Арэф'еў убачыў, што хто-ніхто з камандзіраў, рэўкомаўцаў, людзей сталых, бывалых, усміхнуўся з такога катэгарычнага прысуду «зеллю». Яму таксама хацелася ўсміхнуцца, але ён падумаў пра іншае: ніхто не адказаў на яго пытанне. Няўжо гэтыя людзі супраць міру? Не можа быць. Яны ж добра ведаюць, што такое вайна. Яго думку як бы адгадаў Бахцін. Узяўшы бульбіну, перакінуў яе з далоні на далоню, падзьмуў i паклаў на стол. Сказаў:
— Не, таварыш, мы — за мір. Думаю, за гэтым сталом няма ніводнага чалавека, хто не хацеў бы міру. Колькі ў сёлах сірот, удоў! Мы ўчора начавалі ў вёсцы за Веткай. Сказалі людзям, што дагавор аб міры з немцамі падпісаны — сяляне плакалі. Ад радасці. Але, відаць, i ад гора. Хіба можа быць радасны мір для тых, у чые хаты нахабна ўваліўся чужы салдат? Вунь да Арла прыйшлі хлопцы з-пад Буды-Кашалёвай, расказваюць, як служкі нямецкага імперыялізму акружылі адну вёску i з гармат білі па жанчынах i дзецях...
Арэф'еў чуў пра нямецкія зверствы. Але нават імі нельга апраўдаць выступленне супраць міру. Яго абавязак — давесці гэта людзям...
— Мір патрэбны для перадышкі. Каб рэспубліка сабрала сілы...
— Усё гэта мы разумеем, таварыш,— цяжка ўздыхнуў хворы Куліненка; ён прастуджана кашляў, трымаў у далонях бульбіну i ўдыхаў гарачую пару.
— Трэба, каб арміі прымірыліся. Перадышка патрэбна, як хлеб i вада. Але народ, які скінуў з шыі свайго цара, які адчуў, што такое воля, не прымірыцца з кайзераўскімі акупангамі. Народ стыхійна ўзнімаецца на барацьбу...— упэўнена, як па пісанаму, гаварыў энергічны Бахцін; ён адзіны за сталом не адкусіў ні ад астылай бульбіны, ні ад скібкі хлеба, пакладзенага Калініным каля кожнага з гасцей, не зачэрпнуў драўлянай лыжкай капусты. Астатнія апетытна елі.
Бахціна перапыніў Грышалёў — падтрымаў:
— Немцы хочуць аддаць Гомельшчыну ўкраінскай радзе. Над гэтай маркай яны, канечне, палезуць у незанятыя яшчэ воласці, у ix жа дагавор з радай. Што ў такім разе нам рабіць?
Пытанне было нечаканае, i Арэф'еў не ведаў, як на яго адказаць. А па вачах усіх, хто сядзеў насупраць, ён бачыў, што ад яго чакаюць адказу. У Лагуна праз яго рабацінне вылазіла стоеная нядобрая ўхмылка. Складвалася недарэчнае становішча: выходзіла, што ён, камісар атрада, адзін супраць усіх, быццам перад ім не таварышы па партыі, a непрыяцелі. Нават разважлівы, вытрыманы Грышалёў i той вось як прыціснуў да сцяны!
— Думаю, што ў мірным дагаворы ўсё распісана.
— Дагавор немцы навязалі драпежны, імперыялістычны. Сам таварыш Ленін гаворыць пра гэта ў тэлеграме...
— Але ёсць i такая тэлеграма,— Арэф'еў меў на ўвазе прачытаць гамяльчанам начную шыфроўку з захаваннем ваеннай тайны, але тут дастаў паперу з кішэні фрэнча i перадаў Бахціну. Усе, хто сядзеў з другога боку стала, з цікавасцю пацягнуліся да паперы, акрамя аднаго барадатага дзядзькі — камандзіра Веткаўскага атрада; селянін гэты не ўмеў чытаць.
— Думаю, гэта таксама паслана па ўказанні Леніна. Ніякіх правакацый на лініі спынення агню!
Грышалёў, між тым, сам адказаў на сваё пытанне:
— Мы абвяшчаем сябе неадрыўнай часткай Расійскай Савецкай рэспублікі, i калі немцы палезуць у нашы воласці, будзем біцца за кожнае сяло. У маім атрадзе больш за сто штыкоў, у Калініна — каля сотні. Так, Андрэй? Такія ж атрады ў Насовічах, у Пераросце, у Васільеўцы. Мы выставім цэлую армію!
