«А я напраўду, мусіць, нешчаслівая...— падумала.— І адчула гэта яшчэ ў дзіцячым садзе. Як цяпер, помню адзін дзень. Гуляем мы, дзеці старэйшай групы. Мяне пацягнуў балюча за валасы хлопчык. Я заплакала, падбегла да маладой выхавацелькі паскардзіцца. Тая суцешыла мяне і зноў пачала гаварыць з мамай адной з дзяўчынак.
«Бывае вось такое...— ціха сказала тая мама.— Бацькі прыгожыя, а вось дзяўчынка іхняя такая брыдзенькая... Нешчаслівая будзе...»
Засела мне тое слова ў памяці. Прыйшла дадому, пытаюся ў мамы: «Мама, што гэта такое: брыдзенькая?» Мама распытала пра ўсё, папрасіла мяне не зважаць на тое слова, а сама ўпотай выцерла слёзы...
Але тыя горкія словы справядлівыя: не стараліся падружыцца са мною хлопчыкі ў школе, ніхто не пакахаў мяне ў інстытуце, абыходзяць мяне і цяпер... Высозная я, худая, непрыгожая... А для жанчыны ўсё ж, што ні гавары, перш за ўсё краса патрэбна...»
— Дык не будзеш пераадзявацца? — перапыніла яе думкі Мая Сцяпанаўна.— Праўду ж кажу: і Іван прыйдзе...
— Тады і я праўду табе скажу... Твой Васіль прыводзіць яго сюды, каб той «забавіў» мяне, каб яму, твайму Васілю, можна было вывесці цябе з хаты... І, па-другое, вам абаім хочацца і пажартаваць нада мною... Дык папрашу цябе шчыра: перастаньце пасміхоўвацца! Я ж вам не дзяўчынка...
— Ды Іван неблагі хлопец...
— Ведаю, які ён хлопец. Валацуга і п'яніца... Цягаецца па ўсім свеце і нідзе не можа запыніцца... Бо не любіць работы...
Лілія Іосіфаўна вярнулася да стала, села. Чытала, але не запамінала слоў. Усё ў галаве як мітусілася: Мая, яе хараство, шчасце, яе насмешкі, Іван... «Брыдзенькая, нешчаслівая...»
— Паглядзі, Ліля, калі ласка, як я цяпер выглядаю...— сказала Мая Сцяпанаўна з ласкаю.
— Ды добра,— хутка азірнуўшыся, прамовіла Лілія Іосіфаўна.
І міжволі залюбавалася: Мая Сцяпанаўна стаяла ўжо ў чорным прыталеным касцюмчыку, пад пінжачком якога быў белы тонкі світэр, на нагах былі руда-бурачковыя калготы і чорныя туфлі.
— А брошка гэта падыдзе? — запытала Мая Сцяпанаўна, прыкладаючы да штрыфеля пінжачка брошку — два рудаватыя жалуды з зялёным лісточкам.
— Падыдзе. І Васілю твайму спадабаецца...— усміхнулася.— І бацькам яго...
Мая Сцяпанаўна са здзіўленнем зірнула на яе. Нібы разгубілася.
— Я так і адчувала, што вы можаце падумаць... Што я з Васілём толькі таму і хаджу, што ён дырэктараў сын...
— Ды не...— збянтэжылася Лілія Іосіфаўна.— Я так не думаю...
У сенцах начуліся тупатня ды гоман.
— Ідуць! — з хваляваннем прашаптала Мая Сцяпанаўна, адскочылася ад люстэрка, села паблізу за стол, узяла ў рукі новы часопіс.
Госці павіталіся на кухні з гаспадыняю, пастукаліся і зайшлі сюды. Васіль і вішнёвец Іван.
Абодва высокія, адных гадоў — пад дваццаць чатыры. Але і розныя. Васіль быў у адпрасаваным касцюме, у белай кашулі і пры гальштуку, у расхінутым белым плашчы. Іван — сімпатычны, з велікаватымі чорнымі вачыма, з кірпатым носам — быў у некалі чорных, а цяпер бліскучых, пакамечаных штанах, у шэрым зношаным пінжаку, на зялёнай кашулі не было некалькіх гузікаў.
— Ну, як жысць маладая, вучыцелькі? — як і заўсёды, смела запытаў Іван, падышоў і сам падаў ім, дзяўчатам, руку для прывітання.
Лілія Іосіфаўна хуценька забрала сваю, адышлася, села ў куток.
— Добрая, Ваня,— адказала і за яе, і за сябе Мая.
— Прашу частавацца,— сказаў Іван, спачатку Маі, а потым ёй падаў некалькі цукерак-дзюшэсак.
— Дзякую, Ваня,— усміхнулася Мая Сцяпанаўна, але неўпрыкметку для Івана паклала цукеркі за стосікі сшыткаў на стале.
— Дзякую,— прамовіла і Лілія Іосіфаўна.— Толькі я не ем цукерак. Зуб баліць.
— Чаго ж ён табе баліць, золатца? — падсеў да яе Іван.
Мая Сцяпанаўна падсунулася бліжэй да Васіля, падміргнула яму, а пасля, закрываючы рот рукою, і засмяялася, бачачы, як саромеецца яна, Лілія Іосіфаўна, што Іван падсядае бліжэй, так смела пазірае ёй у вочы, мяркуе пусціць у ход свае рукі.
— Баліць зубок, дык золатца такое злоснае сёння? — пацвельваўся ён.