Нiхто дакладна не ведае часу сваёй смерцi, у гэтым i ёсць адзiн з асноўных складнiкаў красы i моцы жыцця. Дактары, асаблiва недавукi, з лёгкiм сэрцам прарочаць прысуд: «Вам засталося...» Называецца тэрмiн. Нейкая медсястра-паўвар’ятка сказанула Алене, што ёй застаецца жыць дзесяць гадоў, не больш. Доктар сварыцца на сястру мiласэрнасцi, але атрута прароцтва распаўзаецца ў Аленiнай свядомасцi. Лягчэй верыцца ў горшае. «Як добра, што ў цябе чыстая кроў. А мне засталося жыць з маiм ракам стрававода толькi дзесяць гадоў...» — Алена спрабуе быць мужнай.
Жорсткасць
Каб зняць стрэс, каб хоць неяк пазбавiцца ад думак пра хуткую смерць, Алена пачынае адкаркоўваць бутэльку шампанскага. Тая выслiзгвае з рук, падае на каменную падлогу i разбiваецца ўшчэнт. На гук выбуху прылятае Ядзя: «Святкуеш сваё вар’яцтва?» Жорсткасць дачкi выклiкае ў жонкi слёзы. Яны цякуць некалькi дзён, высыхаюць i зноў цякуць.
Лiставанне
Алена вельмi любiць пасылаць i атрымлiваць лiсты. Пасля нашага знаёмства я атрымлiваў капэрты з яе фотаздымкамi ледзь не штодня. Цяпер я атрымлiваю ад яе паэтычныя пасланнi па сотавым тэлефоне. Гэта хайку, напiсаныя падчас прагулянак з унукам у парку. Алена пiша сваiм натуршчыцам i натуршчыкам, сябрам i сяброўкам, i ўсiм, усiм, усiм, хто здатны адказаць. Часам яна распачынае лiставанне з дачкой, абменьваюцца цыдулкамi па кулiнарыi. «Мамусь, дай мне грошы на iнтэрнэтную карту...» — «Ядзенька, дастань з лядоўнi баранiну, каб размарозiлася да прыходу кухаркi...» А самыя цiкавыя лiсты Алена з Ядзяю пiшуць да Бога. Ходзяць у Вiльнi ў касцёл Францысканцаў i ў вялiзнай кнiзе пiшуць пасланнi. Што яны просяць, пра што распавядаюць — не ведаю. Але дакладна: ён iм у гэтай кнiзе не адказвае. Як на маю думку, дык не трэба пiсаць у такой кнiзе. Бо аднойчы я напiсаў лiст да каханай жанчыны i не адаслаў, напiсаў яшчэ адзiн i таксама не адаслаў, напiсаў трэцi — i зразумеў, што самыя найiнтымнейшыя лiсты не трэба адсылаць. Іх трэба толькi пiсаць. Зрэшты, можна i адаслаць.
Фiльмы
Кiно — вечная мара Алены. Ад самага пачатку нашага знаёмства яна разважае, як будзе здымаць кiно. Часам надараецца магчымасць зрабiць маленькi сюжэцiк на тэлебачаннi, але за месяц да пачатку здымкаў i тры месяцы пасля паказу ролiка з Аленiных вуснаў не сыходзiць слова «кiно». Кiнаманка — даволi трапная характарыстыка маёй жонкi. Першым «кiно» становiцца калаж са слайдаў з менскiмi краявiдамi i вершамi Багдановiча за кадрам. Нiчога лепшага за дваццаць гадоў яна на тэлебачаннi так i не зробiць... Адразу агаваруся. У вялiкiм кiно Алена наогул нiчога не зробiць. У тым чароўным каляровым мастацкiм кiно, у якiм згарае пакаленне нашых бацькоў, Лена нi разу i не здымецца. Ёсць поўнаметражны дакументальны фiльм пра лёс савецкай жанчыны, дзе Алена iграе Алену — генiяльнага фатографа, якi здымае прыгажуняў. На хвалi эмансiпiзму фiльм нават бярэ прыз на Берлiнскам фестывалi, на тым самым фестывалi, дзе Алена хапае зорную хваробу, калi прывозiць туды апошнi — я спадзяюся — тэлефiльм пра сябе... Фiльм нiхто ў Берлiне не бачыць, бо ён не змантаваны. Затое ў бары вывешваюць Аленiны фотаздымкi, нiбыта кадры з кiно... Сюжэт — калi тое, што атрымалася, можна назваць сюжэтам... Натуршчык-гомасэксуалiст пакахаў жанчыну-фатографа, яна — садыстка i замарозiла бедную ахвяру кахання, як Снежная Каралева спрабавала замарозiць