшку, шукаючы ў ёй прычыны дзіўнага з'явішча. Ён успамінае, што гэтая пляшка адкаркована з тыдзень таму, калі не болей, што яна магла дасюль вычхацца, і пасля доўгіх ваганняў, здаўшыся на тое, што сёння выключны па сваёй трывожнасці дзень, адважваецца на рашучы, блізкі да самаахвярнасці ўчынак: не дапіўшы пачатае пляшкі, распачаць новую.
Як зазвычай, Цімафей Міронавіч устае з свайго трона з наўмыснай млявай цяжарнасцю, якая, на яго думку, дае чалавеку асабліва станавіты выгляд, але раптам чуе, што яму і сапраўды цяжка ўстаць з крэсла. Тады ён сядае назад і ўстае ўдругае — ужо скоранька, без станавітасці. Здаецца, нішто... Троху заспакоіўшыся, ён бярэ недапітую пляшку «тарзану» і падаецца да дзвярэй у чорную палавіну хаты, але па дарозе наўмысля трапляе вокам у вялікае люстра ў кутку і, збянтэжаны, сунімаецца на паўкроку.
З люстэрка на яго глядзеў мізэрны, змардаваны і — што асабліва ўразіла яго — перапалоханы чалавечак. Голы пергамінавы твар пасінеў, завастрыўся і выцягнуўся не проста ўдаўжыню, як такі і належыць у падобных выпадках людскому твару, а наўскасяк, накшталт старой, перахіленай набок драбіны. Усё было крывое: вострая барада драпежна накіроўвала ўбок сваю дзюбку, тонкія апруцянелыя вусны разышліся туга сашчэмленымі куточкамі — адным угару, другім уніз, вока адно было куды меншае за другое, і нават касцяны гузаваты лоб і той нібыта блішчаў адным сваім гузам ясней і сіней, чым другім.
Твар быў жудасна непрыгожы і страшны.
Цімафей Міронавіч доўга ўзіраўся ў люстэрка з тупым неўразуменнем, пакуль не суняўся разбеглымі думкамі на заспакойлівым тлумачэнні.
— Ужо другую ноч вокам не звёў.
Ён паціху абмацаўрукою твар, нібы хацеў паправіць яго, надаць яму звычайную форму. Потым паспрабаваў сам сабе ўсміхнуцца, і, калі ўсмешка выйшла досыць прыстойная, ён пачуў, што сякая-такая сіла ўсё-ткі ў ім ёсць. Яму закарцела тады як-небудзь паказаць гэтую сваю сілу — зараз жа, неадкладна праверыць дзейснасць яе на якім-небудзь аб'екце. Замест таго каб ісці па нарзан у чорную хату, ён вярнуўся назад, зважна асеў у сваё пышнае крэсла і, цішком адкашляўшыся, крыкнуў гучна і валадарна:
— Матрёна!
На яго вялікае дзіва, адказу не пачулася. Ён ведаў, што жонка ў хаце — толькі вось чуў ён яе гаспадарчую там мітусяніну,— і ён крыкнуў яшчэ больш гучна і валадарна, дадаўшы ў голас пэўную дозу законнага гневу:
— Матрёна!
Зноў ані гуку.
Цімафей Міронавіч з хвіліну сядзеў нерухома, з глыбокім здзіўленнем і трывогаю ўслухваючыся ў зманлівую цішыню.
Няўжо ён не пачуў, як яна выйшла?
Гэта не можа быць. Ён не мог не пачуць. Ён лацвей мог прапусціць міма вуха гук раптоўнага стрэлу ці незвычайны сярод зімы ўдар перуна, чымся хоць найцішэйшы бразгат дзвярэй. Бо ж ён ужо трэція суткі з нечалавечай напружанасцю чакае гэтага страшнога, фатальна-немінучага бразгату. Ён чакае яго так, як чакае асуджаны на смяротную кару злавеснага скогату ржавага турэмнага замка.
Цімафей Міронавіч яшчэ раз — ужо не так смела і ўпэўнена — паклікаў жонку і, яшчэ раз не пачуўшы адказу, парыўчата ўсхапіўся з крэсла і, працяты незразумелым страхам, кінуўся ў чорную палавіну хаты.
Маленькая молепадобная жанчына стаяла нездалёка ад качарэжніка, прыхінуўшыся худзенькім плячом да сцяны і застыўшы ў маляўніча-журботнай і таму дужа смешнай паставе. Як увайшоў муж, яна страсянулася ўсім сваім дробным целам, але на яго не азірнулася.
Цімафей Міронавіч грозна застыў на парозе.
— Матрёна! Ты чула, як я цябе гукаў, ці не?
«Матрёна» набрала духу і прапішчала з трагічнай рашучасцю:
— Чула...
— Ну?