- Зіму не люблю. Затое люблю бегаць на доўгія дыстанцыі… Мой тралейбус. Пакуль!
Плаванне я кінуў, бо мне ў рэшце рэшт проста не падабаліся смак цукру з хлёркай і холад.
17.06.1985
Шар
Яраку падабалася ёлка і падобныя да цукерак лямпачкі, драўляныя гадзіннікі і шары, у якіх адбіваецца і выцягваецца твой твар і робіцца клоунскім, а яшчэ падабалася канфеці, схаванае ў хлапушкі, і шмат розных рознасцей, без чаго не абыходзіцца навагодняе свята. Хлопец загадзя пачынаў рыхтавацца да сямейнай урачыстасці. Ён клеіў маскі, выразаў з паперы снежынкі, прышываў да цукерачных абгортак петлі… Рыхтавацца Ярак пачынаў паслы дня нараджэння сваёй сястры Броні, якой вельмі пашанцавала, бо яна нарадзілася ў нядзелю, за тыдзень да Новага года.
Сёлета Броні спаўнялася тры гады ў сераду. Была звычайна-непрыкметная працоўная серада з нізкімі хмарамі і моцным ветрам. Бацька завёз Броню да дзеда з бабай, бо які дзень нараджэння, калі цябе адвядуць у прапахлы маннай кашай яслі-сад. Маці дала Яраку грошы і сказала:
- Купіш падарунак.
- А што купіць? – спытаў ён.
- Купі якую-небудзь ляльку ці цацку. Сходзіш у магазін і выбераш.
- Я не ведаю, што купляць.
- Да вечара прыдумаеш.
- А калі не прыдумаю?
- Твая сястра застанецца без падарунка.
- А вы з бацькам што купілі?
- Я купіла ёй сукенку, а бацька такі, як і ты: яшчэ не прыдумаў.
- Добра, я прыдумаю і куплю што-небудзь.
- Купі, купі. Толькі не спазняйся, за стол мы сядзем у сем.
У школе з Яракам нічога не здарылася, яго не выклікалі настаўнікі і кантрольных прац ён не пісаў. А вось пасля заняткаў хлопца спыніла ў школьным двары настаўніца фізкультуры.
- Вось добра, што я цябе сустрэла. А то не ведала, што рабіць. Наша валейбольная каманда сёння выступае на гарадскіх спаборніцтвах. Каманда павінна выступаць, а ігракі раз’ехаліся. Я ледзь-ледзь пяцёх знайшла. Будзеш гуляць шостым, - хутка гаварыла настаўніца.
- Я сёння не магу, - запярэчыў Ярак.
- Як гэта ты не можаш?! Трэба згуляць. Абавязкова трэба. Наша школа і так на перадапошнім месцы…
- У маёй сястры сёння дзень нараджэння.
- А я думала і сапраўды нешта сур’ёзнае, а тут дзень нараджэння!
- Мне яшчэ падарунак трэба купіць, - Ярак пашкадаваў, што не схлусіў.
- Ідзі дадому, пераапраніся і праз паўгадзіны, каб быў у спартзале. Падарунак купіш пасля гульні. Усё. Ідзі, я чакаю.
Гульня не пайшла. Яны прайгралі. Настаўніца фізкультуры не дакарала хлопцаў, і з-за гэтага было яшчэ больш крыўдна. Ярак гуляў, як мог, стараўся, але ў яго не хапала росту, каб добра, па-сапраўднаму “рэзаць” і ставіць надзейны блок. Гульня скончылася а палове сёмай, і Ярак спазняўся на дзень нараджэння.
Ляцеў мокры снег, і асфальт быў фактурны, быццам яго засыпалі тоўчаным шклом. Ярак шпарка ішоў па рассыпаным пад ліхтарамі святлу. Моцны вецер шпурляў у твар цяжкія сняжынкі. Яраку хацелася хутчэй апынуцца за святочным сталом і паглядзець, як Броня здзьмухне тры вострыя агеньчыкі з тонкіх свечак. Хлопец абганяў прахожых. Народу на вуліцах было многа, як і павінна быць у перадсвяточныя вечары. Людзі выходзілі з магазінаў, заходзілі ў кавярні, стаялі ў чарзе па свежую газету, беглі праз вуліцу на зялёнае вока хутказменлівага святлафора, чакалі пад гадзіннікамі, перабіралі зялёнабокія лімоны ў скрынках, каб выбраць самы жоўты… Ярак спяшаўся ў магазін “Цацкі”.
У магазіне чаго толькі не было – і зоркі з тоўстай фольгі, і зайцы з барабанамі, і мядзведзі з піламі, і грыбы з драцянымі вушкамі… Каля прадаўшчыц стаялі стосы кардонак, у якія запакоўваліся набытыя цацкі. Ярак прайшоў у спартыўны аддзел, дзе на паліцах знайшоў мячы. Хлопец выбраў пругкі, ярка-чырвоны, з цёмна-сіняй палоскаю, двухрублёвы, такі, як і хацеў, мяч. А навокал купляліся і купляліся навагоднія цацкі, а прадаўшчыцы складалі і складалі тыя цацкі ў кардонкі, выбівалі і выбівалі чэкі. Гулі касавыя апараты, звінелі капейкі, шапацелі рублі, называўся кошт, лічылася рэшта… Здавалася, увесь горад прыйшоў купляць забаўкі.
Снег ляцеў наўскос і заштрыхоўваў святло ў вокнах. Чым вышэй паверх, тым шчыльней клаліся жывыя штрыхі. Ярак спыніўся пад святлафорам і глядзеў на чырвоную смірную фігурку. Побач стаяла жанчына і трымала за руку хлопчыка, які прыціскаў да сябе вялікую светлую кардонку. Раптам вецер сарваў накрыўку з кардонкі і кінуў яе на дарогу. У кардонцы цьмяна паблісквалі гладкімі бакамі ёлачныя шары.
- Я так і ведала. Казала, давай я панясу. Не! Сам ён панясе! Панёс?! – пачала сварыцца жанчына.