хлопчыка Кая, спакусiўшы яго магiчным словам «вечнасць», выкладзеным з крышталiкаў лёду. Мне сорамна, бо выродлiвы сюжэт прыдумваю я сам. Наогул, усе сюжэты яе фiльмаў прыдумваю я. Неяк так атрымлiваецца, мiж iншым. Так здараецца з вiдэафiльмам «Персыфаль», калi на музыку Рыхарда Вагнера накладалiся тры розныя матывы... Першы: Алена заходзiць у стайню, сядлае каня i скача ў палi. Другi: Алена гатуе сняданак, Алена ладзiць пiкнiк з сябрамi, Алена ўрачыста вячэрае. Трэцi: Алена фатаграфуе мадэлек, якiя распранаюцца, распранаюцца i распранаюцца. Матывы пераплятаюцца — i атрымлiваецца музычны клiп Вагнера. У краiне, дзе нельга нiдзе нiчога нiкому сказаць, такi фiльм мае сiмвалiчнае значэнне. Толькi рэальнасць карэктуе iдэю, i фiльм выходзiць бяздарны з-за дурноты рэжысёра i аператара. Мантаж запорваецца цалкам. Я наогул перыядычна стаўлю крыж на кiно ў Беларусi, на кiно ўвогуле i на ўсiх творчых працэсах, дзе задзейнiчаныя больш за дзве асобы. Алена ўсё лезе i лезе ў табар кiнатусоўкi, здымаецца ў эратычных сцэнах i атрымлiвае зорна-брутальную хваробу. Кiнатэлешоўтусоўка выклiкае ў мяне агiду, а Ленку шкада. Балюча глядзець на чалавека, на творцу, на мастака, чые мары разбiваюцца аб дзверы непабудаванага кiназамка. Каб Алена здымалася ў вялiкiм мастацкiм кiно, жыла б пад нашай коўдраю не зорная хвароба, а ўзорна-псiхiчна-суiцыдальная. Дакладна.
Кроў
Апошнiм часам большасць з напiсанага была прысвечана маiм самым блiзкiм людзям: мацi i бацьку, брату i дачцэ, дзеду з бабай. Здавалася, у гэты шэраг вельмi лёгка ўпiшацца i партрэт жонкi. Дык не. Чамусьцi нататкi пра Алену патрабавалi зусiм iншага падыходу. Адказ знайшоўся ў назве апошняга бацькавага рамана — «Голас крывi брата майго». Пiшучы i думаючы пра жонку, я не чуў голасу крывi. Яна някрэўная. У нас з ёю розная кроў. Яна самы блiзкi мне чалавек, але з удакладненнем — сярод някрэўных. Гэтая бiялагiчная, антрапалагiчная, расiсцкая акалiчнасць апынулася непераадольнай мяжою. Прынамсi, для мяне. Так, можна праспаць дваццаць гадоў на адной прасцiне, падзялiць напалам усе грошы, радасцi i гароты, але кроў застанецца чужой, iншай i не сваёй. Усвядомiўшы гэта, я пакiдаю спробы ўвесцi жонку ў шэраг маiх найблiжэйшых i родных, а пачынаю рабiць асобны партрэт, асобны раман пра яе i толькi пра яе.
Адлегласцi
З аднаго боку, мне крыху нестае крэўнасцi, з iншага — аддаленасцi. Алена заўсёды поруч, побач, блiзка... Я не бачу яе цалкам, толькi фрагментарна. Не магу сказаць, цi прыгожая яна, цi шчаслiвая, цi наадварот — няшчасная. Як у Сакрата: «Нельга сказаць, цi шчаслiвы чалавек, пакуль ён не памёр». Божа мой, я не жадаю ёй смерцi. Толькi спрабую крышку аддалiцца. Немагчыма. Нават калi я запальваю святло пасярод бяссоннай ночы, каб чытаць, Алена не сыходзiць у другi пакой, яна перакiдвае падушку на цёмны бок ложка i моцна-моцна абдымае мяне за нагу, каб так спаць.
Упрыгожванне
Заходжу дамоў. «У мяне кроў з носу iдзе, — кажа жонка, — iдзе, i iдзе, i нiяк не спыняецца...» На белай падлозе чырванеюць крывавыя манеткi. «Ты ляж i паляжы». — «Я ляжала, колькi можна?» Сядаем палуднаваць. Левая ноздра ўся чорная ад засохлай крывi. Маўчу. Жонка нешта гаворыць пра сваiх мадэлек. Раблю выгляд, што ем, а сам думаю пра яе кроў на падлозе: яна нiбыта пачула мае думкi пра родную i чужую кроў i ўпрыгожыла сваёй крывёю ўсю кватэру.
