"Што ж гэта робіцца, што ж гэта робіцца?" — не мог прагнаць з галавы тую недарэчную думку, адказу на якую ў яго не было.
Няхутка, аднак, прыйшла маці, прынесла пяток пазычаных у суседзяў яек, засмажыла на прыпечку яешню. Ягор дастаў з партфеля свой абкрышаны кавалак хлеба, адкроіў тры лусты. Маці ашчадна ўзяла сваю, з прагнасцю зжавала бяззубым ротам. Таварыш пракурор тым часам даследаваў траўнік: разламаў на дзве часткі, паднёс бліжэй да акна. "Скажыце, мамаша, тут якія інгрыдзіенты? Мука, так?" — "Ай, сынок, каб жа мука, а то вотруб'е, ну, ды трава, бульбін некалькі... Бульбачка каб жа была, а то ўжо скончылася. У калгас жа два бурты забралі, на пасяўную..." — "Так, панятна. А трава якая для таго ўжываецца?" — не мог задаволіць цікаўнасці пракурор. "Дык то ж крапіўка. Якая ж яшчэ трава па вясне — крапіўка", — сціпла казала маці. "Да, але ж... крапіва жгучая! Як жа яе ў пішчу?" — "Дык жгучая, гэта калі на абмежку. А ў траўніку нічога... Калі б не калючая, а то... У рот няможна ўзяць: колецца. Калі зубы ў каго маладыя, дык гожа..."
Яны ледзьве даседзеліся да вечара, калі быў прызначаны сход. Маці ўсё скардзілася на жыццё і хваробу, і нейкая безнадзейнасць была ў яе голасе, у поўных жальбы словах. Ягору было дужа пакутна ад усведамлення тупіку, у якое павярнула вясковае жыццё, трохі няёмка перад чужым тут чалавекам — пракурорам. I ён усё думаў, як жа пройдзе падпіска? Ці падпішуцца хоць?.. З такой думкай-клопатам яны выправіліся на агульны сход.
У Суботкаў, на тым самым падворку, з якога ён тры гады таму з'ехаў з вёскі ў людзі, ужо сабраліся вяскоўцы, чакалі. Мужчыны абселі ганак, сядзелі і стаялі ля плота, курылі і неяк дужа ціхмана, амаль паныла глядзелі на іх двух, як яны падыходзілі сюды з вуліцы. Азевіч павітаўся, яму адказалі некалькі стрыманых галасоў, і ўсе змоўклі. Ён з цікаўнаю насцярогай азіраў іх знаёмыя, да часу састарэлыя, нейкія спакутаваныя твары. I ні на адным не ўбачыў ні ўсмешкі, ні шчырае добразычлівасці — хутчэй чаканне чагось боязнага і нядобрага. "Ну, як жысць?" — запытаўся Ягор, ні да каго не звяртаючыся, і яму не адразу адказалі: "Ды якая жысць? Жытуха!" — "Памерці дзешавей было б, чым такая жысць". — "Чакай, памрэм. Тады ўзрадуюцца..." — "Не засееш — канешне, памрэш. Што ж есці будзеш?" I зноў усе змоўклі. Некаторыя з-пад ілба падазрона пазіралі на яго і асабліва на незнаёмага ім Гарадзілава. I Ягор думаў усё, як жа яны падпішуцца, ці паслухаюцца яго? "Не, лепш не расчынаць гаворкі, — падумаў Ягор. — Не кранаць болек". I ён загаварыў толькі, калі сеў на сваё звыклае месца ў прэзідыуме.
Якраз з падпіскай вялікай праблемы не было. Старшыня калгаса задаў тон — трыста рублёў і мужыкі не спрачаліся. Праўда, наступны падпісаўся на 250 рублёў, а іншыя з безнадзейнай пакорай толькі пацвярджалі: "Калі ўсе, дык... пішыце. Усё адно..." Азевіч трохі здзівіўся: нібыта не разлічвалі выплочваць, такая была абыякавасць. Адна толькі кабеціна, мнагадзетная ўдава Лушка, заўпарцілася: " А не буду, і ўсё. Што хочаце робце, а не падпішуся". Яе і ўгаворвалі, і застрашвалі — не, і ўсё. "А што! — пасадзіце ў турму? Дык садзіце, і дзяцей садзіце таксама, там хоць з голаду не памруць, можа". Азевіч і выступаў, і ўгаворваў, і патрабаваў актыўнасці ад актыву і камсамольцаў, а сам ніяк не мог выгнаць з галавы неадчэпнае пытанне: "Што ж гэта робіцца?.. Ужо перасталі і баяцца..."
