Мы сустракаемся, малюемся, фатаграфуемся, цалуемся, рвём фотаздымкi, рэжам карцiны, пiшам манiфэсты: «Пераробiм!», «Зруйнуем!», «Адновiм!» Манiфэст, як афарызм, будуецца на парадоксах. Весела. Шумна. Аэрадынамiчна выглядаюць палёты здымкаў i малюнкаў, кiнутых з моста ў рэчку Свiслач. Вынаходзiм форму творчасцi: фотавершы — тэксты, напiсаныя на здымках, цi здымкi, аздобленыя вершамi. Робiм выставу ў iнстытуцкiм фае. Дэкан здымае. Кажа, што ў радку «лiст паляцеў» чуецца слова «палiцай». Ідыятычны крэтынiзм — асноўны стыль у паводзiнах дэканаў, рэктараў i прарэктараў усiх часоў, дзяржаваў i народаў. Прыхiльнiкаў у фотавершаў няшмат, але ёсць. Сябры, вядома... Фотавершаў робiм процьму. Яны — нiбыта лiсцiкi на дрэве нашага кахання. Я iх збiраю ў папкi. Яны i праз дваццаць гадоў у нас, у шафе кнiжнай, каля ложку.
Доўгi-доўгi дзень
Калi ты некага кахаеш, абавязкова надыходзiць доўгi-доўгi дзень. Знiкае ноч: ты не спiш, ты кладзешся спаць, але не можаш заснуць, устаеш i едзеш, iмчыш-ляцiш да яе. Яна гэтаксама не спiць. Вы сустракаецеся а пятай ранiцы, каля возера. Чаму каля возера? Каб многа неба, каб неба адбiвалася ў вадзе, а вада плыла ў небе. Каб усё ў свеце пераблыталася i перамяшалася. Ноч перамешваецца з днём, зямля — з небам, чорнае — з белым. Каб ты пацёк у яе, а яна — у цябе. Гэта i ёсць доўгi-доўгi дзень.
Вяселле
Мы жэнiмся. Вяселле не такое, як ва ўсiх. Мы распiсваемся ў вёсцы Пагост. Выдатнае месца, каб спраўляць вяселле. Могiлкi люблю я. Могiлкi любiць Алена. Сведак бракуе. Жанчына, якая афармляе шлюб, здзiўляецца. Дзе госцi? Дзе сведкi? Дзе бацькi? У Менску чакаюць. Вы праўда прыехалi на аўтобусе? Мы — бедныя, i прыязджаем i з’язджаем з мястэчка Пагост рэйсавым аўтобусам.
Альбом
Ёсць рэчы, якiя робiш без пэўнай мэты, цi дакладней — iмпульс, якi штурхае iх рабiць, тоiцца ў глыбiнях iнтуiцыi... Таму цяжка растлумачыць iншым, нашто я перабiраю дзiцячыя фотаздымкi Алены, зробленыя цесцем, i, адабраўшы больш выразныя, клею iх у альбом. Нi жонцы, нi цесцю той альбом не быў патрэбны. Яны не выказалi нiчога адмоўнага, але i ўхвалы былi толькi ветлiвыя, не больш. Ёсць i ёсць, каб не зрабiў, нiчога б не здарылася б i не змянiлася. Зрэшты, я не разлiчваю на iх захапленне. Мяне цiкавiць iншае... Што? Пра тое я даведаюся пазней, калi Ядзя пойдзе ў першы клас, сядзе за парту, i яе сфатаграфуюць з букваром. Дачка прынясе са школы здымак, я пакладу яго ў «жончын» альбом i ўбачу: Алена i Ядзя — адзiн чалавек, якi адначасна жыве ў двух узростах. Насуперак логiцы, рацыi, розуму i папярэднiм сваiм ведам я ў гэта паверу, гледзячы на падабенства фотапартрэтаў дачкi i жонкi, Алены i Ядзi.
Яе тата
У жонкi ёсць адзiн чалавек, якi любiць толькi яе i больш нiкога. Калi я гавару з iм, мне падаецца, што ён нiкога i не любiў за сваё доўгае жыццё, акрамя яе. За гэтае пачуццё, за гэтую адданасць i шчырасць Алена хоча аддзячыць i запiсацца мардвiнкаю, як бацька. Яны абое ганарацца сваёю прыналежнасцю да вугра-фiнаў. Усё фiнскае, эстонскае, вугорскае ў iх добрае апрыоры. Каб не мая цешча, у жончыным пашпарце стаяла б: «мардвiнка». Але цешча, мудрая жанчына, сказала, што, жывучы ў славянскiм свеце, трэба выбiраць славянскую нацыянальнасць. Прозвiшча Бяляеў, якое носiць сям’я, выдуманае для жыцця ў савецкай iмперыi. Сапраўднае прозвiшча цесьця — Ісаеў. Так мая жонка робiцца беларускай.
