І тут упершыню паўстала перад ім ува ўсёй сваёй жорсткай няўхільнай прастаце пытанне: ці кахае яна яго наогул? Ён толькі цяпер уздумаў, што яны дасюль яшчэ не сказалі адно аднаму гэтага традыцыйнага, задрыпанага і ўсё-ткі такога патрэбнага, неабходнага слова — «кахаю».
Чамусьці ўсплыў уваччу прыгожы, таямніча-загадкавы і надзіва самаўпэўнены твар Андрэя Шыбянкова, і яму здалося, што на гэтым твары акурат ляжыць пячатка таго геройства, якога шукае Вера і якога няма ды і, пэўна, не будзе ў яго самога.
Унутры ў Карызны займалася хмара новага, дасюль нязнанага непакою.
Вера Засуліч з шчырай трывогай сачыла за ягоным настроем. Яе чулы жаночы інстынкт падказаў ёй найзручнейшы момант, калі прыйсці на дапамогу яму з сваё'й мілай, салодкай ласкай. I якраз тады, як занялося ў ім гэтае новае прыкрае пачуцце, яна кінулася да яго, моцна, па-дзяцінаму абшчапіла рукамі і, прытуліўшыся да яго ўсім сваім маленькім стройным целам, прашаптала:
— Не трэба! Не сумуй!..
Ён узяў у абедзве рукі яе галаву і, адхіліўшы ад сябе, глядзеў ёй у твар настойным праніклым поглядам:
— Ты кахаеш ці не?.. Ты папраўдзе кахаеш?.. Скажы, кахаеш?..
Яна ўпершыню бачыла яго такога моцнага, трагічна-жорсткага, і ён ёй упадабаўся. Таму яна зусім шчыра, з чыстым сумленнем адказала яму:
— Ну, кахаю ж, вядома, кахаю... Ці ты не бачыш сам?
I, вырваўшы з ягоных рук сваю галаву, яна парыўчата схавала на грудзях у яго апалены раптоўнай чырванню твар.
Цяжка сказаць, ці знайшоў Карызна сабе жаданае заспакаенне ў гэтым Верыным прызнанні. Праз увесь той вечар ён з нейкай надрыўнай прагнасцю шукаў яе ласкі, быў дзіўна настойлівы, ненасытны, быццам няўпэўнены ў заўтрашнім дні, спяшаўся як мага болей зазнаць поўнага, неабмежаванага шчасця.
Галілей ткі праўду казаў некалі Марыне Паўлаўне, што стары дурней за маладога хлопца кахае...
Астаўшыся нарэшце адна, Вера Засуліч — дарма што была позняя пара,— яшчэ доўга сядзела ў глыбокай задуме. На яе прыгожым твары, яшчэ хвіліну таму насычаным гарачай пяшчотай, цяпер ляжаў выраз сухой халоднай заклапочанасці, нібы развязвала яна трудную і страшэнна дакучную задачу. Потым, пакорна ўздыхнуўшы, яна з нязменнай сваёй рупнасцю і стараннасцю ўзялася парадкаваць у хаце і доўга з цёплым замілаваннем ладзіла на ноч сваю свежую, непарушна-чыстую, як сама яна, пасцелю.
Ужо напаўраздзетая, яна падышла да люстэрка і з хвіліну разглядала сябе ўважлівым, дапытлівым вокам. Светлая ўсмешка, якая мякка кранула яе чароўныя вусны, паказала, што Вера Засуліч сабой цалкам здаволена.
Праз два дні пасля гэтага брыгадзір Зелянюк атрымаў з раёна паперку, у якой яму
прапанавалі зараз жа пераехаць на працу ў другі сельсавет. У той самы дзень позна ўвечары, адбыўшы ўсе свае не вельмі багатыя перадвыязныя клопаты, Зелянюк зачыніўся ў сваім пакоі, у чыстай палавіне хаты сівалапаўскага селяніна-серадняка Малаха Загароўскага, і пісаў ліст у горад, да свае дзяўчыны, адкрываючы ў ім усю глыбіню свайго новага настрою.
Вось гэты ліст.
«Любая мая, дарагая Стася!
