Па лясной сцежцы, звілістай i вузкай, засланай залатым дываном бярозавага лісця, ішлі тры чалавекі ў форменных шапках лясной варты. Відаць, як у большасці людзей ix прафесіі, яны не вызначаліся залішняй гаварлівасцю.
Каля лесасекі самы старэйшы з ix, ссутулены, з худым маршчыністым тварам i сівымі вусамі, гэтак жа моўчкі звярнуў са сцежкі i закрочыў паміж кустамі арэшніку.
Самы малады ляснік здзіўлена паклікаў яго:
— Ігнат Макаравіч! Куды вы?
Стары, не азірнуўшыся, махнуў рукой, як бы даўшы знак: ідзіце сваёй дарогай, не звяртайце на мяне ўвагі.
— Макаравіч! Мы ж дамаўляліся пабываць на пасёлку...
— Не чапай,— сказаў трэці,— Пайшоў да дубоў. Параіцца...
— З дубамі?
— Ён, брат, з дрэвамі, што з дзецьмі, размаўляе. А дубы гэтыя вельмі дарагія яму. Хіба я не расказваў табе?
Між тым стары ляснік, мінуўшы лесасеку, прайшоў малады асіннік, потым па жардзінах, нябачных у траве, перабраўся цераз пойму невялікай рачулкі. Тут, у пойме, раслі вольхі, гонкія, але амаль кожная ca скрыўленым крыху камлём, бо раслі яны кустамі ка высокіх купінах. Вясновая вада вымывала ў купінах норы, агаляліся чырвоныя карэнні, але вольхі, сплёўшыся карэннямі, трымалі адна адну, i рэдка якая падала пад націскам ветру. Ігнат Макаравіч, які ведаў i шанаваў кожнае дрэва ў абходзе, не надта любіў гэтыя балотныя вольхі. Вось i зараз, калі ўвесь лес гарыць золатам, у якое яго ўбрала восень, алешнік гэты як бы не прызнае яе законаў i паводзіць сябе дзіўна: угары ўвесь яшчэ зялёны, а трава ўнізе засыпана лісцем, пачарнелым, скручаным, як гарэлая бляха. Непрыкметна i непрыгожа скідае сваё летняе ўбранне!
Стары перайшоў па кладцы, зробленай яго рукамі, рачулку, выбраўся на сухі высокі бераг. Адгэтуль пачынаецца дубовы гай. Векавыя дубы стаяць паважныя, спакойныя ў сваёй велічы. Яны не то што не падпарадкоўваюцца агульным законам восені, яны проста, адчуваючы сваю сілу i моц, скараюцца ёй у апошнюю чаргу. Подых восені мала яшчэ крануў ix. Рэдкія лісці зрываліся з галін асілкаў i ляцелі ўніз павольна, асцярожна, як разведчыкі, лажыліся на зямлю роўна i прыгожа, накрываючы жоўта-зялёныя жалуды, якія, наадварот, падалі з вышыні імкліва, як кулі, i гучна чмякаліся аб мяккую зямлю.
Ігнат Макаравіч запаволіў хаду, нахіліўшыся, падняў колькі жалудоў, паклаў у кішэнь. Глянуў угару. Ён любаваўся дубамі. Але гэта былі яшчэ не тыя дубы, да якіх ён ішоў, каля якіх яму захацелася пасядзець. Тыя крыху далей. 1м не па дзвесце i не па сто, a ўсяго па сорак год. Вось яна: нешырокая, але доўгая дзялянка, паўз квартальную прасеку, у абкружэнні больш сталага лесу з роўнымі радамі не надта высокіх, але дзябёлых, прыгожых, з белаватай карой, з густымі шапкамі галля маладых дубоў. З першага ж позірку відаць, што дубы гэтыя пасаджаны чалавекам i што клапатлівыя ўмелыя рукі заўсёды прысутнічалі тут.
