— Пані колер машыны не да спадобы,— ухмыльнуўся Вяртун,— я вот удвая старэйшы за вас, а нават матацыкла не магу купіць. На сваіх хаджу і езджу...— ён кіўнуў на ногі.— А вы...
— Трэба ўмець жыць, Рыгоравіч,— без далікатнасці адказала яму Ніна,— кідайце школу, ідзіце якім загадчыкам свінафермы ці яшчэ ў якое даходнае месца, дык праз гады тры і вы паедзеце на «Жыгулях»...
— Вяртун не такі...— узлаваўся Вяртун, зноў застукаў сабе па грудзіне кулаком.— Хай сабе Вяртун п'яніца, ад жыцця адстаў, як гавораць пра мяне мае маладыя калегі, але Вяртун не шукаў і не шукае даходных месцаў! Найн!
— Хадзіце тады сабе пяшком, а мы паездзім...— адказала Ніна, пасля павярнулася толькі да Пеці.— Хадзем, Пятро, у хату.
Яны адышліся. Сліж застаўся, доўга замыкаў дзверцы машыны, думаў, што Вяртун хоць пойдзе сам услед за жонкаю. Без яго, Сліжа. Але той, як назло, стаяў, чакаў яго.
— Каралём цяпер будзеш...— памякчэў Вяртун, толькі, здаецца, залішне моцна бухнуў нагою па коле.— Ісці буду, дык і не возьмеш, не падвязеш... Першы з усіх настаўнікаў на машыне паехаў!
— Паглядзім, як будзеце сябе паводзіць,— праз сілу пажартаваў Сліж.— Калі будзеце на рабоце да мяне прыдзірацца, дык тады... ясцественна...
— Я прыдзіраюся! — хмыкнуў Вяртун.— Ды вы ўсе павінны мяне на руках насіць: дзе вы яшчэ такога дурнога завуча знойдзеце!
— Тут вы, Рыгоравіч, праўду гаворыце...— усміхнуўся Сліж, пасля, калі і ў вячэрнім змроку ўгледзеў, што Вяртун ад яго слоў насцярожыўся, падлашчыўся: — Вы, Рыгоравіч, добры чалавек.
— Мы, Вертуны, усе такія...— адно і тое ж бубніў расчулены Міхась Рыгоравіч.— Шлехт нікому не зробім.
— Канечне,— падтакнуў яму Сліж, замкнуў усе дзверцы машыны, крышку здзівіўшыся, што не выйшлі паглядзець яго машыны суседзі. Толькі, як заўважыў, цікавалі ўпотай праз вокны.
Моўчкі падаўся да двухпавярховага белага дома. Вяртун дагнаў і пайшоў побач.
У калідоры кватэры, дзе пахла смажаным салам, бульбаю з мясам, Сліж, як у іх і было заведзена, пачаў адразу скідаць туфлі, падумаў, што Вяртун зараз зірне на лічыльнік, дыск якога — па яго, Сліжаваму, вынаходству — каторы ўжо год не круціцца, не наганяе грошы, пакпіць. Сёння з усяго будзе кпіць, хоць заўтра пра гэта нават не абзыўнецца.
Вяртун, відаць, забыўся пра гэты лічыльнік, хоць сам некалі ўгледзеў, што дыск ў ім не круціцца, скінуў доўгае паліто, паглядзеў на вопратку і, як паказваючы, што яго тут не лічаць ганаровым госцем, скруціў паліто і паклаў яго ў куток на скрынку з абуткам, наверх паліто палажыў капялюш.
Выйшла з кухні ў доўгім шыкоўным халаце, у тапачках, за апошні год вельмі раздабрэлая Ніна з талеркамі печанага сала і бульбы ў руках. Зірнула з гневам, зморшчылася і падалася ў залу, што была заліта мяккім белым святлом дзённых лямпачак. Там, у зале, загаманіла з Пецем.
Вяртун зморшчыўся, прайшоў крок-другі, віхляючы клубамі,— дражніў не зусім далікатную гаспадыню. Ніна была такая: падабалася ёй што, дык падабалася, калі не падабалася, яна вельмі не таілася.