Шкадаваннi
Знайсцi слова для азначэння iнтымных i найiнтымнейшых стасункаў з жонкаю проста неабходна. Бо ўсе гэтыя «сэксы», «трахi», «гэблi», «маркiтоўкi», «любошчы», «каханнi» з «любовямi» — не сямейныя. У нас прыжылося «шкадаванне». Прыжылося, змянiўшы сэнс. З яго выпарылася прынiжанасць i жальба, яно напоўнiлася пяшчотаю, ласкавасцю, цеплынёю. Я шкадую жонку, яна шкадуе мяне, мае галаву, спiну, вочы... Мы жывем у шкадаваннях.
Вершы
Пiсаць вершы недасягальнай каханцы, адсылаць iх у лiстах, чакаць адказаў... Ну вядома, такога ў лiтаратуры безлiч. Дульсiнеi, Лауры, Анабэлi Лi... А каб жонцы пiсаць? Нашто? А таму, што ў Алены да мяне быў iншы муж. А таму, што ў Алены i пасля мяне можа быць iншы муж. Таму, што на Алену наплывае наркатычны сон, i жыццё страчвае вартасцi, каштоўнасцi i прывабнасцi. Яе жыццё крышыцца i рассыпаецца. Побыт яе прыгнятае. Прэснасць патрабуе кiслаты, вогненнасцi i вастрынi. Ёй балюча i нясцерпна, яна такая:
Жонка
Вось так трымаецца свет? Не. Ён няўстойлiвы, нетрывалы, самаразбуральны i самастваральны. Прынамсi, у Алены ён такi. У iм, як у кожным мастакоўскiм жыццi, святы пераблытваюцца з шэрымi буднямi...
Свята
Прашу. Яна спыняецца. Дзякуючы вершам?.. Спыняецца, i дзякуй богу.
Пераклады
Спачатку жонка з захапленнем перакладае маю прозу. Чытае Белага, гартае слоўнiк Даля. Яна сябруе з расейскiмi метафарыстамi — Паршчыкавым i Яроменкам, што выкладаюць мае вершы з маскальскiх словаў. Чым больш я пiшу, тым меншае жончын iмпэт да перакладаў... Пазней яна наогул пакiдае чытаць мае тэксты. Знаходзяцца iншыя перакладчыкi. Рэч не ў гэтым, а ў тым, што я герметычна запакоўваюся ў сваю мову. Пераклады Алены — аматарскае захапленне, якое сваечасова згасае.
Брат-нябожчык
Брат у Алены быў — прыгожы, чарнавокi, добры i таленавiты. Прынамсi, усе такiм яго ўспамiнаюць. Брат прападае. Апошнi раз яго бачаць каля Акадэмii навук. Знiкае ён зiмою, а цела чалавека, падобнага да Аленiнага брата, знаходзяць ў Свiслачы, за 30 кiламетраў ад Менска ўнiз па плынi, толькi ўвесну, калi лёд сышоў. Ёсць шмат версiяў, хто i як яго забiў. Аленiн тата наогул адмаўляецца прызнаваць у нябожчыку сына. Алена застаецца з перакананнем, што яе брата забiваюць з-за музыкi... Так-так, ён выдатна грае на гiтары, ён захапляецца бiтам i рок-н-ролам, ён у 1968 годзе ўдзельнiчае у першым савецкiм рок-фестывалi. А саўдэпаўская iмперыя змагаецца са шкоднай iдэалогiяй усiмi метадамi, не грэбуе i забойствамi. Я, працуючы журналiстам, спрабую шукаць праўду, але не знаходжу. Знiкненне, забойства, пакуты жончынага брата застаюцца ў цемры таямнiчасцi. У гэтай безнадзейнасцi для ўсёй Аленiнай сям’i ярка i выразна гучыць адно iмя — Валодзя. Таму i мой прыход у жончыну сям’ю вiтаецца напачатку з-за iмя. Я мушу крыху кампенсаваць сваёй прысутнасцю iх страту. Гэта не гаворыцца, не абмяркоўваецца — так ёсць.
