...Калі Лілія Іосіфаўна канчала правяраць дыктоўкі, пачула, што нехта шпарка ўбег у хату.
Яна хуценька падхапілася: сюды ўварвалася расчырванелая, са збітаю прычоскаю і ў змятым касцюме Мая Сцяпанаўна, не зірнула нават на яе, пабегла за перагародку да свайго ложка. У спальні скінула з ног туфлі, марсянула пакрывала ды ссунула набок падушкі і, не распранаючыся, шмыганула пад коўдру, накрылася з галавою.
— Што такое, Маечка? — устрывожылася Лілія Іосіфаўна, пакратала сяброўку за плячо, цяпер зусім забываючыся на нядаўнюю крыўду на яе.
Мая Сцяпанаўна не адказвала. Здаецца, плакала.
— Маечка, скажы хоць слова...— прасіла Лілія Іосіфаўна.
— У вас Янака майго няма? — пачула праз дзверы Лілія Іосіфаўна незнаёмы жаночы голас, што тоненька гучаў на кухні.
— Не, няма,— адказала гаспадыня,— Ды чаго ён павінен быць?
Было яшчэ сёння, у панядзелак, даволі рана. Можна было не завіхацца падымацца і паляжаць у цёплай пасцелі, настроіцца на апошні тыдзень працы: за ім пачнуцца асеннія канікулы. Прыйдзецца і парадавацца, і пазасмучацца, прыйдзецца ўбачыць сваю настаўніцкую двухмесячную працу вокам ды ў думках, вывесці дзецям ацэнкі за чвэрць... І не толькі вучням, але і сабе...
Лілія Іосіфаўна, можа, яшчэ паспала б, але як загаварылі на кухні, дык яна і прачнулася, міжволі прыслухалася...
Побач, на другім ложку, што стаяў усутыч, спала Мая Сцяпанаўна — праз білы бачылася яе галава і крыху аголеныя плечы. Ноччу, як было чутна, яна ўсё-такі паднялася, раздзелася, дастала з валасоў заколкі, зняла шыньён. Але заколкі і шыньён паленавалася несці да стала, то папусціла адсюль туды, але не трапіла ў цемнаце, кінула долу. Спала яна ноччу неспакойна — часта варочалася на пасцелі, уздыхала, штосьці бубніла сабе і, здаецца, плакала...
— Я чула, што ён тут...— зноў пачуўся з кухні незнаёмы голас.
— Быў звечара, але потым пайшоў...— адказала гаспадыня.
— Няма дома... То я і падумала...
— То заначаваў недзе...
— Можа...— згадзілася госця.— Я дык і не чула, што ён да тваёй кватаранткі ходзіць... Ціхая такая, пі з кім, як чула, не дружыць... Але во сказалі людзі, дык нават не паверыла...
— Як ён там ходзіць! — сказала гаспадыня.— Заходзіў два ці тры разы. І то не адзін, а з Рагаткавым хлопцам.
«Янак... Кватарантка...— падумала Лілія Іосіфаўна.— Дык гэта яе Іван і я... І маці яго...»
Здагадаўшыся пра гэта, яна ўспыхнула ад сораму.
— Па мне хай ходзіць, сам выбірае...— лепятала госця.— Я ж ці бацька не будзем яму выбіраць, каб папікаў пасля... Толькі ж, Манечка, нейкая яна надта худая гэтая настаўніца... Ці не хворая яна?
— А ты надта поўная была, як за свайго Юзю ішла? — незадаволена запытала гаспадыня.— Ад ветру, здаецца, падала... А цяпер... як печ во гэта... Рост ды хвігура такая...
— Ну, Манечка, праўда твая,— згадзілася госця,— як чалавек добры трапіцца, будзе глядзець, ды дзеці пойдуць, то і нарасце ўсё... Абы здароўе было. А Янак мой...
— Ды ведаем твайго Янака...— прамовіла гаспадыня, і відаць было, што нечага і не дагаварыла.
— Крыху во чарку любіць...— паасцерагалася, пачуўшы гэта, многа хваліць свайго сына госця.— Але хто не п'е яе, гэтую халеру?.. Раздурыліся...
— Як хто...— сказала гаспадыня.— Адзін, дык і праўду, набіраецца што жаба гразі, а другі стрымлівацца ўмее, у меру п'е, капейку шануе, здароўе глядзіць... А за п'яніцам,— яна пачала гаварыць галасней, каб, мусіць, гэта чула і яна, Лілія Іосіфаўна,— а за п'яніцам няма шчасця... Ні сам п'яніца, ні сям'я яго добра не апрануцца і сыта не наядуцца... І век калатэча ў хаце...
— Ну, Манечка...— пагадзілася госця.— Ад п'янага і чорт уцякае... Але яшчэ многа значыць, якая жонка трапіцца. Калі і яна такая будзе, то ўсё прагуляюць, калі ж разумная ды гаспадарлівая знойдзецца, то можа і перайначыць...
— Перайначыць ці не перайначыць, але век гараваць будзе...— зноў голасна сказала гаспадыня.
— Горка рэдзька, ды ядуць, блага замужам, ды ідуць...— схітрыла госця.— Я вось, Манечка, і падумала, хай бы мой Янак і хадзіў да тваёй настаўніцы... Дзеўка пры чысценькай рабоце і пры грашах, сталая. Не вялікая бяда, што худзенькая ды тварам не красуня вялікая, пройдзе час, дык, як і ва ўсіх, краса тая будзе... Як ва ўсіх старых... Маткі ды бацькі надта ён не слухае, а вот жонку, можа, болей паслухаў бы... Бо маці датуль міла, пакуль полачкі мыла, а тады ўжо жонка міла...
«О божа! — уздыхнула Лілія Іосіфаўна.— Усюды павінна я быць толькі выхавацельніца... А пра душу маю ніхто не думае...»
— Нічога не магу табе сказаць...— адказала гаспадыня.— Ніякая я табе не свацця. І не хачу ёю быць, хай самі разбіраюцца. Дачцэ сваёй роднай я і то нікога не сватала і ад нікога не адгаворвала... Бачылі вочы, што куплялі... Выйшла — за каго захацела...
— Якое тут сватанне...— як адступіла госця.— Скажы ёй, што сям'я наша хоць і не дужа граматная, век тут, у дзярэўні, жыве і робіць, але харошая. Працавітая, далікатная. І я баба не згрызлівая, і чалавек мой неблагі... І ў Янака душа добрая. Бывала, як быў маленькі, з кожным першым-сустрэчным павітаецца, усё аддасць, што мае...