Вікенцій Паўлавіч не толькі падказаў словы, якія яна «не разабрала», але чытаў уласны тэкст далей, правіў.
Ганна не разгіналася i ўсё мацней прыціскалася грудзьмі да яго пляча, робячы выгляд, што хоча тут жа, па ходдзе, прачытаць яго папраўкі.
A ў аўтара кружылася галава ад яе, i ён без патрэбы правіў свой рукапіс, зусім не ўдасканальваючы яго, наадварот, робячы горш, затуманьваючы думкі.
Ганна бачыла гэта, але маўчала, добра разумеючы, чаму ён зацягвае прагляд пісьма i чаму правіць неўпапад. Але ўрэшце не вытрымала; палажыла мяккую гарачую далонь на яго галаву, лёгенька пагладзіла, а потым сама прагна ўпілася ў яго вусны. Ён задыхнуўся ад асалоды. Але тут жа падхапіўся, абняў яе за талію i павёў да дзвярэй. Яна спалохалася, што ён выпіхне яе ў прыёмную. Не. Ён ціхенька павярнуў ключ i тады абняў моцна за плечы i цалаваў прагна, салодка. Цяпер ужо ў яе закружылася галава. А для яго ўсё адбывалася па тым сцэнарыі, калі ён тыдзень назад настройваў сябе на блізкасць з жонкай.
Не выпускаючы жанчыну з абдымкаў, ён, ціха ступаючы па дыване, крочыў спіной уперад, усё яшчэ цалуючы яе. I так давёў да дзвярэй пакоя для адпачынку. Ганна паслухмяна ўвайшла туды. Але калі ён падвёў яе да вузкай канапы, пасадзіў i пачаў расшпільваць кофтачку, прагна цалуючы, Ганна рэзка паднялася.
— О, не! Толькі не тут! Зойдуць у прыёмную...
— А дзе?
Яна ціха i бадай радасна засмяялася.
— А гэта ўжо твая праблема.
I вінавата ўсміхалася — як прасіла прабачэння.
Дзверы не скрыпнулі. У прыёмнай званіў тэлефон. Змоўк. Узяла трубку? Але голаса яе за двайнымі дзвярамі не было чуваць — як заўсёды.
Вікенцій Паўлавіч хвіліну стаяў ашаломлены. Ударыла хваля прыкрасці, расчаравання — як падманулі яго. Але праз нейкі момант прыйшло пачуццё ўдзячнасці да Ганны: разумніца! Яшчэ гэтага падзення яму не хапала — у кабінеце з сакратаркай! Але чым больш ён думаў пра тое, што адбылося, тым мацней адчуваў на вуснах слодыч яе пацалункаў. I — што самае дзіўнае — блізкасць з ёй зусім не здавалася яшчэ адным падзеннем.
Вельмі цешыла, што яна сказала яму «ты», гэта зблізіла ix. I ён не можа не споўніць яе спадзяванне. Але сапраўды праблема — дзе? Яго праблема. Упершыню вылаяў сваю пасаду: «Чорт бы яе ўзяў! Без аховы кроку не ступіш. Доўга яшчэ ламаў галаву. I нікога ж не папросіш дапамагчы ў гэтым. Нават машыны сваёй няма. I ключы ад старой кватэры ўжо аддаў».
Аднак што можна прыдумаць?
Здзекліва падумаў пра сябе: «Які ж ты губернатар? Такой дробнай праблемы не можаш рашыць. Смешна. Расчаруецца жанчына ў цябе».
Займаўся справамі, прымаў людзей, а праблема вісела прывабнай прыманкай. Толькі дома перад Машай стала сорамна, i ён крыху астыў, але ўначы перабраўся' на жончын ложак. I зноў адчуў Машыну ўдзячнасць. А самому было сорамна: ён быў не з жонкай. А гэта ўжо можна назваць падзеннем. Але такое падзенне глыбока не кранала.
Адным вынікам сваёй працы быў задаволены: вялікім напружаннем удалося ліквідаваць неплацяжы, людзі атрымлівалі зарплату. Але патрэба ў сродках не змяншалася.
Сядзеў за сталом, чыркаў паперу, думаў. Але думкі пра службовае, грамадскае перапыняліся асабістым: як вырашыць сваю праблему —: тую, пра якую нікому нельга сказаць, але якая ўсё больш хвалявала i ўдзень, i ўначы.
Ганна нічога не казала i нават не станавілася побач, падавала паперы праз стол. Але ён бачыў: глядзіць на яго скептычна, насмешліва, з дакорам: «Не можаш рашыць такой праблемы? Эх ты! Губернатар!»
Урэшце прыдумаў. Яго выклікалі на пасяджэнне Савета Рэспублікі. А гэта, прыблізна, на тыдзень. Спытаў у Ганны:
— У цябе ёсць хто ў Мінску?
— Сястра.
— Напішы заяву, папрасі на колькі дзён адпачынак. Паязджай заўтра. Здымі ў гасцініцы «Беларусь» прыстойны нумар. Я прыеду паслязаўтра. Во грошы.
Ганна пачырванела i схавала рукі пад стол. Ён зразумеў: яе спалохалі грошы; атрымаецца, што ён заплаціў ёй. Авансам. Ён таксама пачырванеў, адчуваючы няёмкасць. Але сказаў ласкава:
— Аня, мы ж свае...
Цяжка ўздыхнула. Не адразу ўзяла грошы. Баялася, што грошы апаганяць пачуцці. А ёй хацелася чыстага кахання, мужчына гэты падабаўся ёй больш, чым муж, чым папярэднія любоўнікі. Аднаго з ix, якога бачыла штодня — Залозу, — проста ўзненавідзела за яго нахабства, за брудныя жартачкі i намёкі.
Спрабаваў вырашыць яшчэ адну праблему: вызваліцца ад Палавінкі. Не выйшла: Залоза, даведаўшыся, што Ганна на дзень раней едзе ў сталіцу, адразу сцяміў што да чаго, i адпусціць губернатара без «свайго вока» ніяк не мог:
— Я адказваю за цябе.
Вікенцій ехаў з радасным хваляваннем — як на першае спатканне, з незвычайнымі ўяўленнямі вопытнага мужчыны: юнак такога не сасніў бы. Паспрабаваў дамовіцца ў машыне, што яму трэба наведаць старога сябра, хворага, не ісці ж удваіх.
— Я падзяжуру ў пад'ездзе.