Лета – канечне ж, i сенакос. Люба паглядзець, як лёгка, хораша шахкае касой бацька – не спяшаецца, пасоўвае ўперад ногі марудна, але захоплівае шырока i ажно выцінае траву да зямлі. Скошаная, без каранёў трава хутка прывяльваецца, пачынае саладжава пахнуць. A калі ён з маці разварушыць яе грабільнам, то ўсё больш ад яе ідзе водарны сухі пах, становячыся сенам, каб хутка трапіць у гумно, у застаронак, i ўлегчыся там (якія пазней смачныя сагрэтыя i падгнілыя ў сене дзічкі!) Калі ўжо хадзіў у школу, бацька купіў i для яго невялікую касу, наладзіў па яго росце кассе i рульку. Смех i гора было ад той яго першай касцовай навукі: каса то зарывалася ў зямлю, то скакала паверсе травы, то пакідала шмат космаў. Бацька i смяяўся, i злаваў з-за яго няўмельства, a Генік плакаў ад роспачы. Прытуліўшы, суцешвала маці: «Любы мой касец! Не бядуй, навучышся, будзеш касіць лепш за бацьку». Налаўчыўся, у старэйшых класах школы на саўгасным лузе ішоў у мужчынскім гурце не апошні ў калейцы, але за бацьку лепш не спраўляўся. Ды i ў таго доўга быў непераможац, дзядзька Мікалай – стаць паперадзе яго ніхто не асмельваўся: «каб не падрэзаў пяткі». Наладзіўся Генік i раздзімаць мяхі ў кузні, зубіць сярпы, араць.
Лета гарачэе, пячэ. Ажно мітусіцца-пераліваецца воддаль паветра; а пасля цяжэе, тускнее i парыць. Авадні i сляпні проста даймаюць быдла. Яно «гізуе» – церпіць-дерпіць крывапійцаў, а пасля ўжо не баіцца ні Пятровага вокрыку, ні яго доўгай пугі i сабакі, бяжыць дахаты з пашы. I не паслухмяна, ні на крок не збочваючы з дарогі, a сігае праз жыта, бульбу або грэчку.
Жыта вышэе i вышэе, шарэе, палавее і, як самае высокае на полі, гайдаецца ад ветру хвалямі. Найперш па ім відаць, як ад воблака, што засланяе сонца, бяжыць па зямлі цень, a калі сонца выплыве на несакаўны, прымлелы блакіт, то – побег святла па полі. Дзіўнае неба ў ясныя дні, калі па ім паволі, ледзь заўважна паўзуць лёгкія кучмы аблачын. Ляж на спінку, зірні ўгору: вунь статак кароў i авечак, сабака, воўк, які падкрадваецца да ix! Вунь абрыс дзядзькі Пятра! Праўда, прывіды тыя рухаюцца, расплываюцца i замест ix – штосьці казачна дзівоснае. Дзядзька Пятро кажа, што на небе можна ўсё ўбачыць, апроч Бога, а вось той сам можа нагадаць вялікай галавою, высокім лобам, вялікімі носам i барадою, пранізлівым позіркам: «Чаму грашыш, раб мой? Маці часамі не слухаешся, употай курыш?» Аднойчы Генік i ўбачыў не зусім бялюткае, а крышачку падцененае воблака – яно вылепілася ў галаву з тым абліччам. Спачатку здалося, што гэта – дзядзька Мікалай (яго баяліся ўсе хутарскія дзеці нават за тое, што ён па «скарзе» маці мог прыстрашыць: «Ну, калі ты такі неслух, то забяру цябе пасвіць маіх пчол!» Кожны ж знаў, што пчала балюча джаліць). Дык вось неяк тая нябесная галава зірнула яшчэ болей насуплена, чым, бывае, глядзіць дзядзька Мікалай, нават грозна. Аж страшна стала: Ен! Генік ускінуўся, сеў – а вакол знаёмая прастора, i ўсё спакойнае, лагоднае (не, не зусім усё ціхае, нешта вакол знаёма зумкае, стракоча i шапоча), дык i палягчэла ад таго, што ты жывеш, сядзіш зроднена найперш з зямлёй...
