— Заходзь, заходзь, герой! — крыкнуў Іван Свірыдавіч; калі я пераступіў парог, спытаў: — Радуешся?
Не помню, што адказаў, мабыць гмыкнуў ці кіўнуў галавой.
— Дурань ты цёмны,— сказаў сярдзіта салдат,— A падумаў ты, што гэта можа дзядзьку твайго пад шыбеніцу падвесці? Прачытаюць немцы — i будзе твой крыж яму крыжам надмагільным.
— Немцы ж па-нашаму не разумеюць,— азваўся нейкі салдат-прасцячок.
— Галава дубовая! Не разумеюць! Ёсць такія, што спецыяльна сядзяць на нашых газетах. Разведка. Што мы пішам пра ix, пра сябе. Скажы дзякуй, што ў некага зварыла-такі галава не напісаць, з якой ты вёскі. «Патрыёты», сукіны сыны! Пра сябе толькі думаюць! — вылаяўся Іван Свірыдавіч, i зноў да мяне: — А цяпер раскажы, як ротмістр цэлую батарэю знішчыў.
Салдаты засмяяліся. Тады я зразумеў, што ў газеце апісаны той начны наш паход, пра які на другі дзень я расказваў тут, у гэтай зямлянцы, праўду.
Расказваць зноў я не мог. Вельмі ўразілі мяне словы пра дзядзьку. Ашаламілі. Даверліва, па-дзіцячы спытаў я ў Івана Свірыдавіча:
— Што ж цяпер рабіць, дзядзечка?
Зразумеў салдат, што мне не да смеху. Ды i не адзін ён разумеў.
— А што ты зробіш? Як кажуць, бог не выдасць — свіння не з'есць. Фронт вялікі. На якім участку ты перайшоў — не напісалі. Я ж кажу — дзякуй ім хоць за гэта.
Выйшаў я з зямлянкі з сумным настроем. Вылез з траншэі пад сосны, не думаючы пра кулі; сосны былі пашчапаны кулямі. Доўга стаяў, не зважаючы на дождж. Углядаўся за фронт, у дажджавую імглу, туды, дзе асталіся родныя людзі. Уявілася жудасная карціна: перад царквой у Ліпунах — шыбеніца, у пятлі — дзядзька. Не, не мёртвы — жывы. I вочы яго, вусны просяць: «Ратуй мяне, Піліпок!» Але юнацкая фантазія багатая. Тут жа — іншы прывід. Газета трапіць не немцам. Газета трапіць дзядзьку. Ён прынясе яе дадому... А гюгым думкі паляцелі ў другі бок. Газету чытае бацька. Не, бацьку паклікаў ужо генерал: «Дзякую табе, Рыгор Жменька, за сына. Будзеш ты камандаваць батальёнам. А цяпер ляці ў 117 полк i забяры сына».
Прыходжу ў бліндаж — а там бацька, у афіцэрскіх пагонах, за адным сталом з Залонскім. «А вось i герой ваш!»
Так гэта ўявілася, што на нейкі момант паверылася, нібы сапраўды бацька прыехаў. Вярнуўся ў бліндаж — а там іншае. Адчыніў дзверы — i зноў пачуў смех, гэтакі ж, як у салдацкай зямлянцы. Смяяўся прапаршчык Дакука, трымаючы газету. Ротмістр Ягашын кінуўся да яго.
— Вам чаму смешна, прапаршчык? З чаго смеяцеся? З Указа гасудара? З патрыятызму народу?
— Я смяюся ад радасці за вас, пан ротмістр,— сур'ёзна адказаў прапаршчык i прачытаў вершы:
— И вечный бой! Покой нам только снится. Сквозь кровь и пыль...