Сюжэт
Ёсць сюжэт, вынайдзены Гамерам i выкарыстаны Джойсам: чалавек выйшаў з дому, паблукаў i вярнуўся дамоў. Дзякуючы жонцы я вынаходжу iншы сюжэт: чалавек закахаўся, ажанiўся i пражыў-праспаў на адной прасцiне 21 год.
СЯБРОЎКА
«Ты выдумаў яе талент, ты прыдумляеш яе мастакоўскасць, яе зорнасць... Ты ўсяляк падтрымлiваеш яе вядомасць i папулярнасць. Пiшаш за яе iнтэрв’ю, перапiсваеш яе вершы, будуеш ёй студыю. Дазваляеш неверагодныя i экстравагантныя вольнасцi кшталту дэманстратыўнага лесбiянства i здымак у кiно са зграямi голых геяў. Разам з гэтым ты паўтараеш казку пра вашую iдэальную сям’ю. Насамрэч, таленту ў тваёй жонкi няма...» — мармыча мая сяброўка, п’ючы куплены мною апельсiнавы сок. «Калi я прыдумаў талент, значыць, гэта мая таленавiтая прыдумка...» Такога я чую шмат.
Прага
Калi б Алена сказала мне: вазьмi i выпi маю кроў, калi толькi пажадаеш — бяры i пi, я б адмовiўся. Не таму, што я нiколi не хацеў жаночае крывi, не таму, што я нiколi не кахаў... Яе кроў — чужая, халодная, неспакуслiвая. Кроў бясстрасная, кроў жонкi, а не жаданае каханкi. Яе кроў не спатолiць маёй прагi, не натолiць жорсткага голаду.
Яе мама
Не было дня, каб жонка не наракала на цешчу. Яны супрацьлегласцi ва ўсiм. І ў любовi таксама. Цешча любiла сына Валодзю... Лепш казаць iнакш. Яна любiць, дагэтуль любiць сына Валодзю. Калi загаворвае пра прыгажосць — людзi, падобныя да яго, прыгожыя. Яна любiць унука Мiколу, яна выгадавала яго. Яна любiць мужа Ваню. Яна любiць унучку Ядзю, i яе яна гадавала. Яна любiць праўнука Валодзю, яна любiць мяне, бо — Валодзя, бо акуратна стаўлю абутак i акуратна вешаю палiто на плечыкi. Тое, што застаецца ад гэтых любовяў, дастаецца дачцэ, а ёй мала, а ў цешчы больш няма, бо тое, што застаецца, трэба яшчэ даць старэйшай цешчынай сястры Нiне.
Жанчыны
«Я люблю прыгожых жанчын!» — ганарыста паўтарае жонка. Сапраўды, яна любiць жанчын. Але якiх? І якiя жанчыны любяць яе? Розныя. Гэтая любоў даходзiць да таго, што паўсюль поўзаюць чуткi, i добразычлiвыя шэпты лезуць мне ў вушы: «Кажуць, твая жонка лесбiянка...» Насамрэч Алена любiць жанчын з ярка акрэсленымi заганамi. Вось яе даўняя сяброўка Л. — само ўвасабленне ляноты. Яна спiць з поўначы да поўдня. Яна вялая, як лялька, ненапоўнiцу набiтая пiлавiннем. Яна пазяхае так, што праз колькi хвiлiнаў пачынаюць пазяхаць усе, хто побач. А ёсць iншая Л.: жорсткая i лютая, такая лютая, што звяла са свету свайго мужа. С. з-за сквапнасцi проста развялася, сказаўшы, што, калi здохне яе былы муж, яна эксгумуе цела, разрэжа жывот i падастае адтуль дыяменты, бо ён хавае грошы i каштоўнасцi ў жываце, каб не пакралi. Н. хавае ў сваiх вантробах iншыя прадукты, замест крывi ў яе жылах цячэ гераiн з алкаголем. Ненажэрнасць Н. здзiўляе. Як i зайздрасць З.: «Вой, як я вам зайздрошчу!!!» — рэфрэн яе размоваў i песняў. Б. — цiхая распуснiца, яе блуд мяшчанскi i прымiтыўны, але татальны: з кiм заўгодна, як заўгодна i дзе заўгодна. П. — пыхлiвая i ганарыстая, настолькi пыхлiвая, што не выйшла замуж i п’е вечарамi гарэлку адна. Гэтыя сем жончыных сябровак найлюбiмейшыя, чамусьцi найлюбiмейшых у яе заўсёды сем, i яна iх сапраўды страшэнна любiць, толькi ўсе яны непрыгожыя. Зрэшты, калi любiш, прыгажосць не мае значэння, нават для фатографа.