Салодкі пах грэчкі, першы ўзятак мёду. Зажынкі на калгасным полі. Пад'ехаў грузавік; барты яго апушчаны, на ім – жвавы чупрыністы баяніст у хромавых ботах, чорных портках i белай вышыванай кашулі, абапал яго – гурт прыгожых маладзіц у доўгіх белых, з чырвонай нашыўкаю сукенках. Звычайна строгі, сярдзіты, асабліва тады, калі цвярозы ці зусім п'яны, былы партызан, а цяпер старшыня калгаса (пазней дырэктар саўгаса) Курагллдаў лёгка ўзлазіць на грузавік, пазвоньваючы, як у жменю ўзяць, ордэнамі i медалямі на пінжаку, i прамаўляе, заклікаючы «да бітвы за ўраджай, які будзе мацаваць сацыялізм, мір ва ўсім свеце». Пасля яго прамовы – бадзёрыя песні i танцы. «Лішне ўсё гэта, – шэпча Геніку маці, – трэба жаць, а не трылінькаць сярод белага дня». I вось жанкі пачынаюць жаць зробленымі Генікавым бацькам сярпамі (пазней пад'едзе i эмтээсаўская жняярка), i самая прыгожая, таксама святочна апранутая, не босая, як усе жанкі, a ў сандалях даяўчына (наша, хутарская! Генікава сваячка, Пётрыкава Тэця!) падносіць Кураглядаву першы сноп. Той бярэ, блізка туліць красуню, цалуе, а пасля дае ёй пададзены яму нашым жулікаватым брыгадзірам каробак дарагіх («чыкулядных») цукерак.
Праз хуткі час на ржышчы ўсё большае i большае снапоў, а ад ix у паветры пахкі водар свежай саломы; жанчыны жнуць, жартуюць, кпяць з тых, найперш з дзяўчат, хто часта выпростваецца, каб параўняць спіну. Той-сёй з жанчын на полі з немаўлём – яно ляжыць у цяні ад мэндліка i час ад часу цененька падае незадаволены голас, пакуль не абхопіць губамі матчын смочак. Генік з маці жнуць амаль наперадзе ўсіх, увішнейшая толькі цётка Гэля, яе нікому не ўдасца перагнаць (аднойчы сярод дня зусім нечакана надарыцца навальніца, жанчыны пахаваюцца ад дажджу пад мэндлікамі, i ў той, дзе стулілася самая рупная жняя, майстрыха на ўсе рукі, маці шасцярых дзяцей, смаляне маланка i заб'е яе, нешчаслівую, i малодшыя яе дзеці зведаюць цяжкую паўсіроцкую долю). Жнеі за дзень натомяцца, але i вясковыя, i хутарскія ўвечар разыходзяцца з поля з жартамі i песнямі. Тады на хутарах не было тэлебачання, a ў многіх i радыё, дык у вольныя часіны дзяўчаты i маладыя жанчыны любілі часта збірацца разам у чыёйсьці вялікай хаце, скублі пер'е, ткалі (увосень), жартавалі i спявалі-спявалі. Праўда, не зусім весела пра жаночую долю. На дажынках ужо няма ні грузавіка, ні Кураглядава, дык жнеі спраўляюць ix самі. Ахарошвалі апошні сноп кветкамі i стужкамі, пакідалі, звязвалі з жыта «бараду» i з песнямі неслі сноп ці ў вёску, ці на хутар (прыносілі i ў Генікаву хату), дзе гасцей чакалі бліны з маслам, крупяная каша, а то i кожнаму кілішак (пазней дажынкі сталі «святам ураджаю» ў якой-небудзь вёсцы, куды наязджала нямала машын са скрынямі напітку i піва, марожаным, з артыстамі i слухачамі, дзе прамаўлялі хтосьці з райкома партыі i Кураглядаў, дзе пачалі ўсё больш i больш піць моцнае, лаяцца i часта біцца).
