Што рабіць? Што рабіць? Чый загад, чыю волю ён, камісар, бальшавік, павінен выконваць? Арэф'еў адчуваў, што цярпенне яго камандзіраў, байцоў накалілася да чырвані, i можа здарыцца, што нават гэтыя дысцыплінаваныя маскоўскія пралетарыі — не сялянская стыхія! — могуць не дачакацца загада. Вунь, камісар роты латыш Паульсон глядзіць на яго амаль з нянавісцю.
На мокрым кані прыляцеў сам Арол. Кіраўнік сялянскага паўстання ў шостым годзе, загартаваны, як i ён, Арэф'еў, катаргай. Разважлівы, здавалася, заўсёды спакойны, камандзір гамяльчан дыхаў гэтак жа цяжка, як яго загнаны конь, i гэткі ж мокры i заляпаны граззю быў, заікаўся, каўтаў словы, хоць стараўся гаварыць ветліва, без абурэння:
— Лагун яшчэ ўначы павёў атрад да Ларышчава. Спыніць яго было нельга пасля таго, што ўчынілі немцы. Грышалёў таксама павядзе сваіх. З двух бакоў атакуюць яны раз'езд. Калі наш браняпоезд яшчэ там, захопяць яго. Але ж дарогу ім перагарадзіў гэты пракляты нямецкі поезд. Не пагонім яго назад — атрады апынуцца ў мышалоўцы. Баявыя хлопцы! Касцяк! А-а, Ягоравіч? Не мы ж першыя пачалі...
Арэф'еў хвіліну стаяў, як акамянелы. Ён паспрабаваў уявіць, хоць рабіў гэта ўжо не аднойчы ўначы: як паступіў бы тут Ленін? I раптам хораша ўсміхнуўся Арлу. Павярнуўся да Міхайлава, які прыехаў з Закапыцця яшчэ на досвітку:
— Начштаба! Запішы загад... для гісторыі і... для трыбунала. У адказ на нямецкую правакацыю загадваем... Першае. Батарэі адкрыць агонь па браняпоезду праціўніка. Другое. Усім ротам перайсці ў наступленне на станцыю Добруш, заняць яе. Трэцяе. Заняць раз'езд Ларышчава. Адбіць браняпоезд... калі ён там. Гэта не запісвай. Подпісы: камісар, начштаба.
Узяў з рук у Міхайлава чыгуначную квітанцыйную кніжку, на якой той пісаў,— па царскім гербе i вадзяных знаках, распісаўся пад загадам. Пасля павярнуўся да камандзіра роты:
— Анечкін, разбярыце завал.
— А завал навошта разбіраць? — здзівіўся той.
— Разабраць завал!
3
Машыніст Уладзіслаў Плавінскі сядзеў на гарышчы будкі абходчыка i праз акенца сачыў, што робілася на раз'ездзе, дзе стаялі абрабаваныя немцамі браніраваныя платформы, застылыя, мёртвыя, i яго паравоз, жывы, цёплы... Яшчэ цёплы. Але калі за дзень нічога не адбудзецца i ўвечары яго не пусцяць на паравоз, то да раніцы гэта ўжо будзе не машына, а яшчэ адзін стальны нябожчык: замерзне вада, парве трубы. Мароз уначы градусаў пятнаццаць.
На раз'ездзе было ціха. Неслі варту тыя ж, знаёмыя ўжо, нямецкія салдаты. Не, не адны тыя. Салдат стала больш. I афіцэр другі. Ніхто з ix нікуды не адлучаецца, як раней. Усе гэтак жа насцярожана, як ён, Плавінскі, услухоўваліся ў гарматныя стрэлы ў Добрушы. Адгэтуль з гарышча, калі перайсці на другі бок i паглядзець у шчыліну падстрэшша, відно, дзе манеўруе нямецкі поезд i дзе рвуцца снарады. Чые снарады? Чым скончыцца бой? Хто пераможа?
Пазаўчора немцы лапаталі: «Мір, мір!» Дзе ж ён да д'ябла, той мір? Учора, як толькі адрамантавалі масток, з Гомеля прайшоў нямецкі браніраваны поезд i адразу ж у Добрушы загрымелі гарматы.
Ён, Плавінскі, не верыў у мір. Ён тры дні жыў спадзяваннем. Верыў: не могуць хлопцы пакінуць такі браняпоезд. Як рабілі яго ў майстэрнях! Дзень i ноч! Якое імя далі!