Уяві сабе стан чалавека, які разам з іншымі працуе на пабудове новага, цудоўна-прыгожага, яшчэ нідзе не бачанага дасюль будынка і якога акурат у той момант, як з шэрае масы матэрыялу пачынаюць ужо вырысоўвацца так доўга, так напружана чаканыя формы, забіраюць з гэтае работы, адрываючы ад найцікавейшага моманту яе творчага завяршэння.
Такі прыблізна стан цяпер у мяне. Але — ты ведаеш, Стася,— не ў маім характары наракаць, енчыць, выказваць нездаволенне. Я проста канстатую факт.
Мяне ў самым гарце работы, у момант яе бясспрэчнага наладжвання перакідаюць у другі сельсавет. Гэта — справа нашага сакратара ячэйкі, яго сяброўская мне паслуга...
Нашыя стасункі з гэтым чалавекам, пра якога я пішу табе бадай у кожным лісце, дайшлі да свайго крайняга пункта. У нас з ім выбухнуў адкрыты канфлікт, у выніку якога ён кінуў мне рэзкае абвінавачанне ў групоўшчыне, фракцыйнасці, пагражаючы «арганізацыйнымі вывадамі». Але, мабыць, трапіўся яму пад руку лягчэйшы і прасцейшы спосаб пазбыцца мяне — і вось яго вынік. Я, шчыра сказаўшы, чакаў такога канца, бо бачыў, што я замінаю яму, што мая прысутнасць чамусьці цяжарыць яго, нібы звязвае яму рукі. Я чакаў, што ён захоча вызваліцца ад мяне, але не думаў, што гэта будзе так раптам і так проста.
Дзіўны гэта, Стаська, чалавек, папраўдзе... Ён больш цікавіць мяне, чым абурае. Я ўпэўнены, што ў яго ёсць унутры нейкі захаваны гнёт. I гэты гнет неадступна мучыць яго, вострым ражном укліняецца ўва ўсё ягонае жыццё. Я перш думаў, што гэта — сямейная трагедыя (з жонкай ён ужо разышоўся і гэтым, я ўважаю, зрабіў ёй вялікую паслугу), потым я ўпэўніўся, што і сямейныя ягоныя справы, калі не цалкам, дык, прынамсі, у значнай меры — вынік яго захаваных згрызот.
Я наўмысля пайшоў быў сёння да яго развітацца. Ён сустрэў мяне з хмурай суровасцю, за якой не зусім умела схаваў свае замяшанне, калі не сказаць — сорам. Я паказаў яму паперку з раёна, і ён памкнуўся быў здзівіцца, але ў яго гэта не выйшла. Я мімаволі засмяяўся і страшэнна раззлаваў яго гэтым, але ён зараз жа авалодаў сабой і нават павесялеў. Мы ў шчырым сяброўскім тоне пагаварылі пра далейшы лёс тутэйшых спраў, і на развітанне ён, не хаваючы свае радасці, зычыў мне ўсяго найлепшага і прасіў не парываць сувязі з іхняй ячэйкай, хоць на твары ў яго была шчаслівая ўпэўненасць, што ён больш мяне не ўбачыць. Ён, небарака, не , ведае таго, што, і працуючы ў другім сельсавеце, я ўсё роўна не буду спускаць яго з вока, што я маю на гэта пэўныя свае прычыны...
Чакай, Стаська, во што яшчэ... Ты магла падумаць, што я еду з такім спакойным сэрцам таму, што сапраўды адчуваю сябе вінаватым, пгго я ўцякаю ад пакарання. Любая Стася, калі ты гэтак падумала ўжо, дык глыбока мяне пакрыўдзіла. Я, праўда, рабіў некаторыя — і немалыя — памылкі ў рабоце, але каб я чуў хоць найменшую рацыю ў тых папраўдзе жудасных абвінавачаннях, якія ўзвёў супроць мяне сакратар ячэйкі, я б, дай веры, не паехаў адсюль да высвятлення справы. Я еду таму, што ўважаю гэта за несур'ёзнае, за вынік яго гарачага і, праўду сказаць, не зусім законнага гневу, выкліканага тым, што на партыйным сходзе прайшла не яго, а мая прапазіцыя. Я, вядомая рэч, мог бы пратэставаць, мог бы ўзняць цэлы гармідар — у мяне адзін момант і была такая думка, але потым я рашуча адкінуў яе і пастанавіў ехаць. Усё-ткі справа гэта не прынцыповая, траціць на яе энергію ў такі напружаны момант неразумна і нават злачынна. Апошні, дарэчы сказаць, надзвычайны, не па-тутэйшаму бурны сход нашае ячэйкі гарантуе правільны шлях у далейшай рабоце, а хто яе будзе весці — ці ж гэта не ўсё роўна?