У адну жнівеньскую ноч, калі ўжо не раз абрасяньвалася, пацягваў холад ад восені, знікалі ластаўкі, што перад гэтым збіраліся i сядзелі гуртам; ржышча рыжэла, а па ім, калі ішлі дажджы, бралася розная маладая трава; пачынала ўсё больш жаўцець i ападаць лісце; у кожнай хаце, дзе былі дзеці, усё больш i больш было гаворкі пра школу...
Асобна помняцца якраз летнія страшныя навальніцы, у якія, бывала, згаралі чыесьці хаты.
ВОСЕНЬ
I цяпер, у пажылым узросце, светла ўсплываюць успаміны пра той год, калі памёр Сталін («О, Божа, хоць бы не было вайны!») i калі з хваляваннем ішоў у першы клас янкавінскай пачаткоўкі, дзе іх чакалі прыезджыя маладыя, прыгожыя настаўнікі Вольга Кірылаўна i Генадзь Адамавіч. Вучні першага класа вучыліся з трэцекласнікамі ў першую змену, a вучні другога з чацвёртакласнікамі – у другую. Позняй восенню i зімой пісалі i чыталі пры падвешаных да столі лямпаў.
Геніку вучоба давалася лёгка: ён умеў ужо чытаць. Каб не сумаваў i не замінаў іншым, настаўніца давала яму зрабіць пешта асобна. Ды ён «не круціўся», вельмі любіў слухаць, як яна хораша гаварыла трэце-класнікам (на памяць засвойваў тое, што трэба было ведаць ім, a ў другім класе – тое, што патрабавалася ад суседзяў-чацвёртакласнікаў). I зачароўваўся, калі настаўніца прыгожа спявала. З-за ix, яе песень, закахаўся ў яе малечай любоўю...
Запомніўся i адзін дзень у школе, калі ў яе ўкуліўся страх: на перапынку яны, дзеці, не проста гулялі, а дурэлі, кідаліся абы-чым, i вось хтосьці выпадкова ўцэліў мокрай анучай у партрэт Сталіна – рамка ўпала, шкло разбілася, i хтосьці затаптаў, пацёр твар лагоднага вусатага дзядзькі. Звычайна жыццярадасная настаўніца, убачыўшы гэта, анямела, напужалася, пасля кінулася, сама выцірала сваёй хустачкай той твар. «Дзеткі, – узмалілася сашчэпленымі рукамі. – Нікому, нават дома, ні слова пра тое, што тут выйшла! Іначай...»
Дома, канечне, не ўсе змаўчалі пра гэты выпадак, але чутка з вёскі далей яе не выйшла. Хутка над дошкай вісеў новы партрэт таго, ужо мёртвага, але, выходзіць, больш грознага, чым Бог, чым Кураглядаў, чалавека...
Восень была ў розныя гады самая незвычайная – сонечная i сухая, марасяная, не проста дажджлівая, але мокрая, стылая, з прасветам i радасным першым i другім «бабчыным летам». Былі абмалот збажыны ў калгасным гумне, сушка i трапанне лену, попрадкі, калі моладзь, як i іхнія прадзеды, па вечарах гуртавалася ў чыёсьці не столькі прасторнай, колькі гасціннай хаце, дзе былі прыветлівыя гаспадары i незамужнія дзяўчаты. Ды наступалі i наступалі шэрыя, шэра-цёмныя, усё больш азмрачнелыя , штодзень карацейшыя дні, што пасля шчасліва абноўліваліся: пасля запускаў i посту пачыналася часіна шчаслівых вяселляў. I цяпер светла, хораша помніцца, як выходзіла замуж хутарская красуня Тэця – помніце, тая, што падносіла першы зжаты жытнёвы сноп старшыні калгаса на «ўрачыстым свяце ўраджаю». Запомнілася не толькі белымі сукенкай i вэлюмам, але i тым, што маладая чамусьці была вельмі засмучаная, нават са слязьмі, што незамужнім дзяўчатам шчодра сыпала пад ногі зерне, а ix, малечу, адорвала смачнымі цукеркамі. Пасля — ды не, нашмат пазней Генік, можа, крышачку наблізіцца да пазнання яе слёз: яна, як i кожная дзяўчына, на сваім вяселлі маркоцілася не па завядзёнцы, яна... прадчувала сваю долю... Праз гадоў пяць яе муж, талковы чалавек, пакіне яе маладой удавой, дачку паўсіратою; памаркоціўжыся гады тры, яна выйшла замуж другі раз, нарадзіла сына, аднойчы карміла яго грудзямі i ўпала, але здолела дзіця пакінуць жывым...
