Пустая бакоўка ў дальнім кутку Смольнага. Уваходзяць Ленін і Троцкі. Троцкі нясе салдацкі шынель і невялікую падушку.
Ленін (з вясёлай іроніяй). Дзе гэта, Леў Давыдавіч, вам удалося дастаць падушку?
Троцкі (гэтак жа весела). Вы забыліся, што мы — у інстытуце «благародных дзявіц».
Ленін. Практычны вы чалавек.
Троцкі. Падушка для вас, Уладзімір Ільіч.
Ленін (збянтэжана). Што вы! Ні ў якім разе. Дзякую, што знайшлі гэты пусты пакой.
Троцкі. Падушку раздабыў не я. Стасава. У каменданта Смольнага. Так і сказала: для Ільіча. Нам такі трэба адпачыць хоць гадзіну. Наперадзе — цяжкі дзень.
Рассцілае шынель на падлозе, кладзе на яго падушку.
Ленін (ходзіць па пакоі). Наперадзе — шчаслівы дзень. Дзень перамогі рэвалюцыі.
Троцкі. Так. Безумоўна. Мяне захапляе ваша ўпэўненасць.
Ленін. А я ўсё ж асуджаю вашу пазіцыю. З выступленняў таварышаў у ЦК я зразумеў, чым былі збіты з панталыку... чаму праяўлялі нерашучасць члены ВРК. Вашым і Каменевым выступленнем у Петраградскім Савеце і ў фракцыі бальшавікоў, што ніякага паўстання няма і што да пачатку з'езда ніякага выступлення не будзе. Калі вы ўводзілі ў зман праціўніка пасля таго, як Каменеў і Зіноўеў выдалі план паўстання,— гэта было апраўдана. А цяпер, калі паўстанне пачалося, нарастае... выступаць так перад Саветам, у якім большасць бальшавікоў,— значыцца дэзарганізоўваць людзей, дэмабілізоўваць іх.
Троцкі. Уладзімір Ільіч! Гэта доўгая дыскусія, а нам трэба спаць. Я не лічу сваё выступленне памылковым. Але цяпер я згодзен з вамі, што ўрад трэба арыштаваць да адкрыцця з'езда, каб не даць Керанскаму сабраць сілы.
Ленін. Мне здаецца. Каменеў гэтага так і не зразумеў.
Троцкі (лажыцца на краі шыняля, накрываецца палітом). Кладзіцеся, Уладзімір Ільіч. Калі заведзены, як механізм, не адчуваеш... А лёг — і пачуў смяртэльную стомленасць.
Ленін (спыняецца над ім). Леў Давыдавіч! Вы добры дыпламат...
Троцкі. Гэта камплімент ці папрок?
Ленін. Лічыце кампліментам. Падключыцеся да перагавораў з левымі эсэрамі. Пераканайце іх — вы гэта ўмееце — каб на з'ездзе яны ўступілі ў кааліцыю з бальшавікамі.
Троцкі. Я гаварыў з Камковым. Залішне дыпламатнічае. Перагавару са Спірыдонавай... Але будзе дзень — будуць справы. Кладзіцеся.
Ленін скідае з плеч паліто, сядае на шынель.
Ленін. Так, паспаць трэба. Але гадзінку — не больш.
Троцкі. Рэвалюцыі не праспім.
Ленін. А, ведаеце, маглі праспаць.
Троцкі (смяецца). Пазнаю ваш гумар, знаёмы з Парыжа.
Паўза. Троцкі паварочваецца тварам да Леніна.
Ленін не лажыцца — сядзіць.
Уладзімір Ільіч! У другой палавіне пасяджэння ЦК мы абмяркуем склад урада. Так?
Ленін. Так. Урада і ЦВК. Архіцяжкае пытанне. Урад мы прапануем бальшавіцкі. А Выканаўчы камітэт... Перад выбарамі ва Устаноўчы сход мы не можам не лічыцца з іншымі партыямі...
Троцкі. Я прапаную на пасаду старшыні ЦВК Каменева.
Ленін (перасмыкаецца). Штрэйкбрэхера?
Троцкі. Хто з нас не памыляўся!