Так, гэта, вядомая рэч, усё роўна, і я мушу ехаць без доўгай развагі і думаць адно пра тое, як брацца за новую, безумоўна, не менш цікавую і пладатворную, чымся тут, работу.
Так я разважыў і так пастанавіў. Заўтра я еду… Вось, напісаўшы гэтыя словы, я паспрабаваў прыслухацца да сябе, да сваіх адчуванняў, і – нашто маніць? – я пачуў, што мне цяжка, невымоўна цяжка ехаць адсюль. Я палічыў сёння дні, колькі перабыў я ў гэтым мястэчку, і надзвычайна здзівіўся, калі выйшла, што я жыву тут усяго адзін месяц. Я так шчытна ўплёўся ў тутэйшае жыццё, што мне здаецца, нібы я тут і радзіўся. А ведаеш, Стася, чаму гэта? Па-першае, таму, што наогул час цяпер поўна насычаны зместам, што дзень пераварочаецца ў месяц, а месяц у год. А па-другое – гэты месяц быў мне новым праясненнем, новай – глыбокай і напружана-дзейнай жыццёвай школай. А ты ведаеш, як прывязваецца чалавек да таго месца, да таго асяроддзя, у якім праходзяць хвіліны яго найбуйнейшага росту?
Слаўная, любая Стаська! Ты не можаш сабе ўявіць, як я рад, што мне давялося сюды паехаць, што перад маімі вачмі і з маім непасрэдным удзелам праходзіць гэты вялікі гістарычны рух, які будуць некалі мо ўспамінаць нароўні з найвыдатнейшымі старонкамі людской гісторыі, нароўні з найслаўнейшымі і наймагутнейшымі рэвалюцыйнымі штурмамі! Я рад, што ўбачыў самае нутро, самую глыбіню гэтага цудоўнага працэсу пераробкі нашае дзікае, чорнае, бязглуздае вёскі. Я не толькі пазнаў – я адчуў тут усім нутром з агнёва-яснай выразнасцю ўсю неабходнасць гэтае пераробкі і немінучасць яе. Апрача таго – і, можа, затым – мне асабліва цяжка адсюль выязджаць: я тут спазнаўся з праўдзівымі героямі гэтае новае рэвалюцыі – з простымі, звычайнымі людзьмі, якія сваёй сціплай, непрыметнай адданасцю новай справе даводзяць яе арганічную зросласць з бядняцкаю масаю вёскі. Я не маю цябе, Стаська, агітаваць за калектывізацыю, але мне хочацца толькі адзначыць, што насупар усякім варожым плёткам усё лепшае, прагрэсіўнае ў вёсцы, што не атручана да грунту тупымі ўласніцкімі інстынктамі ці не абдурана кулакамі, ідзе за намі. Гэтыя людзі не ходзяць з чырвонымі сцягамі і не крычыць: «Даёш суцэльную калектывізацыю!» – іншы, пагаварыўшы з ім, дык зусім пакажа нібыта поўную безуважнасць ці недаверлівасць. Але гэта – надворнае. Досыць разварушыць троху яго, раскатурхаць, узняць заляжалую, зацвілую ўжо, але багатую ў сваёй натуры творчую яго ініцыятыву, і ён пакажа дзівосы.
Завяліся ў мяне тут, Стаська, і асабліва блізкія прыяцелі, з якімі я, пэўна, і па ад’ездзе не спыню сяброўскіх стасункаў. Іх трое, і ўсе абсалютна розныя людзі. Першы – былы партызан і чырвонагвардзеец, трагічна разбіты змаганнем, хворы, але з дзіўна свежым пачуццём і чыстым імклівым розумам. Другі – камсамолец, мілы хлапчук, па-юнацкаму непасрэдны, просты і шчыры. І нарэшце трэці… адна жанчына…
Каб ты, хітрая, дрэнная Стаська, хоць трошачку менш была ўпэўнена ў маім каханні, ты магла б зайздросціць да гэтай жанчыны. Я яе «выкапаў» выпадкова і магу з законным гонарам пахваліцца, што з маіх рук яна стала свядомым грамадскім чалавекам.