У тую пару Азевіч быў дужа незадаволены сабой, асабліва як стаў партыйцам, бо не выпрацаваў ён у характары бальшавіцкай цвёрдасці, патрэбнай бязлітаснасці да тых, хто замінаў, не хацеў рабіць, як загадвалі. Часам шкадаваў якую-небудзь цётку, што не магла сплаціць даведзеныя ёй нарыхтоўкі ці падатак, — клялася, што нічога не мае, што дзеці галодныя. I ён тады разгублена замаўкаў дзе на сходзе — не ведаў, што сказаць. Не тое што Дашэўскі, ці Маладцоў, ці які ўпаўнаважаны з акругі, якіх ніякія прычыны невыканання не зводзілі ў зман, не бянтэжылі. Здаць, і ўсё, хоць памры. Можаш і памерці, казаў Дашэўскі, калі супраць Савецкай улады, але памятай, што Савецкая ўлада і мёртваму не зважыць. Не ўмееш — навучым, не хочаш — прымусім, такі быў галоўны прынцып Савецкай улады ў адносінах да ўсіх — партыйцаў, непартыйцаў, служачых і сялян. Але Азевіч яшчэ так не ўмеў, мабыць, не навучыўся. А можа, і не дазваляў характар. Але ён спадзяваўся адолець тую загану, перамагчы сябе. Інакш які ж ён бальшавік?
...Адным часам ён выразна адчуў, што спіць. Хоць нічога яму не снілася і наваколле да яго амаль не даходзіла, ён быў у глыбокай санлявай немачы, і тая немач, можа, упершыню здалася яму пакутнай. Нават спрыяла ягонаму стану, якому ў сваю чаргу спрыяў спакой. Яму стала лепш, ён гэта адчуў яшчэ да таго, як прачнуўся. Яшчэ не расплюшчыўшы вочы, адзначыў, што хвароба нібыта трохі адступілася, здаецца, ён упершыню ўгрэўся пад кажухом і нават спатнеў. Трохі адхінуў ад твару касматы каўнер — у пуні было неяк дужа відна, рэзка свіціліся шчыліны ў сценах, у падстрэшшы, поўнячы цесную пуньку нейкім белым, надта чыстым святлом. Уверсе на саломе ціўкалі, пырхалі вераб'і, але на гэтую палавіну не заляталі, можа, баяліся яго. А можа, не звярталі ўвагі на нямоглага чалавека. Азевіч паспрабаваў павярнуцца на другі бок, да сцяны, ды гэта аказалася так трудна, што за адзін раз ён таго не здолеў. Ён добра ўлежаў сваё лаўжо, якое правалілася ў гарохавінні ледзь не да самай зямлі. Знясілена патузаўшыся пад кажухом, трохі ўладкаваўся зручней і тады адчуў, што хочацца есці. Здалося, знясілеў менавіта з голаду, хоць цела яшчэ поўнілася разлітай ва ўсіх частках немаччу. Але тое была ўжо не дужа страшная немач. Ён думаў, што, можа, яшчэ неяк абыдзецца, і ў гэты раз ён выкараскаецца. Можа, ён яшчэ не памрэ.