Ca сваім старым сэрцам, з астмай, ён нават не падумаў, каб бегчы за маладымі па полі, па снезе i раллі, калі нямецкі снарад разбіў масток i поезд не мог прарвацца на Добруш.
Ён, машыніст, застаўся на паравозе, як капітан на караблі, які тоне. Ашукаў немцаў. Зрабіў на ix уражанне. Стары, тоўсты чалавек, спакойна пыхкаючы люлькай з незвычайным пахучым тытунём (Плавінскі падсыпаў у тытунь шалфей i астматол) прывітаў пераможцаў на ix роднай мове. Паверылі немцы, што бальшавікі гвалтоўна мабілізавалі яго, бо не знайшлі іншага машыніста, хто мог бы павесці ix поезд.
Гаспадарлівасць яго таксама падабалася дбайным i ашчадным немцам. Машыніст папрасіў дазволу адрамантаваць свой пашкоджаны паравоз. Пашкоджанні былі невялікія. Наадварот, рамантуючы, Плавінскі сам некаторыя «хітрыя» вінцікі павыкручваў — на выпадак, калі немцам раптам прыйдзе ў галаву праверыць паравоз.
Галоўнае — не даць астыць катлу, каб можна было ў любы час, пашураваўшы ў топцы якую гадзіну, давесці ціск да таго ўзроўню, каб пацягнуць пяць платформ, закаваных у браню, набраць хуткасць.
Тры ночы правёў ён на паравозе, грэўся каля топкі. Удзень з сынам будачніка Валодзькам пілавалі прамасленыя шпалы, цягалі цурбакі ў паравозную будку. Шкадаваў вугаль, яго мала засталося. Была ў гэтым яшчэ дана хітрасць: паказаць нямецкім салдатам, што печы ў станцыйным будынку i ў цяплушках лепш паліць дрывамі, якіх тут хапае, а не вугалем, за якім яны спрабавалі лазіць у тэндэр.
Два дні Уладзіслаў Францавіч чакаў хлопцаў ці хоць бы вестачкі ад Басіна, ад Лагуна. Паводзіў сябе як дзіця, як той Валодзька, якога не адарваць ад машыны. Але хто мог прыслаць такую вестачку? Хто ведае, што ён тут, а не забіты немцамі? Ці не сядзіць даўно ў Гомелі, у сваім добрым на пяць пакояў доме па Сталярнай, пад крылом у пані Ядвігі, якая даўно клікала на яго галаву кару боскую за тое, што ён звязаўся з бязбожнікамі бальшавікамі. «Знайгаоў прыяцеляў — галадранцаў!» — крычала жанчына.
На трэці дзень ён паслаў да сваіх Валодзьку, з пісьмом да Басіна. Ад немцаў даведаўся, што фронт стаіць каля Добруша.
Сапраўды, ён, лысы дзед, паводзіць сябе, як хлапчук. Якое права меў ён без дазволу бацькоў пасылаць Валодзьку? Можа здарыцца, што на смерць паслаў дзіця. Чаму забраўся сюды, на гарышча, дзе пад бляшаным дахам сабачы холад, скразнякі? А ён i так прастуджаны, грудзі раздзірае кашаль. Адным словам, пан Уладзіслаў баіцца. У часе прыступу з яго грузнага цела выходзяць апошнія сілы, i яно робіцца, як мяшок з мякінай — мяккае, рыхлае, толькі з грудзей вырываецца паветра, як лішняя пара праз кантрольны клапан. Hi на што ён пасля прыступу не здатны — на нагах ледзьве стаіць, руку падняць не можа. A калі спатрэбіцца шураваць у топцы? Дзе там прыйдзецца! Ад таго, напэўна, i адчуў сябе так блага i на гарышча залез, як стары кот, што знікла надзея. Раніцай знікла, калі ўчарашні поезд зноў прайшоў на Добруш, везучы на платформах дзве добрыя роты салдат, i калі там, на ўсходзе, адкуль свяціла сонца, зноў забухалі гарматы.
Не, надзея знікла нават не тады. Пазней. Калі знаёмыя салдаты, з якімі ён, дабрак, амаль пасябраваў, прыйшлі i выгналі яго з паравоза. Адзін нават выцяў прыкладам у плячо. Лаяліся. Чаму? Што ім здалося падазроным? Але не арыштавалі. Піхнулі ў бок будкі. «Ідзі ідзі, стары».