Чамусьці якраз у познюю восень, як i ранняй вясной («дачакаўся маю, ажно нясуць да гаю»), часта паміралі старыя людзі i дзеці, i тады Геніку станавілася вусцішна ад таго ўсведамлення па аповедах даўне-сівых, што ўсё-такі ёсць яна – гэтая Старая з касой. Праўда, як сказаў яму дзядзька Пятро, яна, Смерць – не гнюсная злыбеда-страшыдла з тупой касой, а файная маладзічка. Такой яна прымроілася яму, калі ён быў цяжка паранены, сцякаў крывёю, ужо не помніў сябе, а яна нахілілася над ім i мякка сказала: «Не, я цябе яшчэ не забяру. Жыві. Я прыбяру іншых...». А каго яна, Смерць, звядзе з гэтага свету, не сказала нават i самаму найлепшаму з людзей дзядзьку Пятру... «Тое нам не трэба ведаць, – мудрагеліў ён. – Не рабі зла, дык смерць i не хутка прыйдзе». – «Хоць , – i ўздыхаў, – бывае, смерць зводзіць з гэтага свету зусім не таго... Нягодныя застаюцца, а сумленныя гінуць...»
Восень, маючы моц ад вясны i лета, не хутка здавалася: зляцелі многія птушкі, жоўта-чырвонае лісце апала, паступова пачарнела, абвадзянела, падгніло на зямлі, аціхла поле, аглушэў лес, пачарнела вада ў блізкай рэчцы, Немане, усё больш сілы набірае непагадзь, i вось першыя ўжо камякі бухмастага снегу (як Геніку хацелася якраз па гэтым першым снезе пабегаць босаму! Якраз – басанож, хоць за гэта маглі быць грозныя вокліч i лупцоўка ручніком па плячах! Не ўтрымацца было ад нейкай простай, але i не зразумелай дзёрзскасці i радасці!). «Не, – казала маці, – зімы яшчэ не будзе. Mo i дзён сорак. Зямля яшчэ сырая, неастылая.» I, сапраўды, як запомнілася Геніку, у такія часіны зіма аснежвалася, суровела позна, нават за Калядамі. А то i пазней. Зіма (дзед Зюзя – стары ў белым кажуху, які лятае над зямлёй i сыпле з рукавоў белы пух) прыходзіла, набірала моц нечакана. I заўсёды ў Янкавінах зімавалася па-рознаму. З зацяжнымі непрыемнымі, нудотнымі вадаспадкамі, стыллю ці, наадварот, з раннім суровым марозам, вялікім (ажно па стрэхі хат) снегам i мяцеліцамі.
ЗІМА
О, яе Вялікасць Зіма! Гэта – не толькі на хутары, дзе жыў Генік, але i ва ўсім свеце штосьці незвычайнае, нават непаўторнае!
Як Генік добра помніць, на хутары вельмі чакалі маразоў i снегу – каб акрылася , адпачыла вораная i доўга нечапаная (папар) зямля, каб азімлівалася, каб пачалі свежаваць свіней. Канечне, гарадскі насельнік, бадай, гэтага як след не ўявіць, што гэта такое – свежаванне. Каб нечага трагічнага яны, дзеці, не зведалі, вепрука бацька калоў зусім рана, калі яны яшчэ бесклапотна спалі, a маці, палячы ў печы, затуляла вушы пальцамі. Каб нічога не чуць. А вось пасля, калі тая істота, што дасюль так беражліва гадавалася, ляжала ў ростырку на снезе i на ёй палаў куль саломы, Геніка будзіла маці, i ён ішоў памагаць бацьку – абсмальвалі, пасля мылі, скрэблі (бацька, зразумела, усё падпраўляў), каб пасля кормніка, перакуленага на знятыя з дрывотні дзверы, «разбіраць». Разбіраць – гэта не проста рэзаць альбо секчы, гэта – адмысловае сялянскае ўмельства, каб нешта было на сала, на мяса, на кілбасы i катлеты, на супы i булёны, на падсмажванне, на крывяную каўбасу, на сальцісон, на начынку на лета ў кіндзюку... I яшчэ – на дзялянкі сваякам i суседзям, якія частавалі свежанінай раней ці яшчэ пачастуюць. I, выбачайце, яшчэ дзецям была ўцеха – надзьмуты, а потым высахлы свіны посік з загадзя укінутым у сярэдзіну зернеткам гароху – так, адмысловы шар, якім дзеці забаўляліся, гулялі як мячом...
