Вікенцій Паўлавіч узлаваўся, вылаяўся.
— Ды ну вас з Іванам! Абрыдлі вы мне, як горкая рэдзька...
Прыехалі ў прыцемку. Размясціліся ў гасцініцы. Пайшлі з Міхалам вячэраць. Ведаў, што ахоўнік любіць выпіць, але тут адмовіўся — служба. «Як жа яго ўсыпіць?» — думаў губернатар, праўда, ужо без злосці, весела. Успомніў пра снатворныя таблеткі, што зрэдку выкарыстоўваў.
I калі Палавінка адлучыўся пазваніць, губернатар пайшоў на «злачынства»: укінуў у «пепсі-колу», якую ахоўнік любіў, ажно дзве таблеткі.
Хутка ён быў у гасцініцы. Ціха пастукаў у дзверы нумара.
Ганна адчыніла адразу. I як толькі ён пераступіў парог, абняла яго, халоднага з марозу, гарачымі рукаMi. Ад яе патыхала тымі ж духамі. Але не духі ён пачуў, a непаўторны водар яе жадання.
Якую мядовую ноч яны правялі!.. Паспалі ці гадзіну. Ён прачнуўся гадзін у пяць. Ганна спала, абняўшы яго, i ён не мог вызваліцца ад яе рукі, каб не разбудзіць.
— Я пайду, радасць мая.
— Паляжы яшчэ хвіліначку.
— У нас чатыры ночы. А цяпер трэба ісці. Палавінка расхвалюецца, што няма мяне, уздыме шум.
Аднак не змог адарвацца, калі знайшоў яе гарачыя вусны...
Таксі не ўзяў. Пайшоў пехатой. Не ішоў — ляцеў. I смяяўся з Палавінкі i Івана.
Радаваўся яшчэ i таму, што ніякага падзення, ніякіх згрызот сумнення не адчуваў. Ішоў героем пасля перамогі.
Вярнуўшыся ў прэзідэнцкую гасцініцу, разбудзіў у нумары Міхаіла. Той адчуў сябе ніякавата: шэф будзіць.
Вікенцій Паўлавіч крыху пакпіў з ахоўніка i адправіўся на паседжанне.
Там пакутаваў: нястрымна цягнула на сон, вейкі зліпаліся. У вялікай зале можна было б i пакемарыць, а тут, дзе няма i сотні пасяджэнцаў, — паспрабуй заснуць... анекдоты будуць расказваць.
I зноў з сынам канфлікт.
Анатолю хацелася шыкнуць па-губернатарску, зрабіць вяселле ў лепшым рэстаране. Можа, не столькі ён хацеў, колькі нявеста вымагала: паводзіла сябе, як шляхцянка, хвалілася, што бацькі прадалі бычка, каб набыць ёй вянчальны ўбор. Ліка як бы дакарала: мае, маўляў, не губернатары — звычайныя сяляне, a нічога не шкадуюць. На баку брата i яго нявесты была Таня. Хітруган Толя, не маючы такой настырнасці, нацкоўваў на бацьку сястру.
А з Таняй гаварыць было цяжка, бацька не мог злаваць на яе ўсур'ёз.
— Ты, тата, Габсек, Плюшкін!.. Хто там яшчэ быў скупы? А яшчэ губернатар! Сорам. Простыя людзі робяць вясёллі ў рэстаранах. А ён заганяе нас у свінушнік — рабочую сталоўку на акраіне горада!
З Толікам з-за такіх слоў ужо пасварыліся б, a Тані i гэта даравалася.
Толя паказаў спіс гасцей з нявесцінага боку... Вікенцію Паўлавічу ажно ў галаву ўдарыла. Ён так стараўся зрабіць вяселле бясшумным, сціплым. Ca свайго боку меўся запрасіць чалавек дваццаць, не больш; гэта разам з Машынымі калегамі-ўрачамі. Толя, убачыўшы гэты кароткі спіс, пазмрачнеў i спытаў:
— А мне колькі запрасіць сваіх студэнтаў?
— Ты запрашай колькі хочаш, вяселле тваё.
Дні праз два Толя ў прысутнасці Лікі, падсунуў бацьку спіс — ад жаніха i нявесты. У бацькі заняло дух! Што ён, дарагі сынок, здзекуецца? 130 чалавек!
— А нямнога, сыне?
— А чаго ты баішся? У другіх больш бывае.
— Дурная завядзёнка.
— Не нам яе адмяняць. A калі ты зноў пра грошы, то не палохайся. Лікіна маці сказала: за сваіх яны заплацяць. Яны ж багатыя — сельгасрабочыя! Не губернатары.
Бянтэжылі не расходы. Бянтэжыў збор такой колькасці людзей. Ведаў з вопыта: акрамя тлума i шума, Hiякай радасці такое мнагалюднае вяселле не прыносіць. Сказаў пра гэта разважліва, спакойна.