— Добра, скажу табе ўсё адной...
I Зелянюк на хвіліну задумаўся, шукаючы трапных слоў.
— Людзі таўкуцца, як вар'яты, у чорным, у брудным катуху, куды не зазірае ніколі сонца, дзе скрозь — цемра і смурод, адкуль не відаць, што дзеецца навакол, за сценамі гэтага катуха. А за сценамі — сонца ззяе, і светла там, і чыста, і раскошна, і краска скрозь, зеляніна. Ды і сцены ў катуху ў гэтым ужо патрухлелі даўно, ледзьве ліпяць, а трымаюцца толькі таму, што дурныя гэтыя людзі не хочуць быць хітрымі. Каб яны былі хітрыя, яны б не мясціліся, не таўкліся адзін з адным у брудным катуху, не лезлі б адзін аднаму на галаву (пэўна, што таму вальгатней, хто на другога ўссядзе), а наперлі б усе разам, разламалі сцены і выйшлі на свет. Выйшлі зусім-зусім вольныя, бо і тыя, хто ўправіўся ўссесці на карак ім, ураз паляцеў бы дагары нагамі ад магутнага гэтага зруху. Разумееш, Тацяна, што мы робім тут і чаго дамагаемся?
— Ты прыгожа гаворыш, не так, як на сходзе. Але ж тое яшчэ, ці папраўдзе там свет той ёсць за сцяной? Каб не выламаць сцяны на мароз? Тады пакуль ты заткнеш яе нанова! Трэба добра паверыць у гэта.
— Нашто верыць, Тацяна? Гэта можна знаць.
Яны выйшлі край вёскі.
— Ну, вунь твая хата, Тацяна. Маленькая, крывенькая. Андрэй спіць ужо, пэўна.
Яны суняліся, але не развітваліся. Зелянюк узіраўся ў глыбіню цемры, што цяжкім масівам залягла паміж Сіўцом і Сівалапамі. Унізе, на дне лагчыны, туркатаў, трасучыся ад холаду, млын і спрабаваў змагацца з чорнаю навалаю цемры кволымі пасмамі сівога трапяткога святла.
На гары, за млыном, там, дзе пачыналіся Сівалапы, вострае Зеленюкова вока згледзела маленькі хліпучы агеньчык, які здаваўся далёкаю зоркаю. Тады ён парыўчата абярнуўся да Тацяны і запытаў яе:
— Ты дужа хочаш спаць, Тацяна?
— Уга! За гэткую ноч два разы можна выспацца!
— Ты пойдзеш са мною? Не збаішся?
Тацяна адказала працяжна, з усмешкай у голасе:
— Пайду... Не баюся...
Зелянюк узяў яе за руку, як малую, і павёў за Сівец у чорную прорву лагчыны. Яна зразумела, што ён вядзе ў Сівалапы, але не гаварыла нічога, ішла моўчкі, паклаўшыся на яго правадніцтва.
Абмінулі млын — у расчыненыя дзверы ўбачылі фантастычныя ў змроку і мучаным тумане фігуры людзей. Перайшлі цераз мост, над якім хліпала ледзянымі слязьмі гвалтам затрыманая ў сваім вольным бегу рака.
I скрозь абое маўчалі. Толькі як ішлі ўжо пад гару, набліжаючыся да Сівалапаў, Зелянюк сказаў:
— Адзін чалавек не спіць яшчэ ў Сівалапах.
Тацяне было трывожна і смешна. Куды ён вядзе? Што гэта ён сабе выдумаў?
Зорка, якую згледзеў быў Зелянюк ад Сіўца, вырасла ў светлы квадрат акна ў адной з канцавых хат. Зелянюк звярнуў да гэтае хаты. Тацяна сунялася.
— Гэта ж Якуб тут Лакота жыве. Куды ты вядзеш мяне?
Ён настойна пацягнуў яе за руку.
—Ты сказала, што пойдзеш, што не баішся.
Тацяна скарылася. Зелянюк паляпаў у асветленае акно, і праз хвіліну ім, не папытаўшыся — хто, адчынілі.
Якуб меў сабе ў хаце адбітую дошкамі каморку, якую сябры ягоныя смехам звалі — «габінет». Там сядзеў ён за вялікім сталом, скрозь заваленым кнігамі ды паперамі і асветленым невялічкай лямпачкай — пятым нумарам — з папяровым абажурам. Упусціўшы позніх гасцей, ён шапярнуў ім:
— Туды, да мяне!
I, заваліўшы дзверы, пайшоў следам за імі.
Па хаце разлягалася заўзятае, смачнае сапенне і хропат сонных людзей. Гэтыя ціхамірныя хатнія гукі нагадалі Тацяне пра познюю пару і зганялі той жартаўліва-гарэзны настрой, які фактычна штурхнуў яе на гэту начную праходку. Тацяне стала сорамна. Яна ўвайшла ў «габінет» і стала ля дзвярэй, прыхінуўшыся плячамі да пераборкі. Няўцямна пазірала наўкола і чакала, што будзе далей.
Зелянюк з пяшчотнай ласкай палэпаў Якуба па плячы.
— Ты ўсё не спіш, Яша? А мы з Тацянай вось гуляем па начы. Ішлі міма, убачылі святло і зайшлі. Чаму ты не сядзеш, Тацяна?