* * *
Нядаўна шмат пісалі пра бум у лацінаамерыканскай літаратуры. Некаторыя нашы «гарачыя» крытыкі нават заклікалі адмовіцца ад сваей «цягамоціны» i пераймаць лацінаамерыканцаў, у прыватнасці, Маркеса.
Нямала думалася: у чым жа сакрэт буму лацінаамерыканскай літаратуры? Многае, здаецца, памаглі зразумець самі лацінаамерыканцы. У прыватнасці, аргенцінскі выдатны празаік X. Картасар у сваім інтэрв'ю ў «Вопросах литературы» (1981, № 11.)
«Нам, лацінаамерыканцам, – пісаў ён там, – дасталася ў спадчыну не літаратурная іспанская мова з яе глыбокімі карэннямі, а мова заваёўнікаў. Шмат стагодцзяў не было лацінаамерыканскай літаратуры. Перайманні былі – з іспанскай літаратуры, з англійскай, з французскай, з італьянскай... I вось гадоў трыццаць пяць – сорак таму, прыкладна ў час другой сусветнай вайны, мы пачалі ламаць літаратурныя каноны, адхіляць прызнаныя ў свеце ўзоры. У нас не было традыцый, i мы перад усім светам прызналіся ў гэтым. Мы стварылі сваю, новую літаратуру».
I яшчэ. Зноў яго, Картасарава: «...адкуль гэтая сіла? Літаратура наша нараджалася i мацнела ў пастаяннай смяртэльнай небяспецы. Ваенныя дыктатуры разбурылі i працягваюць разбураць культуру. Тысячы пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў, журналістаў падпадаюць пад рэпрэсіі, выганяюцца са сваёй радзімы. Але вы ведаеце, у раі зусім не будзе літаратуры. Я веру – пісьменніка нараджае гнеў. Асабліва гнеў у нацыянальна-вызваленчай барацьбе, у барацьбе за волю. Пісьменнік не павінен адчуваць стану задавальнення i самазаспакаення. Той, хто прымірыўся з рэчаіснасцю, асуджаны на паражэнне. Літаратура – гэта бунт супраць несправядлівасці. Літаратура павінна памерці, але не ісці на вяровачцы тых, хто мае ўладу, яна проста не мае на гэта права, – толькі пры такой умове яна карысная грамадству, яна выконвае тую функцыю, для якой заклікана на зямлю, толькі пры гэтай умове пісьменнік адчувае сябе не зусім бескарысным».
Калі чытаеш гэга, міжволі думаеш: якія ўсё ж агульныя пэўныя законы для тых, хто становіцца на ногі. Нашы Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч у XIX стагоддзі, Купала, Колас, Цётка, Багдановіч, Гарэцкі ў ХХ-ым пачыналі свой творчы шлях, забяспечвалі будучыню роднай культуры таксама ва ўмовах смяртэльнай небяспекі, у барацьбе супраць сацыяльна-нацыянальнай несправядлівасці, у барацьбе за волю, адмаўляючыся ад застарэлых канонаў, перайманняў, ствараючы сваю, новую літаратуру, рашуча адмаўляючыся ісці на вяровачцы царскага рэжыму...
* * *
Здаецца, часам непаразуменні паміж старэйшымі i маладзейшымі творцамі ўзнікаюць найчасцей прыкладна з-за вось такога парадоксу. Старэйшы: «Я чытаю творы маладых. У ix ёсць свае вартасці, але пагаворым не пра ўдачы, а пра недахопы...» Маладзейшы: «Чаму найперш падкрэсліваюцца нашы хібы? Нас свядома прыніжаюць!»
Мараль: ці не варта было б нам усім часцей не толькі ўспамінаць, але i браць прыклад з выдатнага рускага паэта Жукоўскага, які ўсё жыццё прысвяціў i літаратуры, i падтрымцы альбо нават выратаванню калег па творчасці?! Да слова, яшчэ ў 1815 годзе, калі юны Пушкін толькі падаваў голас, прадбачлівы і, галоўнае, зычлівы Жукоўскі пісаў Вяземскаму: «Нам всем надобно соединиться, чтобы помочь вырасти этому будущему гиганту, который всех нас перерастёт». А пазней, у 1824 годзе (перад гэтым, у 1820, падарыў Пушкіну свой партрэт з надпісам «Победителю ученику от побежденного учителя»), Жукоўскі пісаў: «Я стою на пустом берегу; вижу в волнах силача и знаю, что он не утонет, если употребит свою силу, и только показываю ему лучший берег, к которому он непременно доплывёт, если захочет сам. Плыви, силач!»