Афіцэры прыціхлі, быццам няёмка зрабілася ім. Дакука чытаў яшчэ нешта, чаго я не запомніў. Але чары вершаў кончыліся, больш ніхто не слухаў — рыхтавалі стол на святочнае снеданне. Ён, Дакука, сярод людзей зноў быў адзін, як у тую ноч, калі мяне ўпершыню прывялі ў бліндаж. Цяпер я разумеў прапаршчыка, бо часам i сам аставаўся вось такім адзінокім сярод гэтых людзей. Hi віно, ні яда яго не цікавілі. Доўгі, нязграбны, ён сядзеў у кутку i ціха-ціха кранаў струны гітары; яны не спявалі — жаласна стагналі. Мяне ўбачыў не адразу, хоць я i круціўся тут, зноў падхоплены хваляй афіцэрскай радасці, зноў забыўшыся на размову ў салдацкай зямлянцы. Убачыў мяне Дакука — здзівіўся чамусьці.
— Гэта ты — вялікі патрыёт?
Зноў насцярожыліся паны афіцэры. Але прапаршчык зноў прачытаў вершы, здалося мне, знаёмыя — як песня, якую спявалі ў нас:
«А когда ж мне, дитятко, Ко двору тебя ждать?» «Уж давай мы как следует Попрощаемся, мать».
I дадаў:
— Жыві, атроча. Я вып'ю за цябе.
Але выпіць яму не далі. Раптам узлаваўся Залонскі, пачырванеў, ціха-ціха, нібыта спакойна, але рашуча загадаў Дакуку пайсці змяніць дзяжурнага афіцэра Антонава, спевака, выпіваку, рагатуна.
Прапаршчык не сказаў ні слова, здалося мне — пайшоў ахвотна, аднак усё адно стала шкада яго: паспрабуй пад такім дажджом пасядзець у акопах! Калі дзверы за ім зачыніліся, нехта сказаў:
— Белая варона.
Але ніхто не падтрымаў: ці таму, што прысутнічалі мы — дзеншчыкі, кухар — ці таму, што ніхто з паноў не хацеў лічыць сябе чорнымі варонамі.
«Прайшоў агонь, ваду, медныя трубы». Кажуць, прайсці медныя трубы — гэта прайсці цераз славу, самае цяжкае выпрабаванне. Была ў мяне слава, пазней, у сталыя гады, сапраўдная, заслужаная. Ды ніколі ўжо так не кружылася галава, як закружылася тады, у чатырнаццаць гадоў. Не, не ў той дзень, калі прыйшлі газеты i афіцэры запівалі царскія ўказы. У той дзень на мяне не звярталі ўвагі: павіншавалі — i забыліся. У той дзень у мяне больш смутку было, бо адчуваў я сябе адзінокім, як той прапаршчык Дакука. I раздвоеным: хацелася пайсці да Івана Свірыдавіча, да салдат, але чамусьці было боязна, праўду баяўся пачуць, ці што. Чалавек часам цягнецца да праўды i баіцца яе.
У славу я акунуўся на трэці дзень. I панесла мяне, браткі, за воблакі.
Залонскі зноў павёз у мястэчка, у штаб дывізіі. Там доўга круцілі мяне ажно тры вайсковыя краўцы i да вечара скроілі мундзірчык — парадны, як належыць георгіеўскаму кавалеру. Пасля ўсе разам — Шувалаў, Залонскі, Ягашын, афіцэры ca штаба — паехалі на конях да станцыі, адтуль цягніком — у Мінск. Упершыню ехаў я па чыгунцы, бо ад нас яна далека — вёрст сорак. Ужо ад аднаго гэтага галава кружылася.
А пасля — Мінск з гмахамі, якія вясковаму хлопцу здаліся бог ведае якімі вялікімі, з конкай, з такім мноствам людзей, што ўвесь горад здаўся вялізным кірмашом. Колькі паноў у капелюшах! Колькі паняў i паненак у футрах! I вайскоўцаў — больш, чым на фронце. Здзівіла, помню, мноства міласэрных сясцёр. Усіх жанчын у форме я лічыў тады за сясцёр, пазней даведаўся, што большасць з ix аціраюцца ў розных штабах ды камітэтах.