Зімой на бязлесным Амшарку адбірала вочы покрыва белізны, было вялікае раздолле для мяцеліц i снегавею. Ох, тады, у саракавыя i пяцьдзесятыя гады, былі i зімы! Бывала, намятала за ноч столькі снегу, што не толькі было цяжка адчыніць дзверы сянец. Хадзілі па платах, з бацькам Генік, як шахцёры, выкопвалі тунэль ад хаты да хлява, гумна i студні, i можна было з верху страхі з'язджаць на санках (што бацька рашуча забараняў, нават неадноцчы за гэта «ўзнагародзіў» Геніка сваім лякарствам – рэменем). Безліч разоў, калі пёк-смаліў мароз, бралі курэй i сялілі ix пад печчу, а ў хаце трымалі ягнят, цяля. Бацькам – клопаты i марока, а дзецям – радасць, якую нават цяжка перадаць сённяшнім словам!
Геніку пасля пачаткоўкі прыходзілася хадзіць у Налібацкую сямі-годку i Дзераўнянскую дзесяцігодку амаль за дзесяць вёрст; з ix вёрсг сем – праз Налібацкую пушчу. Маці будзіла раным-рана, можа, i ў гадзін пяць, намагалася пакарміць (якое едзіва ў такі час, калі вочы яшчэ зліпаюцца ад сну!), пасля – за «тэчку» (партфельчык), a ў ёй акраец хлеба i кавалак сала, агурок – i ў школу. Туды хадзілі гуртам, але здаралася, што Генік спазняўся, адставаў ад вясковых i тэпаў адзін. Лесам. Ды аднойчы – наперадзе воўк. Не пускае наперад; Генік адступіць – ён за ім, стане – таксама запыніцца. Вось так i вывеў з лесу на поле, а потым – да вёскі. Вярнуўся Генік дамоў, усё расказаў – маці ў роспачны плач: «Можа, не хадзі ты ў тую далёкую школу». Не, Генік зусім не спакусіўся на такую слабіну-аблёгку, ён заплакаў: хачу вучыцца. I прадоўжыў сваё.
Тады не хадзілі з Івенца (былы раённы цэнтр) аўтобусы. Генік чэпаў у Налібакі, дзе яго па дарозе аднаго разу перасустрэў дзіўны воўк, пехатою. Але, трэба сказаць, быў шанец не паўзці па заснежаным шляху, а пад'ехаць. За Налібакамі – вялікі сенакос Шубін, дзе ўлетку яшчэ ў часы ВКЛ i царскай Pacii касілі i прадавалі сена. Сенажацілі i пры савецкай уладзе – толькі цяпер для калгасаў. Цёплай часінай туды было цяжка дабрацца, а вось узімку, калі балоты замярзалі, досвіткам імкнуліся на Шубін гусенічны трактар, а за ім – грузавікі. Трактар аблапошваў снег, цягнуў за сабой трохкутнія, з бярвенняў сані, дзе звычайна на дашчаным посціле сядзелі грузчыкі. Вось Генік, як i іншыя дзецюкі, падпільноўваў гэты «гусінец», каб скокнуць з сапханага на ўзбочыну снегу, з гурбаў на насціл i пад'ехаць да Налібак. Генік аднойчы таксама падлавіў момант, гойснуў, a насцілу на санях не было, i ён завіснуў на перакладзіне... Ад таго, што мог скуліцца i зламацца пад бярвеннем ды снегам i вёрсты тры брыкаўся, змагаючыся за жыццё, Генік яшчэ тады, у юную часіну, адчуў: ёсць Яна, СПАГАДНАЯ СМЕРЦЬ... Ці вось яшчэ такі выпадак: Генік з маладой маці ідзе ў Ніўнае – у калгасную кантору, размаўляюць, вітаюцца са знаёмцамі. Насустрач