Перадаючы тэлеграму на другі бок стала, Бахцін сказаў Арэф'еву:
— Дарэмна трывожышся, камісар. Мы не збіраемся біць немцаў у лоб. Будзем біць у спіну. Бачыш, мы позна снедаем. Як паны. Чаму, думаеш? Трохі не да дня сядзелі, раіліся, спрачаліся. I вось вырашылі паслаць ад Гомельскага Савета такое пісьмо. Праўда, не прыйшлі яшчэ да згоды — каму. Пісалі камандуючаму фронтам. Але прапануюць паслаць таварышу Леніну. Тады прыйдзецца напісаць інакш. Яно не зусім яшчэ гатова. Але паслухай,— Бахцін з унутранай кішэні сваёй зашмальцаванай ватоўкі дастаў пацёрты вучнёўскі сшытак, разгарнуў яго, прачытаў: «Ва ўсіх канцах нашага павета, нават у самых глухіх, ідзе арганізацыя нартызанскіх атрадаў без кіраўнікоў, без сродкаў, без зброі. Ахопленыя нястрымнай прагай пометы ненавіснаму ворагу рэвалюцыі i свабоды, збіраюцца яны ў асобныя атрады, часта нават не звязаныя паміж сабой, i калі ix прадаставіць самім сабе, яны асуджаны на пагібель. Улічваючы ўсё гэта, мы, выканаўчы камітэт Гомельскага Савета рабочых i сялянскіх дэпутатаў, цвёрда рашылі стаць на чале стыхійнага народнага руху, надаць яму планамернасць, стройнасць, i тады поспех на нашым баку. Ваш загад аб спыненні баявых дзеянняў з немцамі ў межах Расійскай Федэрацыі Рэспублікі не можа аднесціся да нас, мы — партызаны, i таму Ваш загад нас не датычыць. Каб мы выканалі загад i не пайшлі за працоўнымі масамі, тады мы больш не рэвалюцыянеры.
Пройдзе некалькі дзён, пачнецца поўнае разводдзе, дарогі стануць непраходныя для немцаў — мы ж усюды пройдзем. Вас іменем рэвалюцыі просім не перашкаджаць, але калі немцы... паспрабуюць прарвацца на Закапыцце, дайце тады ім там з вашымі войскамі дастойны адпор» [1]
Пісьмо было занадта катэгарычнае i спачатку насцярожыла Арэф'ева. Але апошнія словы супакоілі. Ен разумеў, што гамяльчане сапраўды не збіраюцца партызаніць тут, на лініі міру. A хіба можна запярэчыць супраць таго, каб там, у тыле, пад немцамі гарэла захопленая імі зямля? Няхай адчуе кайзер.
— Што скажаш, масквіч? — пераможна спытаў Лагун, усё яшчэ настроены амаль варожа і, па ўсім відаць, гатовы кінуцца ў бой, калі ён, Арэф'еў, адкажа не тое.
— Магу падпісацца пад такім дакументам.
Лагун ударыў па стале кулаком, — ажно падскочылі амаль ужо апусцелыя міскі з-пад капусты.
— Нарэшце чую голас партыйца! А то мне здавалася, камісар, ты пагоны прымерваеш на свой фрэнч.
Крыўдна было салдату Арэф'еву, які чатыры месяцы назад зрываў пагоны ў афіцэраў, чуць такое, але задзірацца ён не стаў: лепей не чапаць такога маладога i гарачага! Не хапала яшчэ пасварыцца тут. Не да сваркі. Затрывожыла іншая думка: «Чаму кіраўнікі падполля выйшлі сюды, за лінію фронту? Навошта склікалі камандзіраў мясцовых атрадаў? Ці не хочуць яны зняць гэтыя атрады з фронту i павесці ў тыл?»
Хворы Куліненка, расчырванелы ад гарачай бульбы, весела бліснуў вачыма — зусім не пануры чалавек, выходзіць.
— Добра, камісар, што ты разумееш нас. Над пісьмом, канечне, мы яшчэ падумаем. Калі Берзіну ці Мяснікову — можна i так. Калі ж таварышу Леніну — так нельга: «просім не перашкаджаць...» Ленін заклікаў да партызанскай барацьбы. Яшчэ калі былі ў Гомелі, нам з Віцебска перадалі копію тэлеграмы за подпісам Леніна: «Разбірайце пуці — дзве вярсты на дзесяць. Узрывайце масты!» Помніш, Міхаіл? Во што раіць Ленін!
— Адным словам, да цябе, таварыш Арэф'еў, адна просьба: перадаць наша пісьмо. Тэлеграф у тваіх руках,— сказаў Бахцін, дапісваючы нешта ў пісьме кароценькім алоўкам, аловак ён паслініў, i на губе яго засталася фіялетавая плямка.
— Пісьмо перадамо. Але нам... усім нам трэба зразумець, што галоўная сіла, якая цераз паўгода — год пагоніць немцаў,— Чырвоная Армія, што ствараецца па дэкрэту Саўнаркома. Часці старой арміі дэмабілізуюцца, штабы распускаюцца, дырэктыву вы ведаеце. Ядро новай рэвалюцыйнай арміі — нашы атрады, чырвонагвардзейскія. I чым хутчэй i больш ix стане кадравымі часцямі...
Арэф'еў убачыў, што гамяльчане пераглянуліся паміж сабой. Значыцца, чуццё яго не падвяло: была ў ix размова пра атрады, напэўна, спрачаліся нават.
— Атрады, Ягоравіч, застануцца,— першы адгукнуўся Арол,— Вы называеце сябе палком. Маіх хлопцаў прынімайце як батальён. Якраз жа набярэцца добры батальён.
[1] З заявы выканкома Гомельскага Савета галоўнакамандуючаму Заходнім фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй P. I. Берзіну: Берзін накіраваў заяву ў Савет Народных Камісараў з наступнай прыпіскай: «Даводжу да ведама ўсіх, што тут размова ідзе аб тылавых партызанскіх атрадах, якія мне не падначалены, i за ix дзеянні адказваць не магу».