А на дварэ пахне толькі што скошанай канюшынай, пыляць на загуменні грузавікі з торфам, раскашуецца ў спёцы маладое жыта...
Ліпень шэсцьдзесят другога.
...З сынам i жонкай сядзім на зялёнай, духмянай абочыне палявой дарогі, паміж пшаніцай i жытам.
Шчаслівае шчабятанне жаўранкаў, першае для мяне ў гэтым годзе "піць-палоць!", ідылічнае рыканне каровы, людскія галасы з недалёкага лугу i неахвочы брэх сабакі з вёскі...
Зноў думаю, аберагаючы гэтыя думкі, не дзелячыся імі ні з кім, пра Міколу, які памёр тут, пакуль я ездзіў па Далёкім Усходзе, пра тое, як мне напісаць яму дастойны рэквіем.
1960-1962
НАВІНА
Пішу раненька, у буйным, росным садзе, на лаўцы каля пагрэбніка.
Адгэтуль, са старога саду з пакрыўленымі яблынямі i магутнымі грушамі, відаць спрадвечнае — спелае жыта на неабсяжнай слуцкай раўніне i новае — капры калійнага камбіната. Удзень адтуль сюды даходзіць гул матораў, ноччу — музыка. У сад прыйшоў i стаў высокі слуп з пявучымі дратамі — зноў новае ў старым. Шпак высвіствае сабе на гэтым слупе, "смажыць сала", як на шпакоўні ці проста на голлі.
Я ж не магу без хвалявання думаць пра тое, што i я быў нарэшце ў цудоўнай падземнай казцы беларускай рэчаіснасці — хадзіў па бясконцых i зіхатліва прыгожых тунелях, сам перад сабой, як блазен, фанабэрыўся курткай, каскай i ліхтаром шахцёра, неяк вельмі ж свабодна i молада, па-марскому, з соллю на вуснах, дыхаў паветрам Салігорска.
1963
ЭЦЮД
Ціхая рэчка ў спякотнай данской станіцы.
Садзіцца сонца — недзе за высачэзным трысцём.
Лазім з волакам па прахалоднай, мутнай вадзе, ранячы ногі на патайных "чарапашках" i старчаках.
Рыбацкія "прыстані", сцежкі-праёмы ў трысці, дзе на дасвецці, падаслаўшыся ахапкам сена або старою курткай, сядзяць над паплаўкамі мясцовыя аматары ціхага i цярплівага хвалявання. На дзень праёмы пазакладаны калючым цёрнавым голлем. Доступ у гароды закрыты; ryci i качкі гамоняць на вадзе, не вельмі баючыся нас.
Мы прыпыніліся каля трысця — перадыхнуць перад новым, можа, Бог дасць, шчадрэйшым заходам.
І вось на "прыстані", на супрацьлеглым, светлым беразе выйшла з вёдрамі маладая казачка.
Ёй гэта — проста работа: яна, высока падаткнуўшыся, палівае капусту.
А нам — як падарунак нейкі або цуд — засвяціла проці захаду раскошна сонечнымі, стройнымі нагамі.
1963
ЦВІЦЕ ЧАРЭШНЯ
Міхайлаўскае я наведаў пазалетась, у канцы жніўня мокрым i яшчэ бязлюдным раннем.
Лена перачырыкваліся вераб'і. Голле яблыняў, каб не безліч падпорак, так i палегла б на траву. Пах флоксаў, якіх на сядзібе, абапал дарожак, было ненатуральна шмат, упіраўся ў пахмурнае неба. Густы, прытарны, нават нейкі нахабны...
Гэты бязлітасна шчодры, не вельмі прадуманы флёксавы пах успомніўся мне ў Пяцігорску, сёлета вясной, каля дома, у якім прайшлі апошнія дні нашай другой любві, другога друга, мудрага i сардэчнага.
Чаму ж успомніўся?
Бо там, каля белага нізкага доміка, у сонцы поўдня цвіла чарэшня.
Сціпла i вельмі патрэбна.
Шчасліва, ненаіўна верыцца, што яна — тая самая, адна з тых самых, пра якія калісьці тут, у гэтым доміку, было напісана:
"Галіны кветнеючых чарэшань глядзяць мне ў вокны, i вецер засыпае часамі мой пісьмовы стол ix белымі пялёсткамі".