Падарожжы
Што мяне, што яе, нас заўсёды некуды нясе, гонiць ў блiзкi i далёкi свет. Ёй хацелася стаць акiянолагам, а я марыў пра археалагiчныя экспедыцыi. Яна пачала фатаграфаваць, а я — маляваць i апiсваць. Мы разам аб’ездзiлi больш за дваццаць краiнаў. Толькi ёсць iстотная рознiца памiж намi як падарожнiкамi. Мяне зусiм абыходзяць знаёмствы з абарыгенамi. І справа не ў моўным бар’еры, хоць i ў iм таксама... Проста я не лiчу, што ў Барселоне магу пазнаёмiцца з кiмсьцi больш цiкавым за Гаўдзi, Пiкаса цi Мiро, а ў Рыме мяне захапляюць архiтэктурныя абломы, бачаныя Цэзарам i Неронам. Я шукаю месцы, дзе мог бы пачуць iх галасы... Алена знаёмiцца з рознымi нiкчэмнасцямi: гандляром шкарпэткамi, бармэнкамi, афiцыянткамi... Яна вельмi дзiвiцца, што я з такiмi хабламi не жадаю нават бачыцца. І на яе экстравагантных фота яны выклiкаюць у мяне гiдоту. Каб не гэтае жончына захапленне, каб не чалавекападобная садавiна-гароднiна, мы б падарожнiчалi разам значна болей, а так мы шмат ездзiм паасобку.
Генiяльнасць
Табе кажуць: «Твая жонка — генiй!.. А ты — нi-хто?!» Мне такое гавораць. І хто? Крываногая палюбоўнiца кiнарэжысёра-дакументалiста, жоўтазубая, як нутрыя. Атручаная злосцю слiна ляцiць мне ў вочы. Я не лезу на сцяну. Не пускаю з рота пену. Не б’юся ў iстэрыцы... Пагаджаюся. Ветлiва кiваю галавою. Так, так... У адоранага чалавека ўсё мусiць быць выдатнае: i адзенне, i творы, i заробкi, i жонку ён выбiрае адпаведную: таленавiтую i разумную. Можна i наадварот... У таленавiтай жанчыны — муж, адораны прыродаю, лёсам, Богам i яшчэ немаведама кiм i чым.
Любiць – не любiць
Ненавiджу вяселлi, банкеты, пахаваннi, урачыстасцi i ўсё астатняе, звязанае з народнымi масамi, класамi, пралетарыямi, сялянамi i элiтамi. Алена таксама не любiць, не шануе i не фатаграфуе: працэсii, ускладаннi вянкоў, мiтынгi, манiфестацыi, ветэранаў, ветэрынараў, дзяцей з малпамi, шлюбныя ўрачыстасцi, вайсковыя парады, трупы i ружы цялеснага колеру. Яна здымае iншае... Сябровак, сяброў, сухiя кветкi, чаўны, гаражы, лiмоны, сiнiя бутэлькi i мяне. Яна любiць мяне, Платона, Магрыта, iтальянскае Адраджэнне, англiйскi рок-н-рол, Вiльню, срэбра, Барселону, дачку Ядзю, Амстэрдам, Бэрклi з ягоным вечназменлiвым дрэвам, сына Мiколу i Кёльн... Яе любяць нашы дачка i сын, манекеншчыцы, японка Akemi, натуршчыкi, гаспадары вялiкай маёмасцi, уладальнiкi заводаў, рэдактары часопiсаў, рэкламныя агенты, яўрэi, кiношнiкi, разумныя кабеты... Неразумныя кабеты яе таксама любяць, i ў якасцi доказаў шчэраць пашчу i гавораць мне: «Твая жонка — генiй! А ты — нiхто!»
Дамова
Я нiхто? Я муж генiяльнай жонкi! Я люблю яе. Каб зберагчы каханне, я не купляю фотапаштовак, не фатаграфую, не здымаю кiно, не працую на TV, не малюю аголеных натуршчыц... Алена ўсё можа сфатаграфаваць i зняць у кiно. Бывае, вельмi хочацца фатаграфаваць i маляваць голых баб, дзяўчат, кабет, дзевак, дзяву-у-уль... Стрымлiваюся. А бывае, Алена папросiць сфатаграфаваць яе. Толькi тады... Раз на год... Фа-та-гра-фую! А яна не пiша вершаў, эсэ i апавяданняў. Такая ў нас дамоўленасць. І яшчэ ёсць дамова: пасля смерцi нашы душы будуць жыць разам на Кальварыйскiх могiлках, на высокiх клёнах.
Негатывы