Вiльня
Не магу сказаць, што не люблю Вiльнi. Люблю, пiшу вершы i эсэ пра Вiльню, малюю Вiльню... Але я не люблю Вiльнi так, як яе любiць Алена. У мяне ёсць здагадка, што са сваiм першым мужам Алена развялася з-за Вiльнi. Ён абяцаў ёй пабудаваць пад Вiльняю дом. Абяцаў i не пабудаваў. Я не абяцаў, а пабудаваў... Не дом, а кватэру з вiдам на сiнагогу i касцёл святога Казiмiра. Ёй жа так хацелася мець сваё месца ў месце Вiльня. Ёсць, у Вiльнi, сваё... Гэта каб перамагчы дзве рэчы: жабрацкае iснаванне бацькоў у Вiльнi i свае рамантычна-ружовыя ўспамiны пра вiленскае дзяцiнства. Перамагла, дамаглася, зрабiла i павесiла на сцяне вялiкую карцiну Чыпонiса, на якой яна, аголеная, ляжыць на канапе. Самасцвярджэнне — рыса характару. І ўсё ж на яе нельга сказаць — «вiлянчанка», бо Алена не належыць якойсьцi адной культуры i аднаму месцу, яна належыць адно сонечнаму святлу.
Чужанiцы
Дома — свае, родныя, крэўныя... За сценамi дома — чужанiцы. Яны лезуць у дом i разбураюць яго. Калi тут iдзецца пра жонку, дык разбуральнiкi спакушаюць яе досыць прымiтыўна. Дакладней, яна спакушаецца на адно i тое ж: на ўхваленне яе мастакоўскага таленту. Я даўно не хвалю яе фота. Колькi можна?! Не працую з ёй. Чужанiцы гэтым карыстаюцца... «Ты генiяльная, ты вартая лепшага жыцця...» Яны прапануюць: выставы ў Лондане, фотастудыю ў Маскве, працу ў Дзюсельдорфе... Яны хлусяць, жонка верыць. Па праўдзе, жонка не верыць, а верыць фатограф, якi жыве ў жонцы. Калi ашуканства i ашуканцы выкрываюцца, калi наводзiцца цвярозая рэзкасць ва ўзаемаадносiнах, я ведаю, што гэта часова, а жонка клянецца, што назаўсёды. Не бывае назаўсёды. Мой клопат — баранiць дом ад чужынцаў. Я iх пазнаю па алейных вочках i кажу: «Цябе зноў падманваюць». А яна... Ну хто ж не хоча, каб яго хвалiлi i спакушалi?!
Нельга сфатаграфаваць
Развагi пра тое, што нельга сфатаграфаваць, пераследуюць Алену. І тое, i гэтае нельга... Збольшага яе развагi зводзяцца да раскручвання фотастужкi ў кiнастужку... «Чарада падзеяў. Доўгае падарожжа на машыне. Скрозь ноч, праз палi, праз лес, зноў праз палi... Дом цёмны, бязлюдны... Сходамi на самы верх... Вялiзны пакой перапоўнены музыкаю... Какафонiя... Чатыры мужчыны i жанчына... Цiшыня... Sex... Маўчанне...» Чаму гэтага нельга сфатаграфаваць? Гэта напэўна з несфатаграфаванага. Цi сфатаграфаванага на ўяўную фотастужку. Мае аргументы iгнаруюцца. Мае развагi пра нелiнейнае святло лiтаратуры не чуюцца. Алена чапляецца за метафары, за паэтычную бессэнсоўнасць, за iнтуiцыю... Я не спрачаюся. Мяне мала цiкавяць аб’екты, якiя не сфатаграфавалiся, я не сумую па iх, я не прысвячаю паэмы хвалi, якая ўпала, рассыпалася i стала мiнулым, мяне хвалюе тая хваля, што падае, ляцiць, гудзе... Мяне захапляе тое, што фатаграфуецца, пiшацца, творыцца i ствараецца. Саўдзельнасць у боскiм стваральным руху — маё прызначэнне... Жонка — iншая, яна сама сабе купляе зрэзаныя кветкi i, гледзячы на iх, пiша вершы пра тое, што нельга сфатаграфаваць.
Партрэт