...Першае: як у наш час не хапае не толькі прыкладаў падараванняў партрэтаў з падобнымі надпісамі, але i звычайных своечасовых падказак, як i кудою плысці «к лучшему берегу». I другое: як не хапае i ўдзячнасці тых, каму памагалі. Пушкін, дарэчы, быў удзячны вучань. Пра гэта гавораць хоць бы наступныя яго радкі з ліста да К. Рылеева: «...не совсем соглашаюсь со строгим приговором о Жуковском. Зачем кусать нам груди кормилицы нашей? Потому что зубки прорезались?»
* * *
Рыгор Барадулін: «Вучыць не трэба маладых, Не лашчыць, Не даваць пад дых – Ім думаць трэба даць магчымасць. Дзяліць не трэба маладых На гнедых, Шэрых, На рудых. Абы яны былі з вачыма, Дзе радасць i непрымірэнне Нібыта ў першы дзень тварэння».
Каб жа так, Рыгор Іванавіч, было ў жыцці!
* * *
Нялёгкая, нават цяжкая місія тых, каму даручылі штурвал у выдавецтве, у літвыданні ці творчым саюзе.
Трэба: клапаціся пра справу, пра іншых, а не пра сябе. Есць нямала прыкладаў высакароднага выканання такой пачэснай місіі, але, на жаль, ёсць i адваротнае.
Бывае, той-сёй з літаратурных сяржантаў альбо афіцэраў зайздросціць калегам, сохне ад іхніх поспехаў, замоўчвае, а то i спрытна шкодзіць ім, вышуквае ўсе магчымыя метады, каб пахваліць самога сябе.
Няўжо адшукаць у сабе крыніцу дабра цяжэй, а зла – лягчэй?
* * *
К. Пруткоў: «Многія людзі падобныя да кілбасаў: чым ix напхнулі, тое i носяць у сабе».
Сапраўды, той-сёй санавіты, велічны толькі на выгляд, a калі скажа два-тры словы, дык адразу відаць яго «начынка» – шэрая i прымітыўная.
* * *
А. Эйнштэйн: «Мала хто здольны спакойна выказваць думкі, што ідуць уразрэз з прымхамі асяроддзя. Большасць нават не можа ўвогуле мець такія думкі».
Дзе, адкуль тая крыніца, якая дае натхненне, азарэнне i мудрасць для выяўлення сваіх думак? I па-другое, чаму так не любяць тых, хто мае гэткую здольнасць?
* * *
Адносіны паміж творцамі i крытыкамі, нават паміж маладымі, заўсёды напружаныя. Праўда, у свой час I. Бунін, выдатны рускі пісьменнік, паспрабаваў заступіцца за «непрыяцеляў»: «...как пенять на равнодушного читателя, на враждебного критика! Что с него взять, когда у него даже кровь, может быть, совсем другая, чем у тебя?»
Безумоўна, у кожнага свая «кроў». Творчыя спрэчкі – рэч натуральная i патрэбная. Але, на жаль, часам спрэчкі маюць не зусім творчы характар. Сёй-той з творцаў нападае на крытыку толькі з-за таго, што тая свядома ці несвядома недаацэньвае яго работу, а то i не падхвальвае. А той-сёй з крытыкаў часам самаўпэўнена лічыць творцаў толькі чорнарабочым людам, а сябе – паміж творцам i Небам. Бачыце, яму сам Бог падказвае, каму ўсміхнуцца, каго пахваліць i захваліць, а каго не заўважаць, а то i наўмысна ганьбіць...
Тут справа, мусіць, не толькі «ў крыві». Яшчэ многае напластоўвае i групаўшчына, i звычайная чалавечая непрыстойнасць.
* * *
Вельмі цікава чытаць артыкулы некаторых маладых крытыкаў-навукоўцаў: бачыш, хто якому апекуну (кіраўніку дысертацыі) наследуе. Па прыкладзе свайго маэстра, адзін навабранец любіць «на ўзроўні» тэарэтызаваць, другі – мець празмерную цягу да цытат-падпорак, трэці – захапляецца пэўнымі, у тым ліку i сумніцельнымі канцэпцыямі, «Падганяць» пад ix пракрустава ложа літаратурны працэс, чацвёрты – абапірацца на залашчаную ўжо абойму пісьменніцкіх імён, пяты – чытаць пісьменнікам курс лекцый па літаратуразнаўстве, вяшчаць ім прапісныя ісціны, шосты – дазваляць сабе судовую катэгарычнасць, нібы навучанне ў аспірантуры ці кандыдацкі дыплом дае права не толькі па-панібрацку адносіцца да творцаў, але i караць, i мілаваць ix, сёмы – паказваць цуды балетнага майстэрства перад масцітымі i танцы з шаблямі перад маладымі, восьмы — баіцца дыскусіі альбо не ўмее яе весці, дзевяты... i г. д., i г. д.