Цёця рэдактар піша яшчэ больш педагагічны ліст:
«Напішы нам, Валодзя, пра вясну — як яна прыйшла ў ваш калгас, колькі радасці яна прынесла рабятам вашай школы. Паспрабуй апісаць гэта вершам».
Вершык прысланы доўгі, грунтоўны i... з празаічнай прыпіскай:
«А наш дырэктар усё ж такі злодзей».
Цётка рэдактар пакуль што ў часовым адчаі.
Хлопчык глядзіць на маладзік. Дадумаўся:
— Ён прабіў трохі неба i вылез!
Пра старэйшых сястрычак:
— Аню люблю да самага сонца, a Нінку толькі да правадоў.
Позна ўвечары, калі ён вяртаўся з завода, дома яго чакала амаль заўсёды тое самае.
Алеся ўжо спала. На радыятары пад акном сохлі ці проста грэліся да раніцы яе маленькія, нястомныя валёнкі. Чорны плюшавы мішка сядзеў побач з ложкам на тумбачцы. Цярплівы мядзведзік, з адной-адзінай лапай застаўся, і смешны сёння — абвязаны хусткай, з-пад якое відаць толькi вострая мызачка і чорныя гузікі бяссонных вачэй. Лялька Зося ляжыць побач з «мамай» Алесяй, клапатліва накрытая коўдрай. Сёння «мама» памыла яе сукенку, якая сохне на радыятары побач з валёнкамі.
Нібыта поўны парадак...
А гэта што?
Заяц у штоніках пакрыўджана ляжыць каля тумбачкі, уткнуўшыся носам у куток.
— Хадзі сюды,— усміхаецца малады гаспадар, Ён паднімае шарака і садзіць яго побач з мішкам. Зухаватае вуха вясёлага зайкі зноў апускаецца, як заўсёды, калі ён бывае ў добрым настроі, а на вусатай мордачцы ажывае усмешка. Так i здаецца, што вось ён возьме зараз і ўтрэ лапкай слязу са шчакі. Як у казцы.
— Сплю,— шэпча бацька, схіліўшыся над Алесяй.
— Не пабудзі,— ад стала кажа маці-настаўніца.— Ты ж з холаду. I яшчэ не памыўся.
Бацька, аднак, напінаецца і асцярожна цалуе сваю ненаглядную радасць, нібы здымаючы з цёпленькіх вуснаў салодкую ўсмешку. Дзе там пабудзіш! — малая нават не зварухнулася. I губкі таксама смяюцца праз сон.
— Сцяжок успомніла,— усміхаецца, падыходзячы, мама — ужо не настаўніца.
— Які сцяжок?
— Ты ведаеш, яна ўжо добра, добра ўсё памятае. Прыйшла сёння з двара i пытаецца: «А калі я пайду са сцяжком, як тады? Калі будзе сонейка, траўка?..» Я заходзіла сёння на Камсамольскую. Няма яшчэ першамайскіх сцяжкоў...
Бацька смяецца: — У лютым?
Алесіна мама здаецца яму... ну, куды маладзейшай за свае дваццаць тры. I сёння — яшчэ больш падобнай да Алееі.
— Толькі i радасці з дзяцей, калі ix водзіш за ручку,— кажа заўчасна пастарэлая і стомленая маці.
Дзеці пакідаюць бацькоў (часамі вельмі няўдзячна), а потым вяртаюцца да ix у выглядзе ўнукаў. I таму, кажуць, бабулі любяць унукаў больш, чым калісьці любілі дзяцей.
Трымаць за ручку жыццё, якое вось i прайшло, і ўцякае!..
Дарога Ратэрдам — Амстэрдам.
Раўніна. Багаты лес: дубы, вязы, платаны, клёны, ліпы... Парнікі і адкрытыя грады. Прыгожыя домікі, ветракі, касцёлы, зноў ветракі... На сакавіта зялёных паплавах чорна-пярэстыя каровы. Вада не ўмяшчаецца ў незлічоных канавax, блішчыць нават на раллі, Раскошная аўтастрада. Абапал — вузкія, простыя палявыя дарогі, таксама асфальт у прысадах. Сонечны дзень...
Сонечны дзень у дажджлівай, пахмурнай Галандыі!.. У сярэднім ён тут бывае адзін раз на тыдзень. Цяпер, у кастрычніку, гэта зусім незвычайна, як дарагі падарунак.
А дзень — адзін, праездам, дзень у краіне, пра якую ты столькі ведаў здалёк i як быццам не ведаў нічога?..