Горш было тое, што ён страціў усякае адчуванне часу — не ведаў, колькі праляжаў тут — суткі ці двое, і якая цяпер пара на дварэ — ранак ці вечар. Што не ноч, тое было пэўна. I ён пачаў чакаць цётку. Павінна ж яна прыйсці. Ён не ведаў дагэтуль, хто яна, яго ратавалка, хто там яшчэ ў яе доме. Але ён прагна чакаў яе — ведаў, яна прыйдзе не з пустымі рукамі, яна прынясе нешта, каб яго пакарміць. Як тады прыходзіла ўвечары, ён адмовіўся есці, толькі піў з белай вялікай кварты. Ён паглядзеў каля сябе і ўбачыў пад крывым бервяном ля сцяны тую кварту і ў ёй з палавінку малака. Неяк дацягнуўшыся рукой, ашчадна паднёс кварту да рота. Сцюдзёнае малако здалося смачнейшым, чым у той раз, і ён усё яго выпіў. Пасля знясілена аблёгся ў лаўжо, улез пад кажух і пачаў пазіраць на ластаўчыны гнёзды ў падстрэшшы. Адно з трох гнёздаў было, мабыць, старэйшае за астатнія, большае памерам і абкрышанае з аднаго краю. Можа, яго ўлетку бурылі хлапчукі? Але было яно тут прыладжана лепей за іншых — у самым кутку пад кроквай і трымалася. Прыйдзе вясна, прылятуць ластаўкі, наносяць у дзюбках свежай гразі з лужын і падновяць сваё гняздзечка. А пасля там паявяцца тры-чатыры маленькія ў крапінку яечкі, якіх ні ў якім выпадку нельга чапаць, бо самога па твары абсыпле рабацінне. Як нельга і бурыць — пароць палкай тое гняздо. Птушыныя гнёзды бурыць нельга, вялікі то грэх. А вось чалавечыя... Жыццё толькі тое і робіць, што бурыць, не баючыся граху, спрадвечныя людскія гнёзды, разам з іхнім набыткам і лёсам. А што цяпер ужо, у вайну, дык і думаць не хочацца. Але без гнязда не пражыве не толькі птушка, а і чалавек. Ён дык во ведае...
Дзіўна, але вераб'і не заляталі ў ластаўчыныя гнёзды і быццам нават не цікавіліся імі. Яны жвава ціўкалі на тым канцы пуні, часам пырхалі па бэльках і ў гэтым канцы, але без увагі да гнёздаў. Мабыць, у іх былі свае, і яны пільнаваліся сваіх. Во каб так людзі.
Людзі! Што з імі рабілі і яшчэ ад іх чагосьці чакалі. Усе гады рознага будаўніцтва яны, аднак, не былі мэтай, а толькі сродкам для ажыццяўлення тых вялікіх і не надта разумных, часам надуманых, а то і бязглуздых планаў. Хутчэй матэрыялам, з якога ляпілі розныя прыдуманыя кімсьці фігуры, не дбаючы, а ці трэба людзям тая лепка і тыя фігуры. Азевіч, сцяўшы сэрца, тады намагаўся думаць: тое патрэбна дзеля вышэйшай мэты. Хоць бы дзеля краіны, сацыялізму, дзеля будучыні. Мабыць, так думалі-лічылі многія, калі не ўсе, хоць бы і з іх, раённага кіраўніцтва. Ды ішлі гады, і ўсё выразней рабілася разуменне: калі тое на шкоду тым, хто тое рабіў, дык, мусіць, і не на карысць будучым пакаленням. На згубу ўсім.
Дужа апрыклым было яму тое перабіранне жыцця, ягоныя пра жыццё думкі, радасці з якіх было так мала. Адны расчараванні і боль. А цяпер дык яшчэ і новы вялікі боль — вайна. Тут ужо вялікая пагуба для ўсяго і ўсіх. Але тут хоць усё выразна, бы ў сонечны дзень, тут няма месца сумненням — трэба змагацца. З усяе сілы, на ўсіх франтах. Трэба неяк натужыцца і не даць перамагчы сябе. Інакш не будзе нічога — ні жыцця, ні надзеі. Але ўся бяда ў тым, ці не вернецца тое нядаўняе пасля вайны? Усё ж кожнае змаганне мае ў сабе сэнс не толькі супроцъ, але і за. За што ён будзе змагацца? За тое, што перажыў ён, яго бацькі, сястрыца Ніна, Анэля і яе бацька, ён не хацеў бы. Тады за што ж?
На тое ён не знаходзіў адказу.