паўзе лесавоз, які валачэ бярвёны з Налібацкай пушчы ў Мінск. Вось жа трэба, каля Геніка і яго маці лена-стомлена рухаўся, хістаўся па баках, стагнаў-крахтаў лесавоз, а пасля зусім нечакана на ім трэснуў ланцуг – i бярвенне паляцела ўніз. Генік здолеў адчайна i спрытна гойснуць убок, у канаву, упаў гварам уніз , i на яго тут жа абвалілася, накрыла цяжкое бярвенне. I так перакрыжоўвалася, што гэты цяжар нават не шкрабануў Геніка. Ён некалькі гадзін ляжаў пад таўшчэзнымі камлямі, але не быў пашкоджаны, толькі на адчайнароспачны голас маці плакаў... Яго дасталі, калі праз некалькі гадзін з'явіўся кран, паднялі ім бярвенне, i з-пад яго выпаўз ён, Генік... Маці, як казала, у той дзень зусім ссівела ...
Калі снегу было няшмат, то яны, хутарскія дзеці, расчышчалі яго на поплаве, дзе вясной спрабавалі плаваць у начоўках, i каталіся па лёдзе на каньках (на драўляных калодачках з прымацаваным да ix спаднізу тоўстым дротам), гулялі ў янкавінскі хакей (ганялі, забівалі кіямі ў вароты бляшанку з-пад кансерваў) альбо начэплівалі на загадзя ўвосень усаджанае пасярод поплава, на копанцы, бярвенца кола, мацавалі да яго жэрдку , а да яе прывязвалі санкі. Хтосьці садзіўся на ix, a хтосьці піхаў перад сабой тую жэрдку – кола круцілася, a санкі ўсё больш несліся са свістам ветру за вушамі.
Зімой былі i іншыя радасці – скажам, калi ацельвалася карова i калі хутка зноў можна было паспрабаваць малака, смятаны, калі, надзяўбаўшыся гліны пад печчу i пачуўшы вясну, пачыналі несціся куры. Здараліся зімовыя начныя туманы, i Генік раніцай колькі разоў не мог ca свайго хутара трапіць у вёску, блукаў узбоч яе, дык каб не блытацца, шлях да цэнтра яе ўтыкалі хваёвымі ці яловымі галінкамі.
...Шмат з таго жыццёвага кругабегу забылася ці не зусім помніцца, у які год што было, але, бывае, штосьці зусім неспадзявана i ярка ўсплыве з памяці. Як, да слова, аднойчы зімовай месячнай ноччу бацька паклікаў яго на двор i паказаў на блізкую нагонку: па ёй ішла вялізная гайня ваўкоў. Hi адзін сабака i на хутары, i ў вёсцы нават не абзыўнуўся ад вусцішу. Ці як да ix завітвалі цыганы, анучнікі, жабракі, бабыль Адвард. Маці карміла ix, пакідала на начлег, а яны прыносілі навіны, a анучнік з Івенца, Шлёмка, i Адвард дастаўлялі тое, што прасілі.
Каб цяперашняму Геніку пра ўсё тое, хутарское, напісаць як след, то, мабыць, не хопіць для гэтага яго жыцця. A ўвекавечыць словам свой «родны кут» трэба, іначай ён, неапеты, будзе безымянны, усяго толькі яшчэ аднымі нейкімі полем, лесам, людзьмі, вёскаю...
ЛІСТКІ ЗАПІСНЫХ КНІЖАК (1980-1996)
I (1980-1986)
Кажуць, маяк свеціць праз кожныя пяць секунд. Шмат часу, канечне, ён свеціць марна, без патрэбы. Але вось дзіва i цуд: прыходзіць міг, калі некаму няможна абысціся без кароценькіх пяці секунд святла!
* * *