Чаму ён забраўся сюды, на гарышча? Мог бы сядзець унізе, у памяшканні, грэць каля печы прастуджаныя грудзі. Ад страху? Дык не, не вельмі спалохаўся. Каб збаяўся, то не прынёс бы з будачнікавага хлеўчука, дзе схаваў яе ў першую ноч, вінтоўку. Зноў-такі, навошта яму тут вінтоўка? Па кім ён будзе страляць? Далібог жа, як хлапчук. Горш за Валодзьку. Яшчэ дзве вінтоўкі, пакінутыя на платформах, ён схаваў у тэндары, пад вуглём. Можа, з-за ix ён i залез на гарышча? Знойдуць немцы тыя вінтоўкі — возьмуць за штаны: навошта хаваў? Не, схаваўся ён сюды, бадай, не ад немцаў — ад гаспадыні. Добрая будачніца, якая карміла яго бульбай i нават салам, з учарашняга дня, калі невядома куды знік сын, глядзіць не надта ласкава — здагадваецца, што не без яго ўдзелу сышоў некуды Валодзька. Ад паравоза хлопца адарваць нельга было. «Чаму ж ты маўчыш, стары? — так, напэўна, думае маці,— Куды паслаў малога? Навокал жа вайна. Загіне дзіця».
Не, глядзець у вочы гаспадыні яму не сорамна. Скажа ён ёй, куды пайшоў Валодзька.
На гарышча ён палез, каб бачыць добра раз'езд, свой паравоз, бо з акна будкі не ўсё відаць. I, магчыма, каб здалёк убачыць сваіх, калі яны будуць наступаць.
Уладзіслаў Францавіч цяжка ўздыхнуў, набіў у люльку тытуню з шалфеем, высек крэсівам агеньчык. Уцягнуў пахучы дым. Лягчэй зрабілася дыхаць. Трасца на яе, на астму, гэтую, вось жа прычапілася, назола!
Падумаў: што яго, старога, хворага чалавека, якому даўно час на пенсію, пацягнула за бальшавікамі? Дзіўна, ад думкі такой зрабілася амаль весела. Сам пайшоў, сам папрасіўся, ніхто не ўгаворваў. Эх, як крычала пані Ядвіга! Лямантавала на ўвесь дом! Як, апусціўшы вочы, праходзілі міма некаторыя яго калегі — такія ж старыя машыністы. А яму хацелася паказаць ім услед кукіш. Такую дулю ён сунуў чатыры месяцы назад гомельскаму «Вікжэлю» Ліпкіну. Пасля таго як бальшавікі ўзялі ўладу ў Петраградзе, вікжэльцы крычалі i пагражалі агульнай забастоўкай. Ён, Плавінскі, не разабраўшыся яшчэ тады, што да чаго, быў за такую забастоўку: няхай усе, хто рвецца да ўлады, адчуюць сілу чыгуначнікаў. Што яны зробяць без машыністаў, дэпоўцаў, дыспетчараў, пуцейцаў?! Але калі той жа Ліпкін на другі дзень паклікаў яго, Плавінскага, i загадаў весці састаў да Віцебска... А перад гэтым у дэпо выступіў старшыня савета бальшавік Аеплеўскі i сказаў чыгуначнікам, што гэта за састаў такі — контррэвалюцыйны полк на дапамогу Керанскаму, які вядзе войскі на рабочы Петраград. Тады ён, пан Плавінскі, на якога спадзяваўся «Вікжэль», сунуў Ліпкіну прамасленую дулю — пад самы нос.
Уладзіслаў Францавіч успомніў, якія вочы зрабіліся ў вікжэльца, i ціха засмяяўся, ажно ў грудзях неяк пацяплела i кашаль адступіў.
A ў Добрушы добрая калатнеча ўшчалася. Гукаюць не асобныя стрэлы, а гарматы равуць, як валы на бойHi. Што гэта? Кулямёты ўжо чуваць? Машыніст кінуўся на другі бок падстрэшша, заглянуў у шчыліну. Выпускаючы ў яснае неба клубы дыму, на ўсёй пары да Ларышчава ішоў поезд. Яўна — немцы адступаюць, уцякаюць. Таму i кулямётная страляніна чуваць.