На краі дзялянкі, як быцька, як вартавы, узвышаецца стары волат-дуб, магчыма, самы стары ў гэтым гаі, з парадзелым голлем, з глыбокімі шрамамі ад удараў маланкі. Моладзь пачціва адступіла ад старога, i тут утварылася ўтульная палянка. На гэтай палянцы, за акуратнай агароджай з дашчэчак,— два магільыыя курганчыкі, два любоўна выструганыя з цэлых кавалкаў дубу абеліскі. На кожным простыя надпісы.
На адным:
КРЫЛОЎ
АРСЕНІЙ ВЕНІЯМІНАВІЧ
1894-1921
На другім:
ЦВІРКУН
КАНСТАНЦІН ІГНАТАВІЧ
1923-1943
Ігнат Макаравіч падышоў да магілак, зняў сваю форменную шапку, пастаяў хвіліну. Потым сеў на маленькую лавачку пад старым дубам. Аднекуль дыхнуў вецярок, i загаманілі маладыя дубы, як бы вітаючы свайго гаспадара. Стары ляснік ласкава паглядзеў на ix і, нахіліўшы сваю галаву, глыбока задумаўся. Амаль усё яго жыццё звязана з лесам, з гэтымі дубамі i гэтымі магіламі...
* * *
Даўным-даўно, яшчэ за некалькі год да першай сусветнай вайны, прыйшоў ён, малодшы сын малазямельных бацькоў, на заработкі ў лес, які належаў тады князю Паскевічу. Старанны, працавіты хлопец спадабаўся ляснічаму — пану Касоўскаму, i той «ашчаслівіў» яго — паставіў на абход пры сабе, пры канторы. Але «лягчэйшы абход» даўся Ігнату ў знакі, бо быў ён тут не тольKi лесніком, але адначасова кучарам, качагарам, лакеем i нават нянькай у пана ляснічага. Працаваў з цямна да цямна, не разгінаючы спіны. Ажно дзічаць пачаў у лесе, бо ніколі не меў часу збегаць у вёску, пагутарыць з людзьмі. Ды i недалюблівалі яго ў вёсцы — занадта ён выслужваўся перад панам. Ляснічы ўратаваў яго ад прызыву на вайну — трэба ж некаму сцерагчы княжацкі лес,— i Ігнат пачаў старацца яшчэ больш. Неівядома, каго зрабіў бы з яго пан Касоўскі, каб у шаснаццатым годзе не з'явіўся ў лясніцтва новы чалавек. Прыехаў на пасаду пісара звольнены з арміі па раненню, хворы на сухоты, прапаршчык, былы петраградскі студэнт, Арсеній Веніямінавіч Крылоў. Чалавек гэты з першых жа дзён здзівіў Ігната. З леснікамі i сялянамі ён вітаўся за руку i гутарыў не так, як афіцэр i пан, а як свой, як роўны з роўнымі. Ігнат спачатку нават баяўся яго i пазбягаў. Але веільмі ж ужо душэўны чалавек быў гэты пісар, i хутка яны пасябравалі. Ігнат упершыню пачуў з вуснаў адукаванага чалавека пра тое, пра што марылі бедныя аднавяскоўцы яго.
— Зямля павінна належаць тым, хто працуе на ёй. Усе багацці зямлі павінны належаць народу. Народ — гаспадар усяго, а не паны i князі.
Наконт зямлі — гэта Ігнату падабалася, бо i сам ён марыў набыць калі-небудзь з^ласны кавалак зямлі, не век жа яму леснікаваць. Усё іншае яму цяжка было зразумець адразу.
— А лес? — спытаў ён, калі Арсеній Веніямінавіч гаварыў нра «ўсе багацці зямлі».
— I лес, безумоўна, будзе належаць народу!
Ігнат ажно недаверліва засмяяўся тады (ён i цяпер добра памятае той смех).
— З зямлёй мужык справіцца. А вось лес... Высекуць без гаспадара... Загіне лес,— Ён палюбіў лес, i яму было цяжка думаць, што яго могуць знішчыць, калі не стане аднаго гаспадара.