— Дарослых нясуць на плячах, у труне, хоць закопваюць без яе. A дзіця — яно такое мяккае, чыстае... Ix толькі на руках. Гэта дзяўчынку нясуць: пад пакрывалам.
— Тры ці чатыры гады,— дадаў да слоў нашага правадніка магутны, чараваты дзед, пенсіянер у "адказным" кіцелі. Ен толькі што падышоў да нас, прывітаўся i пазнаёміўся з саліднасцю загадчыка ўсёй гэтай сумна-лірычнай гаспадаркі.
—Можна i нам з імі прайсці?
І вось мы ідзём у каыцы небагатага пахавальнага шэсця — за расцягнутай чародкай мужчын, за інвалідамі на мыліцах, што сігаюць, спяшаюцца, нібыта ў тое месца, куды найлепш паспець раней. І мы спяшаемся, моўчкі паддаўшыся агульнаму настрою.
A ўсё ж спазняемся трохі.
Каля свежае ямы з рук старога ў шэрым плашчы малую ўзяў малады рухавы магільшчык. Ён стаяў ужо ў круглай яме і, прыгнуўшыся, асцярожна i спрытна ўкладваў выняты з чырвонага пакрывала, белы, у саване, кокан маленькай нябожчыцы ў гарызантальную яму-падкоп. Тады падкоп залажылі каменнем, кінулі ў круглую яму па жмені пяску. Вялікі кетмень — спрадвечная матыка, лапата, а то i плуг гэтых слякотных, з упартым грунтам мясцін — хутка i спраўна захадзіў у руках рабацягі, засыпаў яму i ўзняў над ёю копчык гліністай зямлі.
Наш узбекскі калега асцярожна паказаў мне бацьку малое.
З залысінамі з-пад чорнай цюбецейкі, з завязаным анучкай пальцам, ён нязграбна i, як здавалася яму, непрыкметна выціраў грубай рукой слязу i штосьці — па губах было відно — шаптаў...
Усе прыселі на кукішкі. I мы, незнаёмыя, разам з усімі. Стары мула ў белай чалме прысеў на сіняй посцілцы паміж двух сваіх асістэнтаў, таксама дзядоў. Пачаў маліцца, мармытаць з непераможнай перакананасцю на абліччы.
Пяклі мае цесныя туфлі, хацелася па-нашаму, для зручнасці, стаць на калені, хацелася, як малому, азірацца навокал...
Ды я бачыў перш за ўсё галоўнае — як варушыліся тоўстыя губы бацькі, таксама як i раней, значыцца — не ад малітвы. Калі ж маліўся ён — думаў, відаць, пра адно...
Слова наша лятае далека, далека ўе сабе гнёзды. Нічога дзіўнага, калі i гэта, што цяпер пішу, калі-небудзь заўважыць узбекскі чытач. Няхай жа ён тады не здзіўляецца маёй наіўнасці, дзе яна ёсць,— я ўпершыню гэта бачыў i чуў. Няхай ён ведае адно: у той вельмі звычайны i такі ўрачысты момант, зразумелы i мне, бацьку малога сына, чалавеку, які пахаваў нядаўна найбліжэйшага друга, хацелася якнебудзь выказаць спачуванне прыбітаму горам, але баяўся, што гэтым, можа, парушу нейкі звычай яго стараны. Таксама наіўнасць? Ну, што ж...
Мы перад гэтым глядзелі горад, хадзілі вакол казачнага медрасэ. Пазіралі на велічны помнік Наваі — знізу ўгару, насупраць сонца за павалокаю хмар, што ратавала нас ад спёкі. Стаялі, разуўшыся, у бібліятэцы мусульманскага духоўнага кіраўніцтва, над агромністым фаліянтам карана, перадрукаванага фотаспосабам з куфічнага арыгінала. Аглядалі — з акна аўтобуса i выйшаўшы з яго — раскошную зеляніну праспектаў i паркаў, панылы строй "ташкенцкіх Чаромушкаў", бязвокныя ад вуліцы дамы i дувалы старых кварталаў, па-сучаснаму размашыстае будаўніцтва акадэмічнага гарадка...
Пазней, пасля могілак, мы глядзелі, як робяцца шматфарбна яркія, вострай рукой разузораныя, часамі нібы гарачыя навобмацак узбекскія тканіны, глядзелі, як мноства маладых i пажылых ткалляў, на сонцы i з-пад дрэў, зачаравана слухае беларускую народную песню, смяецца ад нашага трапнага слова, што гучыць на фабрычным двары з кузаваў, засланых дыванамі, грузавых аўтамашын. Потым мы бачылі яшчэ...
Многа мы бачылі ў той дзень.
Але ўсё яно засталося толькі фонам да таго настрою, да тых адчуванняў, якія дакрануліся да мяне, дакранулі мяне да вечнасці, да Азіі, да чалавечых дум каля самай звычайнай магілкі, у якой пагасла ў белым саване знічка чужое радасці.
Быццам я i ляцеў сюды дзеля гэтага. Высока над аблокамі. За тысячы кіламетраў ад дому.
1966
ПРАХОДКА
У ціхім возеры, у правай затоцы, бліжэйшай да сонца, якое ўзыходзіць, адлюстроўваецца грэбень лесу i паэтычна загадкавае неба, размаляванае хмаркамі. Бліжэй да берага, але не на самым беразе застыў градою трыснёг. Па ўсім гэтым паўзе, клубіцца, стаіць, зноў паўзе туманец. Нібы не ведаючы, што i ён — прыгажосць,штосьці заключнае, неабходнае ў гэтай красе.
На балоцістым беразе, заследжаным, з вадою ў слядах, скачуць, падскокваюць, пагойдваюцца пліскі.
Галоўнае ў ранішняй музыцы — пеўні з двух хутароў-леснічовак. Нехаця перасвістваюцца сытыя шпакі. Цінькае нейкая драбяза.
Лес, што асланяе возера кальцом, адлюстроўваецца ў шкляной паверхні вады не адразу каля берага — спачатку ідуць вузейшыя ды шырэйшыя палосы цёмнага i святлейшага серабра, а тады ўжо, амаль на самай сярэдзіне, значна вузейшым кругам адбіваюцца сосны, яліны, бярозы.
Зноў пра музыку. Пеўняў на дзвюх леснічоўках хочуць перамагчы дзелавітым брэхам сабакі, таксама суседзі.
Спыніўся i пішу на ўзлеску пушчанскае глухамані, дзе, як сведчанне нейкай абжытасці, стаяць ужо абгладжаныя ліпеньскімі дажджамі стагі.
Сонца ўбілася ў павалоку, што зацягнула неба. Можна толькі сказаць, што яно там — ёсць, жыве само.
На роснай траве, побач з маёй непратаптанай сцежкай, ляжыць вялікае пяро. Арлінае. Стракатае той шэрай стракатасцю, што дзіўна, радасна хвалюе мяне змалку — з жыцця i з кніг пра хараство прыроды.
Буйная, росная, злосная крапіва ахоўвае маліны, як свякроў салодзенькіх нявестак. З малінніку, пачуўшы мяне, залапатаў-узляцеў цецярук. Падумалася, як тут ласуецца мядзведзь — як ён пысу не апячэ?..
Гэта не возера такое малое, гэта вечар быў учора такі ціхі, калі я з лодкі чуў, як на тым беразе стукала жаўна.
Усё навокал i цяпер маўчыць — бярозы, елачкі, алешнік. Таму што маўчыць гаспадар — магутны, стройны дуб, асілак у самым росквіце.