Пеця яшчэ з большым сорамам усміхнуўся.
— Здрадзіш некалі...— са шчаслівым патаемным цмоканнем сказаў Сліж.— Кожны мужчына павінен праз гэта прайсці: кожнага мужчыну спакушае пагладзіць па плячы чужую кабету... Павер мне, ужо не першы год жанатаму... Ды як вытрымаеш, калі працуеш, лічы, з аднымі жанчынамі?! Адны красуні збоку, ды ўсе маладыя, агнявыя!..
Пеця толькі ўсміхаўся.
Сліж гэтаксама замаўчаў, ведаў, што больш пра сябе расказваць не трэба. Ніколі не варта пра сябе шмат усякім людзям гаварыць. Таму моўчкі пазіраў, як праехалі непадалёку фермы, пасля ўехалі ў прысады — за імі за вярсту і была Вішнёўка. Падумаў толькі пра Таццяну Сяргееўну.
«Каторы ўжо год вярэдзіць яна маю душу... Прыгожая, вясёлая, мужчын любіць, але гэтакая капрызная... То прыхінецца, то раптоўна праганяе, злуецца, абзывае ўсякімі словамі. Вось і пазаўчора ў Васільца, калі выйшлі на двор асвяжыцца і калі ўлучыў хвіліну, прытуліў, дык локцем у пераносіцу смальнула...— ён аж памацаў тое месца, што ўсё яшчэ балела.— Але цяпер зладзім, быць не можа. Цяпер усе на мяне будуць пазіраць іначай...»
Як толькі скончыліся прысады, і яны выехалі на дарогу, што ляжала між пашы-сенажаці, убачылі знаёмага чалавека. Вертуна. Той, апусціўшы галаву, дыбаў з Вішнёўкі.
Калі ўбачыў машыну, прыпыніўся пасярод дарогі, падняў угору руку. Яны сталі.
«Усё ясна! — падумаў Сліж.— Наляцеў я на бяду ды на гора...»
— А гэта ты, мой лібэр! — па-блізарукаму плюшчачы невялікія вочкі, выгукнуў Вяртун, пасля падышоў і зірнуў У прачыненае акенца.— Машыну гоніш, агораную на «працоўны мазоль»?
— Машыну, Рыгоравіч, як бачыш,— наўмысна з лагодаю ўсміхнуўся Сліж.— Красуня? — спытаў, але з машыны не вылез. Думаў, што перакінецца словам-другім з вясёлым сёння Вертуном ды паедзе далей.
— Аллес фэрштэен, але нікс шпрэхен...— адказаў Вяртун, махнуў рукою.— Хоць знаю,— ён пстрыкнуў па капоце, а пасля грозна паківаў пальцам,— знаю, за што ты купіў гэтую «красуню». Аллес фэрштэен...
— За сваю і за жончыную зарплату, Рыгоравіч, за што ж яшчэ?..
— Вось іменна, майн лібэр, за жончыную... толькі не за зарплату, а за жончыныя шмелікі-келікі ў магазіне...
— Гэта ўжо нагаворы, Рыгоравіч,— усё яшчэ пасміхаўся Сліж, у душы хочучы піхнуць Вертуна, каб той паляцеў у канаву, ды нарэшце ад'ехацца,— Нядобра, Рыгоравіч. Я вас так шаную, а вы...
— А чаму мяне не шанаваць? — здзівіўся Вяртун.— Вяртун разумны, чэсны, справядлівы. Жыве толькі на сваю плату. Бо мы Вертуны...— ён стукнуў кулаком сабе па грудзіне, зморшчыўся, і па яго шчацэ пацякла буйная сляза.— Бо мы не хто-небудзь, а іменна Вертуны!.. Не Сліжы!
— Я ж гавару, Рыгоравіч, што я вас паважаю, нічога кепскага на вас не маю,— памякчэў Сліж.— І мы з вамі, Рыгоравіч, дружна жывём, як сябры.
— Сітнік бортніку не таварыш,— шморгнуў носам Вяртун,— але я не горды. Так і быць: паеду з табою, пагляджу, які ты мне фрэунд!..
У Сліжа, здаецца, абарвалася ўсё ў грудзях.
«І трэба было ж мне паехаць на Міланькі! — пакляў ён сябе,— Прамямліла гэтая Лілія Іосіфаўна нешта, і я загарэўся падвезці яе». І ўжо раззлаваўся на Лілію Іосіфаўну. Аж да нянавісці. А сябе пашкадаваў: ведаў, што Вяртун сапсуе яму сёння такі ўдалы вечар.
— Паехалі! — настойваў Вяртун, таптаўся ля машыны.
— Сядайце,— буркнуў Сліж, адчыніў заднія дзверцы.
— Я ўсё ж твой начальнік,— заўпарціўся, не пайшоў да задніх дзвярэй Вяртун,— а ты мяне сабе ў патыліцу ды за спіну садзіш!
— А, калі ласка...— зноў усміхнуўся Сліж, хоць у гэтую хвіліну ад злосці ў яго аж задрыжалі рукі. Вылез з машыны, сеў на задняе сядзенне.
«Каб ты не быў мой начальнік, дык я цябе б!..»
Вяртун не абцёр гразкія боты, улез, плюхнуўся на пярэдняе сядзенне, збіў з галавы капялюш, бліснуў лысінай.
— Паджгалі! — Вяртун падабраў капялюш, уладна махнуў рукою Пецю, пасля азірнуўся на Сліжа.— Дома ўсё будзе?
— Будзе,— буркнуў ён.
Як толькі яны прыпыніліся ля хлеўчыка, да іх адразу падышла Ніна.
— Нейкую надта ж светлую ўзяў,— з незадавальненнем прамовіла яна, абышла «Жыгулі» з усіх бакоў, сярдзіта зірнула на яго: нашто прывёз сюды Вертуна?
«Прычапіўся, што я зраблю?!» — позіркам адказаў Сліж.