У пуні ўсё святлела, блішчэла ад снегу, што свежа лёг знадворку, усе шматлікія шчыліны між бярвення, праз якія напірыста дзьмулі струмені ветру. Азевіч ужо не заплюшчваў вачэй, у галаве трохі павальнела, і ўвесь ён аддаўся слыху. Дзіўна, але за ўвесь час ён не пачуў нідзе ніводнага чалавечага гуку, ні голасу, ні скрыпу, ні стуку. Нібы на хутары. Але ж тое не хутар, то вёска, невялікая, праўда, вёска, здаецца, пры лесе. Цяпер, калі ад яго трохі адступіла хвароба, ён пачаў думаць-баяцца, каб яго тут не накрылі паліцаі. Ці хоць бы вясковыя здраднікі. Усё ж, мабыць, не ўсе тут такія, як ягоная цётка, ёсць жа і пакрыўджаныя Савецкай уладай. Хіба мала крыўдзілі. Можа, толькі адны па вайне забыліся на нядаўнія крыўды, а іншыя якраз цяпер іх прыпомнілі. Для гэтых, апошніх, былы райкомавец Азевіч якраз самая прынадная знаходка. Яшчэ можна і нешта зарабіць на ягонай галаве. Не, яму тут залежвацца нельга. Трэба некуды дыбаць. Вось куды толькі?
Ён трохі павярнуўся ў сваім лаўжы, прыхінуўся лбом да сцюдзёнага бервяна. Праз вузкую шчыліну відаць стаў невялікі заснежаны абсяг з плотам і далей нейкае драбналессе — ці не тое, з якога ён выйшаў ад рова. Вёскі ж адсюль не было відаць — здаецца, гэтая цётчына хата была тут самая крайняя. А самым крайнім на сядзібе аказалася гэта гумно, пуня з саломай і гарохавіннем. Можа, то і добра на выпадак чаго. Толькі на які выпадак? Каб уцякаць, трэба мець куды болей сілы, чым яе было.
Можа, ён зноў трохі задрамаў-сцішыўся, бо не заўважыў, як у пуні паявілася ягоная цётка. Ціхенька загаманіўшы, яна паставіла на гарохавінне побач невялікі вандзэлачак, пачала развязваць яго.
— Ну як жа вы тут? Трохі быццам павесялелі з выгляду. Гарачка адступілася, ага?
— Трохі адступілася, — знямогла прамовіў ён.
— Ну і добра. Ну і нічога. Дасць Бог, і паправіцеся.Ведама ж, прастуда, яна на кожнага можа. Ці які грып...Вунь у тую зіму ў нас усю вёску грып выкаціў... Тут во прынесла вам гарачага малачка і гэта... з мёдам. Мёд, ён дужа пальзіцельны. Да свацці бегала...
— Ты ж не сказала там... пра мяне?
— Ну як жа я скажу? Ці можна па цяперашнім часе...Гэта ж калі дазнаюцца, не дай Бог! I вам, і нам тожа...
— А ў вас хто яшчэ... дома?
— А бабка, маці мая. Ну і дзеткі, дзве дзяўчынкі. Сын Віця невядома дзе. У Расеі быў на вучобе, у ФЗО гэтым, а цяпер хто ведае. Можа, і жывога няма, — забедавала цётка, адразу спахмурнеўшы.
— А ў вас гэтыя, паліцаі, ці ёсць? — запытаўся Азевіч.
— У нас няма, каму тут у паліцаі ісці? Адны старыя ды бабы. А вунь з Сакоўшчыны наведваецца Петручонак-малодшы. Начапіў белы шкумат на рукаў, далі вінтоўку, дык ходзіць. Тры дні таму прыходзіў. Дужа баялася, думала, можа, дазналіся што... Пра вас.
— Тры дні? — здзівіўся ён. — А хіба я тут тры дні ўжо?
— Вы ж тут ад серады, калі памятаеце. Якраз у сераду я прыйшла за саломай, парсючку падаслаць. Аж вы стогнеце. Спужалася...
— Пастой... Ад серады, дык колькі ж я праляжаў?
— А восьмы дзень сёння.
Гэта яго здзівіла. Восьмы дзень, а ён думаў, дні два ці тры. Значыць, добра яго ўклала хвароба. Значыць, не прастуда тое. Як бы не тыф... Але яму цяпер усё ж куды лепш, жар быццам мінуў, была толькі вялікая слабасць, знямога ў спакутаваным целе.
У той час дзесь за дзвярыма басавіта гаўкнуў сабака. Азевіч аж спахапіўся ад неспадзёўкі. Цётка, заўважыўшы тое, вытлумачыла: