Якуб схапянуўся:
— Праўда што... Сядай, Тацяна, на табе крэсла. Тацяна села і зірнула на Зеленюка настойлівым поглядам, нібы патрабуючы ад яго нейкага вытлумачэння. Зелянюк усміхаўся весела і загадкава, і гэта дэтанавала Тацяну: яна ўжо баялася, каб не скончылася ўсё гэта нейкай насмешкай.
Якуб упяў у Зеленюка цупкі погляд сваіх хваравіта-бліскучых вачэй і зрабіў патугу ўсміхнуцца.
— Ну, а ты ж яшчэ менш за мяне спіш, папраўдзе. У мяне дык бяссонне хаця, а ты ўсё з клопатамі. Ну, як у нас, добра, здаецца?
Зелянюк ураз кінуў усміхацца, працяўся дзелавітай сур'ёзнасцю.
— Тут, у Сівалапах, усё гатова. Актыў перарос ужо ў масавы зрух. Можна б рабіць сход ды і афармляць калектыў. Але трэба разам з Сіўцом. Там будзе бой. Добры будзе бой...
— Гвардыян там баламуціць?
— Гвардыян — палітык. Ён нідзе не паказваецца, ні з кім не размаўляе, а тым часам усе канцы ў яго сыходзяцца. Гэтае кодла трэба з сярэдзіны калупнуць. Мне ўсё назаляе Паўлюк, Гвардыянаў брат. Дзіўны чалавек! Страшэнна ненавідзіць брата і баіцца яго. Гатоў, здаецца, разарваць яго, а тым часам ходзіць ды апавядае яму, дзе што пачуе пра яго на сяле.
— Гарэлка... Непатрэбны ён чалавек, не варта з ім займацца...
Як завялІ гаворку пра Гвардыяна, Тацяна адразу ўспомніла, як прыходзіў да іх Галілей, і ў яе з'явілася прыкрая турбота, нібы ведала яна і хавала нейкі нядобры сакрэт. Мо той Галілей з якой мэтай прыходзіў? Мо і гэта — штукі хітрага Гвардыяна?
Якуб раптам выцяў кулаком аб стол і гукнуў троху ў жартлівай злосці:
— Бабы, ліха на іх! Іх сама лёгка забаламуціць! Найдурнейшае якое выдумства ўраз ім галовы ачмурыць. А мужыкі слухаюць іх. Ой, хітры наш мужык! Ён ведае, калі слухаць бабы. Пагавары з ім з каторым, дык рукі расставіць, пысу зробіць бязвінную, як у новараджэнца, і нібы і сам страшэнна шкадуе: рады б душой, ды калі ж баба праклятая: уцялася, хоць ты што хочаш... А як паўлітра ўзяць ці яшчэ што, дык — куды тая баба!
Скончыўшы сваю тыраду, Якуб кінуў ускосны зірк на Тацяну, нібы чакаючы ад яе нейкага водгуку на свае словы. Тацяна моўчкі ўсміхнулася. А Зелянюк тым часам аб нечым меркаваў, упарта зморшчыўшы бледны свой лоб, падцяты знізу вострым кантам тонкіх брывей.
— Та-ак... Жанчыны ў гэтай справе нам заступаюць дарогу... З імі неяк трэба па-інакшаму, па-асабліваму. За іх у нас бадай што не браліся, і гэта кепска...
Ён яшчэ памеркаваў нешта сам з сабой і раптам сказаў рашуча і проста, нібы пра гэта ўжо многа гаворана і ўсё ўжо ясна, адно трэба скончыць нейкаю пастановаю:
— Так... З жанчынамі трэба павесці работу. Гэта — справа Тацяны, за гэта ёй трэба ўзяцца.
I ўраз, павярнуўшыся да Тацяны, Зелянюк растлумачыў ёй (і вокам не зміргнуў, шэльма!), як трэба рабіць.
— Разумееш, Тацяна? Не трэба галасу — ніякіх там сходаў ці чаго. З адной пагаманіла, з другой, з трэцяй. Як бачыш, што каторая троху прыхільна да нашае справы, дык ужо і трымай на воку яе. Пяць-шэсць гэткіх назбіралася — тады ўжо і разам усім пагаманіць, абмеркаваць добра, усвядоміць глыбей, аб чым тут справа, каб ужо грунт нейкі быў... Ды ці мне цябе вучыць? З бабамі ты лепш за нас за ўсіх патрапіш...
Тацяна асалапела ад неспадзеўкі. Хацела перш засмяяцца, на жарт гэта звесці, але стыкнулася з напружана-сур'ёзным поглядам Зеленюка і на смех не адважылася. Рада была б уцячы, але таксама не выпадае. Што ж ёй рабіць? Як паставіцца да гэтага? Яны ўжо лічцдь яе за сваю супольніцу, яны нават не пыталіся ў яе, як яна на гэта глядзіць, ці згодна яна на тое, што яны робяць. Яны, значыць, пэўныя ў ёй, яны перакананы, што яна будзе, што яна мусіь ім памагаць. Яны цалкам звяраюцца на яе. Што ж ёй рабіць? Мо адмовіцца, сказаць, што яна не згодна з імі, што яна супроць гэтых няшчасных калгасаў? Але ж ці будзе гэта праўда? Ці не зманіць яна ім і сама сабе?
Зелянюк дапытліва глядзіць на яе сваімі вострымі быстрымі вачмі, нібы чакае, дамагаецца, просіць у яе нейкага слова. А Якуб развінае далей ягоныя меркаванні:
— Такіх, як Тацяна, у нас знойдзецца ці мала: будзе з каго збіць бабскі актыў. Сабраць усіх бядачак, усіх пакрыўджаных, усіх бяздольных. Яны за Тацянай пойдуць! Каму-каму, а Тацяне дадуць веры, бо сама яна зазнала ўсяго на сваім вяку.
I вось чуе небарака Тацяна, пгго ёй астаецца адно: узяць на сябе гэтую неспадзяваную адказнасць, далучыцца да гэтых людзей, што намагаюцца нешта зрабіць новае ў Сіўцы, — яна не ўяўляе яшчэ выразна — што, але чуе нутром, што нядрэннае, раз становяць яны на першае такіх вось, як яна, бедакоў. А ці толькі заняўся ў Тацяны гэты новы настрой, як адразу з чыста жаночаю непасрэднасцю ўдалася яна і ў новыя турботы.
— Бабам трэба, каб з вядомага, з практыкі паказаць. Ля нас там, дзе я пайшоўшы была, зусім поплеч камунаю працавалі. I добра жылі, дужа добра жылі. Я ткі раскажу нашым бабам. Я сама была прыглядалася, каб перайсці туды ад мужыка... Але што блізка...
Зелянюк быў страшэнна здаволены.
— Правільна, Тацяна, з вядомага, з практыкі. Пустымі ўгаворамі іх не ймеш, — не павераць. Ты — я ж казаў табе — хітрая баба...
Ён весела падміргнуў Тацяне і звярнуўся да Якуба:
— Ну, як твае планы, Яша? Працуеш усё?
Якуб раптам ажывіўся. Цяжкія марудлівыя вочы яго заблішчалі па-дзяцінаму чыстым святлом, а на худых, жудасна запалых шчоках замігцела ледзь прыметная чырвань. Ён сарамліва ўсміхнуўся і адказаў больш для Тацяны, бо Зеленюку было гэта добра вядома:
— Тут жа не пэўныя якія планы, бо я мяркую на тое, што ўвесь Сівец і ўсе Сівалапы будуць у калектыве. А як яно будзе — яшчэ немаведама. Проста цікава самому, ці намнога будзе лягчэй і выгадней мужыку. Мы разам з Мікітам — ён жа ў аграноміі троху кумекае. Ды ткі, праўду сказаць, і добра чаго разумее, дармо што мала павучыўся...
Зелянюк падсеў да стала і весела кіўнуў галавой.