Сліж незалюбіў гэта. Але ўсміхнуўся Вертуну, калі той прыпыніўся, палэпаў далоняй па галаве, прыгладзіў рэдкія валасы, пасля падняў Вертунова цяжкае, што мяшок з бульбаю, паліто, абціснуў на вешалцы сваё адзенне і пачапіў паліто на самы верх. На паліто прыляпіў мокры, выпацелы ўсярэдзіне капялюш з шырокімі палямі.
Вяртун з задавальненнем адвярнуўся, падышоў да дзвярэй залы і зірнуў туды.
— Скідай, Рыгоравіч, боты,— рэзка азвалася адтуль Ніна.— Бачыш, дываны ў нас — пяску натрусіш. Бяры там, у калідоры, тапачкі. Па-інцелегенцку, словам.
— Я чалавек з народа,— адказаў Вяртун,— хаджу дзе хачу!
Сліж адчуваў, што Вяртун зойдзе зараз наўмысна ў залу і напраўду натрасе пяску, а то яшчэ і патупае нагамі па вялікім дыване, што ляжаў па ўсёй падлозе залы, дык ён, як толькі скінуў і павесіў сваё паліто, зайшоў у бліскучую ад святла залу,— а блішчалі рудога колеру кніжная шафа, падлакотнікі канапы, тэлевізар, дыван,— узяў з журнальнага століка дзве газеты і паслаў іх ля стала і ля дзвярэй. Вяртун зайшоў у залу і сеў на канапе, з захапленнем, паціраючы далонь аб далонь, усміхаючыся, зірнуў на засланы абрусам стол — на ім стаялі халодныя і гарачыя закускі, пітво, талерачкі ды чаркі, а ля іх ляжалі нажы і відэльцы.
— За машыну вашу, дык за машыну! — ужо забываючыся на ўсе крыўды, сказаў Вяртун.— Няхай бегае без супынку! Сліжуйце, словам, Сліжы і сліжаняты!
...Праз гадзіны тры Ніна падала чорную каву ў маленькіх белых кубачках, прынесла цукар-рафінад, лыжачкі і талерачкі.
— Я найн, у гэтага не п'ю,— Вяртун адсунуў ад сябе кубачак, і з яго і на талерачку і на абрус разлілася кава.— Я па-простаму. Я лепш гэта...— ён паліў у фужэр піва, выпіў, выцер рукавом вільготную бараду.— Машына ваша — гэта дрэнь, не варта, каб гаварыць пра яе ўвесь вечар. Лепш раскажу я вам яшчэ, як я быў на фронце перакладчыкам у самога камандзіра дывізіі...
Ніна закрыла твар рукамі: можна, маўляў, учадзець ад гэтых гамонак! За ўвесь вечар Вяртун не даваў нікому раскрыць рота, гаварыў і гаварыў сам.
— Другім разам, Рыгоравіч,— сказаў Сліж, бо ён ужо за гады знаёмства з Вертуном чуў ад яго гэтую гісторыю. Чуў, як Вяртун у партызанах меў заданне пайсці ў Барысаў і звесці са свету бургамістра, як яму даручалі забіць у Мінску Кубэ, але нешта яму ў апошнюю хвіліну перашкаджала зрабіць гэта. Чуў Сліж, як Вяртун быў і перакладчыкам. Не раз і на ўсякія лады.
— Пачакай, ты слухай мяне,— перапыніў усіх Вяртун.— Адкуль я так добра шпрэхен дойч? Я некалі любіў вучыць мовы, шмат моў ведаў: англійскую, польскую, французскую, нямецкую...
— Кітайскую...— паіранізавала Ніна.
— Кітайскую...— падхапіў яе словы Вяртун, пасля спахапіўся, зірнуў на Ніну з незадавальненнем.— Кітайскую — не... Балгарскую, польскую, нямецкую...
— Вы ўжо гаварылі...— усміхнуўся Сліж, але з адчаем убачыў, што Вяртун стаптаў, скруціў нагамі газету, натрос на дыван пяску.